Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьпіс «экстрэмістаў» дадалі 36 чалавек, у іх ліку журналіст Карней і прафсаюзная актывістка Брыцікава


Ігар Карней, архіўнае фота 2020 году
Ігар Карней, архіўнае фота 2020 году

У пералік «асоб, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», 28 чэрвеня дадалі яшчэ 36 чалавек, цяпер у ім 4190 пазыцый.

Сярод іншых у абноўлены сьпіс на сайце МУС унесьлі прызнанага палітвязьнем журналіста Ігара Карнея. 22 сакавіка Менскі гарадзкі суд (судзьдзя Сяргей Кацар) прысудзіў Ігару 3 гады пазбаўленьня волі паводле ч. 3. арт. 3611 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).

Па выніках разгляду апэляцыйнай скаргі 7 чэрвеня ў Вярхоўным судзе (судзьдзя Аляксандар Саўчук) прысуд пакінуты бязь зьменаў.

У пераліку цяпер таксама фігуруе Вольга Брыцікава, якая некалі была лідэркай незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Нафтан» (Віцебская вобласьць). Яна асуджаная паводле арт. 130 КК («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці ці звады) па рашэньні Віцебскага абласнога суду, Вольга «адбывае пакараньне» ў тры гады зьняволеньня.

Медыясупрацоўнік Алесь Марчанка таксама трапіў у сьпіс «экстрэмістаў». У дакумэнце МУС пазначана, што зьняволены ўжо адбывае пакараньне. Па зьвестках праваабаронцаў, Марчанку накіравалі ў магілёўскую папраўчую калёнію № 15. Сёлета 2 красавіка яго асудзілі да трох гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў супрацы з тэлеканалам «Белсат».

Фінансавыя апэрацыі асоб, уключаных у «сьпіс экстрэмістаў», кантралююцца «з мэтай перадухіленьня легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаваньня экстрэмісцкай дзейнасьці».

Цягам пяці гадоў пасьля выкананьня судовых рашэньняў людзі з гэтага пераліку ня могуць займацца пэдагагічнай і выдавецкай дзейнасьцю, быць на дзяржаўнай службе, карыстацца зброяй.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG