Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Проста хочуць зьменшыць падтрымку, і ўсё». Што кажуць шматдзетныя бацькі аб прапанове ўлады зьмяніць сыстэму дапамогі


Аляксандар Лукашэнка на дзіцячым навагоднім сьвяткаваньні, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка на дзіцячым навагоднім сьвяткаваньні, архіўнае фота

Амаль год Аляксандар Лукашэнка гаворыць пра зьмяншэньне дапамогі шматдзетным. Маўляў, «прапіваюць грошы». Спыталіся ў шматдзетных маці, як ім жывецца на грошы, атрыманыя ад дзяржавы.

У верасьні 2023 году Аляксандар Лукашэнка зноў загаворвае пра «ўдасканальваньне» сыстэмы дапамогі шматдзетным сем’ям. Галоўная ідэя — зрабіць так, каб «грошы, якія дзяржава перадае дзецям, даходзілі да дзяцей».

Тады Лукашэнка заявіў, што трэба вызначаць сем’і, якія «сапраўды маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы». І ён хоча бачыць, хто гэтыя людзі, а то гэта могуць быць «алкашы, якія атрымаюць дапамогу і прап’юць».

Да гэтага пытаньня ён вярнуўся праз тыдзень, у кастрычніку 2023 году. Тады ён разгарнуў сваю думку тэзісамі, што варта арганізаваць кантроль за мэтавым выкарыстаньнем дапамогі шматдзетным, сярод якіх ёсьць такія, дзе «бацькі вядуць асацыяльны лад жыцьця, злоўжываюць алькаголем».

«Каб гэтыя ашалелыя бацькі не атрымлівалі грошы на рукі, калі яны гэтага не заслугоўваюць. Дый грамадзтва абураецца — каму мы плацім?», — заявіў Лукашэнка.

13 чэрвеня 2024 году кіраўнік дзяржавы зноў закрануў тэму дапамогі шматдзетным сем’ям, чарговы раз запатрабаваў «удасканаліць сыстэму падтрымкі шматдзетных сямей», каб «выключыць выпадкі злоўжываньня з боку бацькоў». Адпаведнае даручэньне ён даў новапрызначанай міністарцы працы і сацыяльнай абароны Натальлі Паўлючэнцы.

«У нас шмат сямей шматдзетных, якіх да рубля нельга падпускаць. Гэтыя грошы да дзяцей не даходзяць: іх прапіваюць ці яшчэ неяк», — выказаўся ён і прапанаваў усталяваць «бар’ер і крытэрыі», каб данесьці грошы да дзяцей.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рэакцыя чыноўнікаў

Ужо праз тры дні пасьля выступу Лукашэнкі, 16 чэрвеня, новая міністарка працы і сацыяльнай абароны Натальля Паўлючэнка заявіла пра скарачэньне праграмы дапамогі шматдзетным сем’ям. Цяпер сямейны капітал будзе давацца ня ўсім.

«Сродкі сямейнага капіталу ня будуць давацца ў сем’і, дзе бацька не працуе ці сям’я знаходзіцца ў сацыяльна-небясьпечным становішчы», — заявіла новая міністарка.

Паводле яе, над такімі сем’ямі будзе замацаваны «сацыяльны патранат» і штотыднёвае назіраньне.

З траўня 2024 году сямейны капітал ня плацяць тым бацькам, дзе бацька прызнаны «дармаедам» (у тым ліку калі ён працуе ў «недружалюбнай» краіне) і калі сям’я мае катэгорыю «сацыяльна небясьпечнай».

Што на гэта ўсё кажуць шматдзетныя маці

Беларуска Марына (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) кажа, што яна ў шоку ад выказваньняў Лукашэнкі пра тое, што многія шматдзетныя прапіваюць грошы. Марына тлумачыць, што нельга прапіць тое, чаго ты ня маеш. Бо шматдзетныя сем’і дапамогу на дзяцей атрымліваюць, як і тыя, хто мае аднаго ці дваіх дзяцей, толькі да 3 гадоў.

«Пасьля ніякіх грошай, маю на ўвазе — на рукі, каб можна было прапіць, ніхто ня бачыць. І нам проста надакучыла ўсім тлумачыць, што ня маем мы грошай наяўных, якія можна вось так змарнаваць на нешта сваё, не на дзяцей», — кажа Марына.

Па яе словах, адзіныя «жывыя» грошы, якія тэарэтычна можна прапіць, гэта аднаразовая дапамога шматдзетным сем’ям на збор дзяцей у школу. Яна даецца перад верасьнем і складала ў мінулыя гады ад 90 да 120 рублёў.

«Ня варта і казаць, што за такія грошы немагчыма сабраць дзіця ў школу», — скардзіцца Марына.

Яшчэ адна льгота для шматдзетных сем’яў у Беларусі — 50-працэнтная аплата за дзіцячы садок і бясплатнае харчаваньне ў школе.

«Калі б палічыць тыя грошы за харчаваньне ў школе ў тым сэнсе, каб я сама плаціла, то на гэта, папраўдзе, мяне ішла б палова заробку. Дык тут пытаньне: ці харчаваньне дарагое, ці ў мяне заробак мізэрны», — зазначае Марына.

Яна згадвае і сямейны капітал, з дапамогай якога можна палепшыць жыльлёвыя ўмовы, патраціць гэтыя грошы на адукацыю ці лячэньне дзіцяці.

«Але, па-першае, капітал даюць толькі тым, у каго дзеці нарадзіліся пасьля 2015 году, у маім выпадку гэта ня так. І другое — гэтыя грошы нельга вось так узяць і прапіць, як той кажа. Гэта мэтавыя грошы, гэта ня выплаты на рукі», — тлумачыць суразмоўца.

Ня так усё проста і зь «бясплатным жытлом» для шматдзетных. Марына кажа, што перад тым, як стаць шматдзетнымі, яны з мужам мелі сваю двухпакаёвую кватэру. Пералічыўшы «мэтры на чалавека», чыноўнікі прыйшлі да высновы, што шматдзетныя бацькі маюць права на крэдыт на 40 гадоў пад 1% на аднапакаёвую кватэру.

«Але гэта ж не было бясплатна. Мы аддалі кучу грошай — на першапачатковы ўзнос, потым за праект, за камунікацыі, даводзілася браць хутка грашовыя крэдыты ў іншых банках, каб унесьці гэтыя грошы на „бясплатную“ кватэру. Калі ж будзеш хоць два лішнія квадратныя мэтры мець у той кватэры — цэны адразу стануць касьмічнымі», — кажа Марына.

Паводле яе, такую кватэру нельга здаваць у арэнду. Пасьля таго, як бацькі выплацяць крэдыт, яны мусяць прыватызаваць жыльлё і 5 гадоў ня маюць права праводзіць зь ім хоць якія апэрацыі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Муж не працуе на поўную стаўку — дапамога «не паложана»

Муж Марыны, як кажа суразмоўца, атрымаў інваліднасьць, таму ня змог далей працаваць на поўную стаўку. Яна сама працавала ў бюджэтнай арганізацыі і мела малы заробак. Таму, улічваючы цяжкае матэрыяльнае становішча, вырашыла зьвярнуцца па дапамогу ў тэрытарыяльны цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва.

«Але я нават ня ведаю, якім крытэрам трэба адпавядаць, каб атрымаць там дапамогу. Бо мне заявілі, што мой муж мусіць працаваць на поўную стаўку і няма ў мяне, маўляў, паперкі, што ён мае права працаваць на палову стаўкі, і што ён мусіць забясьпечваць сям’ю. Ягоная інваліднасьць нікога не хвалявала», — тлумачыць суразмоўца.

У выніку яна дабілася матэрыяльнай дапамогі, але толькі на сябе і дзяцей.

«І прыслалі паперку наўздагон, што калі муж ня будзе працаваць на поўную стаўку, больш дапамогі не дамо. Але каб ён мог працаваць на поўную стаўку, то я б не прасіла ў вас дапамогі!», — кажа Марына.

Яна лічыць, што папрокі Лукашэнкі ў адрас шматдзетных — папулізм. І робяцца, каб дыскрэдытаваць іх і настроіць людзей супраць шматдзетных сямей.

Сямейны капітал

Маці чатырох дзяцей Вікторыя кажа, што сама з мужам дбала пра паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Калі ж сям’я атрымала сямейны капітал і хацела ім скарыстацца, каб пабудаваць большую кватэру — ім адмовілі ў адміністрацыі раёну.

«Патлумачылі, што мы будавалі кватэру самі, без накіраваньня ад адміністрацыі раёну. Значыць, нельга скарыстацца сямейным капіталам. Я абурылася і прывяла прыклады, што ў Менску за сямейны капітал людзі набывалі нават старыя, няновыя кватэры. У адміністрацыі загадкава ўсьміхнуліся і сказалі: «Ну, гэта ж Менск», — узгадвае Вікторыя.

Ёй прапанавалі будаваць за льготны крэдыт аднапакаёвую кватэру. Але такая прапанова сям’ю з чацьвярымі малымі дзецьмі не задаволіла.

«І ніякіх варыянтаў — ці будуйце аднапакаёвую, ці нічога зусім», — дадала Вікторыя.

Яна кажа, што як шматдзетная маці мела яшчэ зьніжку ад «Эўраопту» — 5% на пакупкі. І грошы раз на год на збор дзяцей у школу.

«Але там капейкі, за якія дзяцей не зьбярэш у школу. Харчаваньне ў нас ва ўсіх дзяцей бясплатнае, бо „чарнобыльская зона“. Больш мы ня маем ніякіх там грошай, дапамогі ці льготаў», — кажа суразмоўца.

Што з дапамогай «на дзяцей» у суседзяў

Суседнія зь Беларусьсю краіны Эўразьвязу Літва і Польшча таксама маюць свае праграмы падтрымкі бацькоў і дзяцей.

У Літве ў 2024 годзе «дзіцячыя» грошы павялічыліся на 10 эўра і склалі 96 эўра на дзіця. Грашовая падтрымка для шматдзетных ці сямей, дзе дзіця мае інваліднасьць, склала 152 эўра. Існуюць праграмы крэдытаў зь нізкай стаўкай для маладых сямей.

У Польшчы на кожнае дзіця зь вясны 2024 году выплачваюць 800 злотых (650 беларускіх рублёў). На падрыхтоўку да школы кожнае дзіця мае 300 злотых (243 беларускія рублі).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG