Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: апэляцыю журналіста Карнея адхілілі, ён рыхтуецца да калёніі, скардзіцца на цыгарэтны дым


Ігар Карней, архіўнае фота
Ігар Карней, архіўнае фота

У лістах з Магілёўскага СІЗА Ігар Карней піша: «У камэры амаль усе кураць, увесь прапах нікатынам».

Вярхоўны суд 7 чэрвеня разгледзеў апэляцыйную скаргу журналіста Ігара Карнея, які быў асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі і штраф у 20 тысяч рублёў нібыта за ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні.

Прысуд Менскага гарадзкога суду адносна Ігара Карнея пакінулі бязь зьменаў. Гэта стала вядома ад сваякоў журналіста, якія раней мусілі выехаць за мяжу.

Апошнім часам Ігара Карнея трымаюць у Магілёўскім СІЗА і ня кажуць, дзе ён будзе адбываць пакараньне. Пра ўмовы ўтрыманьня журналіста вядома няшмат.

«На здароўе ня скардзіцца. Харчаваньне сярэдняе, вагі не набярэш, але руху не хапае, таму не схуднеў. Скардзіцца толькі на цыгарэтны дым у камэры. Камэра разьлічаная на 18 чалавек, зь іх, акрамя яго, толькі адзін ня курыць. Праз гэта наскрозь прапах нікатынам», — паведаміла сваячка Ігара Карнея.

У Ігара Карнея чатыры дачкі. У канцы траўня адна з дачок Карнея закончыла навучаньне ў прэстыжным унівэрсытэце ў ЗША. Але, паводле сваякоў журналіста, ён гэтай важнай для сям’і навіны яшчэ ня ведае.

«Праз інтэрнэт онлайн назіралі цырымонію ўганараваньня магістраў унівэрсытэту, але бацька ня мае такой магчымасьці. Замест гэтага адукоўвае сукамэрнікаў, бо большасьць ня тое што ўнівэрсытэтаў, школы не заканчвалі. Размаўляе зь імі на беларускай мове. Наракае на беднасьць турэмнай бібліятэкі, але адзначае, што ўсё ж ёсьць шмат беларускай клясыкі. Чытае Рыгора Барадуліна, Пімена Панчанку, Янку Купалу. Настрой бадзёры, нягледзячы на ўмовы. Рыхтуецца да калёніі — вучыцца гуляць у нарды. Кажа, што там гэта прыдасца», — расказала пра Ігара Карнея суразмоўца.

Ігара Карнея затрымалі ў ліпені 2023 году. Гэта адбылося неўзабаве пасьля пахаваньня палітвязьня-мастака Алеся Пушкіна, зь якім журналіст сябраваў. Беларускія праваабаронцы прызналі Ігара Карнея палітвязьнем.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у зьняволеньні ў Беларусі знаходзяцца 38 супрацоўнікаў мэдыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG