Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэжым Лукашэнкі парушае правы дзяцей. Погляд палітыкаў, лекараў і праваабаронцаў


Канфэрэнцыя «Правы дзяцей у Беларусі ва ўмовах сацыяльна-
палітычнага крызісу», 27 чэрвеня 2024, Вільня
Канфэрэнцыя «Правы дзяцей у Беларусі ва ўмовах сацыяльна- палітычнага крызісу», 27 чэрвеня 2024, Вільня

У Вільні прайшла канфэрэнцыя «Парушэньні правоў дзяцей беларускай дзяржавай».

Абмеркаваньне вострых праблем зладзілі праваабарончая ўстанова «Лекары за праўду і справядлівасьць» і Сейм Літвы ў партнэрстве з «Народным антыкрызісным упраўленьнем» і Беларускім Хэльсынскім камітэтам.

27 чэрвеня ў Інфармацыйным цэнтры Сейму Літоўскай Рэспублікі сабраліся беларускія грамадзкія актывісты, праваабаронцы, журналісты беларускіх і літоўскіх мэдыя. Літоўскі бок прадстаўляла дэпутатка Сейму Літвы, сябра камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Давіне Шакілене.

Давіне Шакалене
Давіне Шакалене

Мэта размовы — пашырыць інфармацыю пра парушэньні рэжымам Аляксандра Лукашэнкі правоў дзяцей, прычым ня толькі беларускіх, але і ўкраінскіх. Пра намаганьні прыцягнуць да адказнасьці за гэтыя парушэньні расказаў на пачатку канфэрэнцыі празь відэасувязь намесьнік кіраўніка «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», сябра Каардынацыйнай рады Арцём Брухан.

«Лукашэнка асабіста ўхваліў праграму, паводле якой украінскіх дзяцей прывозілі ў Беларусь»

Паводле Арцёма Брухана, за час вайны ва Ўкраіне каля 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей праз Расею завезьлі ў Беларусь і разьмясьцілі на розных лячэбных аб’ектах, у тым ліку ў лягеры «Дубрава» вытворчага аб’яднаньня «Беларуськалій». Праграма «рэабілітацыі ўкраінскіх дзяцей», як яе называюць афіцыйныя колы Беларусі, праводзілася праз фонд, якім кіруе паралімпіец Аляксей Талай, і фінансавалася зь бюджэту «саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі». Паводле зьвестак «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», толькі ў пэрыяд з восені 2022 па травень 2023 году гэтак у Беларусі пабывала 1050 дзяцей з захопленых Расеяй рэгіёнаў Украіны.

«Рашэньне было падтрымана „саюзнай дзяржавай“ і асабіста Лукашэнкам», — расказаў удзельнікам канфэрэнцыі Арцём Брухан.

Гэтую праграму праваабаронцы называюць «выкраданьнем украінскіх дзяцей». Як кажа Арцём Брухан, акрамя фонду Аляксея Талая ўдзел у ёй на тэрыторыі Беларусі браў і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — праўладная моладзевая арганізацыя, спадкаемца былога беларускага камсамолу. Актывісты БРСМ удзельнічалі ў мерапрыемствах, скіраваных на перавыхаваньне юных украінцаў, мяркуе Брухан.

«Там заўсёды дамінавала тэматыка „русского мира“, дзеці апынуліся пад уплывам пракрамлёўскай прапаганды, мэта якой — сьціраньне іх украінскай ідэнтычнасьці», — казаў Арцём Брухан.

Як доказ палітык спаслаўся на арганізаваныя беларускім бокам сустрэчы дзяцей з актывістамі прарасейскага клюбу байкераў «Начныя ваўкі», а таксама на канцэрт з удзелам беларускіх сьпявачак сёстраў Грузьдзевых. Адна зь іх са сцэны гучна вымавіла: «Каб Байдэн здох, каб Зяленскі здох, а Пуцін каб квітнеў і кіраваў Украінай», — нагадаў Брухан.

Паводле Арцёма Брухана, «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» працягвае дакумэнтаваць злачынствы беларускага рэжыму супраць украінскіх дзяцей.

«Цяпер беларускія ўлады камуфлююць свае дзеяньні, яны пачалі казаць, што ўсё рабілі з дазволу бацькоў альбо патрэбных органаў. Але гэта толькі пацьвярджае іх разуменьне, што яны рабілі злачынствы і хочуць пазьбегнуць адказнасьці. Таму мы працягваем зьбіраць доказы для перадачы іх у Міжнародны крымінальны суд. Нам актыўна дапамагае Ўкраіна, дзе па факце незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь заведзеная крымінальная справа», — паведаміў Арцём Брухан.

«Школа як інструмэнт ідэалёгіі рэпрэсій»

Праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Кацярына Дзяйкала падзялілася высновамі адносна парушэньня беларускім рэжымам правоў дзяцей — ня толькі ўкраінскіх, але і беларускіх. У асобную катэгорыю, паводле Кацярыны Дзяйкалы, варта занесьці дзяцей тых беларусаў, якія з 2020 году падпалі пад рэпрэсіі за свае палітычныя погляды і ўдзел у пратэстах.

«Але ёсьць яшчэ адна катэгорыя — проста беларускія дзеці, якія ходзяць у школу. Між тым простая школа таксама ператварылася ў інструмэнт рэпрэсій, толькі ідэалягічных», — мяркуе праваабаронца.

Паводле Кацярыны Дзяйкалы, варта гаварыць пра масавае парушэньне беларускай дзяржавай права дзяцей на адукацыю без ідэалягічнага складніку: «Навучаньне стала такім: думай толькі гэтак, альбо пойдзеш у турму». На думку праваабаронцы, ідэалягічны складнік у адукацыі дасягнуў піку ў 2020 годзе, а на пачатку 2022-га, пасьля нападу Расеі на Ўкраіну, падскочыў яшчэ вышэй.

Кацярына Дзяйкала
Кацярына Дзяйкала

«Адбылася падмена такога паняцьця, як патрыятызм. Цяпер гэта ня проста любоў да Беларусі як роднай краіны, а найперш паказьнік ляяльнасьці дзейнай уладзе», — кажа праваабаронца і адзначае, што гэтыя зьмены ўжо адлюстраваныя ў афіцыйных дакумэнтах: спачатку ў Кодэксе аб адукацыі быў пастаўлены знак роўнасьці паміж патрыятызмам і дзяржаўнай ідэалёгіяй, потым у перапісанай Канстытуцыі патрыятызм зрабілі грамадзянскім абавязкам, а цяпер ужо кажуць, што патрыятызм — гэта падпарадкаваньне асабістых інтарэсаў агульнадзяржаўным.

Кацярына Дзяйкала сьцьвярджае, што навучальныя праграмы ў Беларусі ўжо ўзгадняюцца з КДБ ды іншымі сілавымі структурамі, і заўважае, як зьмяніліся пляны мерапрыемстваў, па якіх жывуць навучальныя ўстановы. У іх усё больш прапагандысцкіх і праваенных акцый, на якіх апраўдваюць вайну і сілавыя захады, а з эўрапейскіх краінаў, асабліва заходніх суседзяў Беларусі, фармуюць вобраз ворага. На акцыях, якія сталі абавязковымі ў школах, дамінуе ідэалёгія «русского мира», адзначыла праваабаронца БХК і дзеля прыкладу расказала пра сярэднюю школу ў Рэчыцы, дзе ў якасьці падарунка для школьнай экспазыцыі прынялі кувалду — дакладна такую, якой вагнэраўцы забівалі людзей. Яшчэ ў адной школе краіны для дзяцей зладзілі вечарыну памяці расейскага прапагандыста вайны, які загінуў ад выбуху бомбы.

Другой характэрнай прыкметай сёньняшняй сыстэмы адукацыі ў Беларусі Кацярына Дзяйкала назвала дыскрэдытацыю нацыянальнага складніку патрыятычнага выхаваньня.

Паводле праваабаронцы, у школах сьвядома зьневажаюць гістарычныя сымбалі Беларусі — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг.

«Праз падман іх атаясамліваюць з фашызмам і ў такім выглядзе закладаюць дзецям у галовы. Апошні прыклад: калі расказваюць пра генацыд беларускага народу падчас Айчыннай вайны, дык проста параўноўваюць фашыстаў з пратэстоўцамі 2020 году. Гэта пішацца ў падручніках для сярэдняй школы, ілюструецца адпаведным падборам фатаздымкаў!» — абурылася Кацярына Дзяйкала.

«Важна разумець, што гэта ня проста ідэалёгія. Гэта працэс перавыхаваньня, які ахоплівае ўсіх дзяцей-школьнікаў. Разбураецца сьветапогляд, заснаваны на паняцьці гуманізму. Гэта ня толькі нанясе вялікую шкоду дзіцячай псыхіцы, але можа паставіць пад пытаньне будучыню ўсяго народу», — занепакоеная праваабаронца.

Грамадзкая актывістка Вольга Зазулінская падчас дыскусіі расказала, спаслаўшыся на крыніцу ў Беларусі, як падчас прыёму маладых спартоўцаў у зборную каманду патрабуюць цалаваць дзяржаўны сьцяг і даваць клятву вернасьці. На думку актывісткі, такая практыка шмат каму з маладых спартоўцаў можа нанесьці псыхалягічную траўму.

«Плаціць за наступствы будуць нашы нашчадкі»

Наступствы парушэньня правоў дзяцей з пункту гледжаньня псыхалёгіі прааналізавала дзіцячы псыхоляг, актывістка ўстановы «Лекары за праўду і справядлівасьць» Вольга Вялічка. Былая загадчыца дзіцячага госьпісу ў Горадні, Вольга Вялічка мяркуе, што беларуская дзяржава ў апошнія тры гады значна павялічыла ўмяшаньне ў справы беларускіх сем’яў, і ня толькі тых, у якіх бацькі ўдзельнічалі ў пратэстах. Паводле Вольгі Вялічкі, у Беларусі не паменела выпадкаў, калі такім бацькам пагражаюць тым, што забяруць дзяцей у прытулак ці нават пазбавяць іх бацькоўскіх правоў.

«Бацькоў шантажуюць дзецьмі, дзяцей палохаюць бацькамі. Увогуле, наступ дзяржавы на сям’ю як інстытут працягваецца», — мяркуе Вольга Вялічка. У 2023 годзе, паводле яе дадзеных, 23 706 дзяцей былі ўнесеныя ў сьпісы тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. «Рэзкі рост! А галоўнае, што прапануюць міліцыянты гэтым бацькам? Калі вы ня можаце забясьпечваць сваіх дзяцей, дык мы іх забяром ад вас, хай выхаваньнем займаецца дзяржава ці праваслаўны манастыр. І гэта ня проста заявы — яны ўжо лабіююць такі закон. Гэта сьведчыць, што дзяржава і далей плянуе ўмешвацца ў выхаваньне. Але плаціць за наступствы будуць нашы нашчадкі», — мяркуе Вольга Вялічка.

Кніга Вольгі Вялічка Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме»
Кніга Вольгі Вялічка Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме»

Дзіцячы псыхоляг Вольга Вялічка адзначыла небясьпечную тэндэнцыю, якую яна назірае ў сучасных беларускіх дзецях: цяперашняя сыстэма адукацыі, на думку актывісткі, адвучвае дзяцей самастойна думаць, самім прымаць рашэньні і несьці адказнасьць за свой выбар.

«Старонка не перагорнутая ня толькі ў дарослых, але і ў дзяцей. Зь мінулым у галовах дзяцей адбываюцца больш складаныя рэчы, чым падаецца дарослым. Беларускія дзеці, як у Беларусі, гэтак і тыя, хто апынуўся з бацькамі за мяжой, пачалі ўспрымаць рэпрэсіі як норму. І гэта вельмі небясьпечна», — папярэджвае дзіцячы псыхоляг Вольга Вялічка.

Вольга Вялічка
Вольга Вялічка

Лекарка раіць бацькам у размовах зь дзецьмі не пазьбягаць палітычных тэмаў, увогуле больш зь імі камунікаваць як з дарослымі людзьмі. Адмысловая парада ад Вялічкі для тых, хто апынуўся зь дзецьмі ў эміграцыі: паклапаціцеся пра трывалыя кантакты сваіх дзяцей зь сябрамі ў Беларусі. Такія кантакты карысныя ня толькі для дзіцячай псыхікі, але і для сьветапогляду тых, хто жыве дома, пад уплывам дзяржаўнай прапаганды.

«У нас у Беларусі бяда: усе добрыя людзі ў турме»

Вольга Вялічка ня толькі лекарка і актывістка пратэставага руху. Цягам двух гадоў яна зьбірала матэрыял і пісала кнігу, якую прэзэнтавала пасьля канфэрэнцыі аб правах дзяцей. Назва кнігі — «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме». У ёй сабраныя размовы аўтаркі зь дзецьмі рэпрэсаваных. Ня толькі дзіцячыя ўспаміны пра рэпрэсіі, але і пераказы сноў, мар, казак, якія напісаныя дзіцячай рукой, каб перажыць траўму. Ёсьць сярод сабраных пэрлінак дзіцячай непасрэднасьці большыя расповеды, як ад дзесяцігадовай Веранікі, якая расказала, як яе маму забіралі ў турму. А ёсьць кароткія, усяго ў некалькі радкоў, але сапраўдныя эсэ. Як напісаў пра свабоду дзесяцігадовы хлопчык Алег.

«У 10 гадоў чалавек адчувае сябе свабодна. А ў 20 гадоў — ужо ня вельмі свабодна. У 30 — амаль несвабодна. У 40 гадоў ужо ня можа бегаць і скакаць. У 50 чалавеку зусім складана рухацца, у 60 гадоў людзі ўжо ўвогуле не свабодныя. Прыкладна ў 90 гадоў людзі зьбіраюцца паміраць. І я хацеў бы, каб яны заўсёды заставаліся свабоднымі, як у 10 гадоў».

Кніга «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» — доказ парушэньня асноўнага права беларускіх дзяцей: права на шчасьлівае дзяцінства.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG