Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Рыжанкоў наведвае Этыёпію, аб’ём гандлю зь якой складае каля 1,5 мільёна даляраў


 Міністры замежных справаў Беларусі і Этыёпіі Максім Рыжанкоў і Гедыён Тыматывос
Міністры замежных справаў Беларусі і Этыёпіі Максім Рыжанкоў і Гедыён Тыматывос

Міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў наведвае Этіёпію, паведамляе прэс-служба ведамства.

Ён ужо правёў перамовы з кіраўніком МЗС краіны Гедыёнам Тыматывосам.

«У фокусе ўвагі практычныя крокі ўмацаваньня ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, рэалізацыя сумесных інавацыйных праектаў у шырокім спэктры кірункаў, гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеяньне з акцэнтам на вытворчую каапэрацыю», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МЗС Беларусі.

Тэрмінаў візыту не называюць.

Дыпляматычныя адносіны Менск і Адыс-Абэба ўстанавілі ў 1994 годзе. У краіне па сумяшчэньні акрэдытаваны беларускі пасол у Кеніі.

Паводле зьвестак МЗС, узаемны таваразварот у 2021 годзе склаў 1,3 мільёна даляраў. Больш актуальных зьвестак на сайце беларускага замежнапалітычнага ведамства няма, піша Позірк.

Як піша МЗС Беларусі, у выніку перамоваў бакі пагадзіліся актывізаваць працу над дарожнай мапай супрацоўніцтва, якую плянуецца падпісаць на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў.

«Асаблівую ўвагу бакі надалі супрацы ў аграрнай сфэры, ішла гаворка, што мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі Этыёпіі з выкарыстаньнем беларускіх тэхналёгіяў і тэхнікі, уключаючы арганізацыю зборачных вытворчасьцяў і рыхтаваньне кадраў на базе беларускіх навучальных установаў, адкрые новыя пэрспэктывы для ўзаемавыгаднага партнэрства.

Міністар Рыжанкоў таксама запрасіў этыёпскі бізнэс больш актыўна наведваць беларускія тэматычныя выставы, у тым ліку „Белагра-2025“. У гуманітарнай сфэры дасягнулі дамоўленасьці аб правядзеньні ў Этыёпіі Дзён беларускай культуры, адукацыі і спорту».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG