Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галюцынацыі, думкі пра суіцыд. Экспэрты расказалі, што адбываецца зь беларускімі палітвязьнямі ў штрафных ізалятарах калёній


Камэра ў штрафным ізалятары. Ілюстрацыйнае фота
Камэра ў штрафным ізалятары. Ілюстрацыйнае фота

Абмеркаваньне арганізавала грамадзкае аб’яднаньне «Лекары за праўду і справядлівасьць». Яно адбылося 20 лютага ў Вільні.

«Турмой у турме» адмыслоўцы і праваабаронцы называюць штрафныя ізалятары (ШЫЗА), карцары і памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ), якія сталі часткай турэмнай сыстэмы Беларусі. Але ці магчыма выправіць становішча і перайсьці да больш гуманных захадаў узьдзеяньня на парушальнікаў турэмных парадкаў? У гэтым разьбіраліся з дапамогай экспэртаў з аб’яднаньня «Лекары за праўду і справядлівасьць».

Лекары, праваабаронцы, журналісты і наведнікі, якія сабраліся раніцай 20 лютага ў віленскім Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры на праваабарончую канфэрэнцыю, перарвалі працу на хвіліну маўчаньня. Гэтак ушанавалі памяць яшчэ адной ахвяры рэжыму — палітвязьня Ігара Ледніка. Актывіст з Барысава памёр у менскай раённай лякарні, куды яго прывезьлі ў цяжкім стане з бабруйскай калёніі № 2. Канфэрэнцыя «Пакараньне ў зьняволеньні: інструмэнт выпраўленьня або зьнявагі? Міжнароднае і нацыянальнае права і практыка» — пра тое ж: пра жудасныя ўмовы, у якіх беларускія палітвязьні адбываюць свае тэрміны, і за гэты час амаль кожны праходзіць праз штрафны ізалятар (ШЫЗА).

Разбурэньне псыхікі

Псыхоляг Вольга Вялічка на падставе вывучэньня 120 справаў палітвязьняў і асабістых размоў з 37 былымі вязьнямі прааналізавала ўплыў ШЫЗА на псыхіку і стан здароўя чалавека. Паводле дасьледчыцы, 91% арыштантаў адчувалі трывожнасьць і нэрвовасьць, 41% бачылі галюцынацыі, шмат хто як пра адзінае выйсьце з ШЫЗА думаў аб спробе суіцыду.

Псыхоляг Вольга Вялічка
Псыхоляг Вольга Вялічка

Досьвед доўгага знаходжаньня ў адзіночнай камэры непазьбежна адбіваецца на далейшым псыхічным здароўі чалавека, а таксама на ягоных кагнітыўных здольнасьцях, мяркуе Вольга Вялічка. Вось толькі невялікая частка «думак і перажываньняў» арыштантаў ШЫЗА, якія прывяла экспэртка:

  • 1-3 дзень. Адбываецца ўсьведамленьне месца, зьяўляецца карусэль думак: «А навошта гэта ўсё, за што гэта мне?»
  • 3-5 дзень. Думкі сканчаюцца, і гэта жахлівае адкрыцьцё. Прыходзіць адчуваньне, што пачынаеш вар’яцець. Ахоплівае гнеў. Рэакцыі пагаршаюцца ад фізычнай стомленасьці, праблем са сном, пакут ад холаду.
  • 6-7 дзень. Пачуцьцё ізаляванасьці абвастраецца. Чалавек знаходзіць сабе істоту, зь якой можа пагаварыць. Прыкладам, павука. Ці прыдумляе каго для дыялёгу. Псыхічна моцныя людзі складаюць графік таго, чым сябе заняць, і ў гэтым знаходзяць падтрымку. Але выпрабаваньні не заканчваюцца. Наперадзе яшчэ шмат жахлівага«, — папярэджвае псыхоляг.

Вольга Вялічка адзначае, што псыхалягічныя наступствы доўгага знаходжаньня ў ШЫЗА для мужчын і жанчын адрозьніваюцца. А вось што да фізіялягічных наступстваў, тут шмат агульнага.

«Бессань, болі ў суставах, пагаршэньне зроку, дрэнны апэтыт, страта вагі, часта дыярэя, апатыя і слабасьць, дрыготка, трывалае адчуваньне холаду», — пералічае агульныя наступствы Вольга Вялічка. Паводле лекаркі, у большасьці яе суразмоўцаў абодвух палоў менавіта пачуцьцё холаду засталося асноўным успамінам пра ШЫЗА.

Што расказалі сьведкі-сядзельцы

ШЫЗА — праблемная тэрыторыя ў калёніях ня толькі пасьля 2020 году, проста на гэтую тэму зьявілася больш сьведчаньняў, мяркуюць праваабаронцы. Іх высновы пацьвердзілі празь відэасувязь удзельнікі канфэрэнцыі, былыя вязьні Дзьмітры Дзегцяроў і Ганна Вішняк.

Дзьмітры Дзегцяроў адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15 у канцы 2010-х. Агулам былы вязень правеў у ШЫЗА 90 дзён. Вось як Дзьмітры апісаў тагачасныя ўмовы ў ШЫЗА, прычыны, зь якіх туды можна было трапіць, і лячэньне там хворых. Гэта мала чым адрозьніваецца ад таго, што расказваюць пра ШЫЗА палітвязьні пачатку 2020-х, прызнае ён.

«Спалі на падлозе, прыціснуўшыся адзін да другога, гэтак было холадна. Зімой батарэі амаль ня грэлі, а ў міжсэзоньне былі ледзь цёплыя. Трапіць у ШЫЗА можна было за што заўгодна. Для ахоўнікаў неахайны вонкавы выгляд — гэта незашпілены гузік ці белая футболка пад робай. За гэта атрымаў два разы запар ШЫЗА, а потым ПКТ. А некаторым пасьля гэтага паводле 411-га артыкулу даюць яшчэ год калёніі. Я на два дні выйшаў у ПКТ — і зноў трапіў у ШЫЗА на 60 дзён. Туды могуць зьмясьціць з чацьвёртай стадыяй ВІЧ альбо з адкрытай формай сухотаў. За час ШЫЗА страціў 25 кіляграмаў вагі, пазбавіўся 2 зубоў. Вітамінаў там няма, таму на выхадзе твар быў белы, як сьнег. Правяральнікі на скаргі не рэагуюць. Пісаў скаргі пракурору, але пасьля мяне выклікалі да начальніка і зноў каралі», — успамінаў Дзьмітры Дзегцяроў.

Былая палітзьняволеная Ганна Вішняк кажа, што за 2,5 года за кратамі мела 16 спагнаньняў, у тым ліку некалькі тэрмінаў у ШЫЗА. Паводле Ганны, асноўнай прычынай спагнаньняў было тое, што яна не прызнавала сябе вінаватай.

«Выклікаюць на камісію, а там спачатку мусіш прамаўляць рапарт. Я ж сябе вінаватай не лічыла, таму і казала ў рапарце, што незаконна асуджаная. Пасьля гэтага мне зноў давалі ШЫЗА. Заходжу ў камэру ізалятару, а там жудасны смурод, вільгаць, холад. У мяне пачаліся моцныя болі ў нырцы. Адсядзела 28 дзён, мяне вынесьлі адтуль на руках у лякарню. Калі я паспрабавала запісаць успаміны пра гэта ў сшытак, каб перадаць потым адвакату, сшытак забралі», — расказвае Ганна Вішняк пра час у жаночай калёніі № 4.

Алег Дарашкевіч з арганізацыі «Лекары за праўду і справядлівасьць» прааналізаваў заканадаўчыя нормы, паводле якіх у ШЫЗА мусяць забясьпечыць гарантаванае канстытуцыяй права асуджаных на захаваньне здароўя. Высновы ў былога менскага лекара простыя: калі ўлады такую мэту і ставяць, дык матэрыяльнымі рэсурсамі і кадрамі яе дасягненьня не забясьпечваюць. Восеньню 2020 году былы палітвязень Алег Дарашкевіч сам апынуўся за кратамі і зьведаў гэта на сабе.

«Лекаў не хапала, чалавечага стаўленьня таксама. Толькі ахоўнікі сталага веку ставіліся да нас больш-менш. У камэры быў чалавек з гіпэртаніяй, дык яму прыносілі прэпараты. А вось маладыя „вертухаі“ казалі з цынізмам: „Хай мама табе прыносіць лекі“ ці „зачыняе фортку“. І пакідалі фортку адчыненай, каб нас марозіць», — расказаў Алег Дарашкевіч.

Былы палітвязень і праваабаронца Леанід Судаленка выклаў сваю гісторыю зносін з мэдыкамі калёніі № 3 у Віцебску, дзе ён адбываў прызначанае судом Гомлі пакараньне. Судаленка хворы на цукрыцу. За час у калёніі, а гэта амаль два гады, у яго толькі адзін раз памералі ўзровень цукру ў крыві. І ў ШЫЗА яго кінулі, насуперак закону, бяз згоды турэмнага лекара, сьцьвярджае праваабаронца.

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Потым Судаленка скардзіўся ў пракуратуру, але атрымаў, як ён лічыць, непраўдзівы адказ.

«Нібыта ў дакумэнтах знайшоўся подпіс лекара, які мяне аглядаў. А гэтага дакладна не было», — кажа былы палітвязень.

Як выглядаюць ізалятары ў Беларусі, а як — у заходніх краінах

Выступоўцы агучылі зьвесткі пра пэнітэнцыярныя сыстэмы эўрапейскіх краінаў. Калі ў Беларусі большасьць зьняволеных трымаюць у калёніях з будынкамі казарменнага тыпу, дык эўрапейская пэнітэнцыярная сыстэма — гэта турмы з дастаткова ўтульнымі камэрамі, вялікімі пляцоўкамі для прагулак і заняткаў спортам, разьвітай інфраструктурай. Ізалятары для парушальнікаў парадку там таксама ёсьць, але пакараных ніхто не пазбаўляе пасьцельнай бялізны і не катуе холадам. І накіраваць у той ізалятар могуць толькі за сапраўднае парушэньне. Прыкладам, у Швэцыі — за адмову працаваць альбо за ўжываньне алькаголю.

У Беларусі ШЫЗА як пакараньне за парушэньне ўнутранага парадку прадугледжана Крымінальна-выканаўчым кодэксам. У артыкуле 114 (пункт 1) гэтага кодэксу пералічана, чаго дакладна ня мусіць быць у асуджанага, якога зьмясьцілі ў ШЫЗА: спатканьняў са сваякамі, лістоў, кніг, прагулак і нават пасьцельнай бялізны. Праваабаронцы лічаць, што менавіта з гэтага пачынаецца тое, што можна лічыць узаконеным катаваньнем праз ШЫЗА. Бо асуджанага, які ўжо пазбаўлены волі, пазбаўляюць мінімальнага набору жыцьцёвых патрэбаў, якія яшчэ заставаўся ў яго ў калёніі. Да таго ж яго чакаюць выпрабаваньне холадам і ізаляцыяй, што ўвогуле не абгрунтавана законам.

У ШЫЗА за незашпілены гузік

Праваабаронца зь «Вясны» Павал Сапелка прааналізаваў адпаведнасьць міжнародным нормам беларускіх законаў, пастаноў МУС і правілаў, якія дзейнічаюць у вязьніцах, і зрабіў адназначную выснову: гэтыя нормы ў галіне пакараньня зьняволеных не адпавядаюць міжнародным стандартам. Юрыст спаслаўся на так званыя «Правілы Нэльсана Мандэлы» — падрыхтаваны ААН сьпіс захадаў, якія можна ўжываць для забясьпячэньня парадку ў вязьніцах, а што ўжываць катэгарычна забаронена. Паводле іх, незашпілены гузік ці пыл на паліцы, што вельмі часта становіцца прычынай пакараньня ў Беларусі, ня могуць быць падставай для ізаляцыі, тым больш на тэрмін звыш 10 дзён. Між тым гэта ў беларускіх калёніях і турмах адбываецца паўсюдна, зазначае Павал Сапелка.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

Павал Сапелка прапанаваў свой сьпіс з 11 пэўных захадаў выпраўленьня становішча, сярод якіх расьсьледаваньне вядомых выпадкаў катаваньняў умовамі ў ШЫЗА і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці. «Сьпіс Паўла Сапелкі» можна будзе знайсьці на сайце https:// doktorsby.com/ у матэрыялах канфэрэнцыі, які і прапановы іншых экспэртаў.

Новы закон аб турмах

Усяго на канфэрэнцыі прагучалі шэсьць грунтоўных дакладаў аб розных аспэктах пакараньня зьняволеных у пэнітэнцыярнай сыстэме Беларусі. Кожны з экспэртаў выклаў свае рэкамэндацыі для будучага рэфармаваньня сыстэмы. Сярод іх прывядзеньне існых законаў у адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі, рэгулярны маніторынг і інспэкцыя месцаў пазбаўленьня волі незалежнымі камісіямі і праваабаронцамі, навучаньне пэрсаналу, строгая адказнасьць перад законам за парушэньні правоў вязьняў. Прагучала і прапанова падрыхтаваць новы закон аб дзейнасьці пэнітэнцыярнай сыстэмы. Пры гэтым агульнай была думка, што рэформы ня ўдасца рэалізаваць да зьмены палітычнай сыстэмы ў Беларусі.

А што рабіць цяпер, пакуль такая зьмена не адбылася? Дасьледчыкі прапануюць не зьніжаць актыўнасьць у фіксацыі парушэньняў правоў палітвязьняў, назапашваць архіў такіх справаў і не адмаўляцца ад накіраваньня скаргаў на парушэньні правоў у адпаведныя інстанцыі Беларусі. Досьвед удзельнікаў канфэрэнцыі аб праблемах выкарыстаньня ШЫЗА падказвае ім, што такая магчымасьць яшчэ ёсьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG