Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмененая пастава і хада, іншае адчуваньне часу і прасторы. Што адбываецца зь беларускімі вязьнямі за кратамі


Праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка выступае на канфэрэнцыі «Пэнітэнцыярная мэдыцына і псыхалёгія ў Беларусі».
Праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка выступае на канфэрэнцыі «Пэнітэнцыярная мэдыцына і псыхалёгія ў Беларусі».

Актывісты арганізацыі «Лекары за праўду і справядлівасьць» правялі ў Вільні канфэрэнцыю «Пэнітэнцыярная мэдыцына і псыхалёгія ў Беларусі», на якой выклалі сваё бачаньне шляхоў рэфармаваньня гэтай сыстэмы.

Актывістка Ірына Новік адкрыла канфэрэнцыю мэдыкаў і праваабаронцаў у выгнаньні словамі пра тое, што праз падзеі 2020-га і наступных гадоў беларускае грамадзтва «нібы ўбачыла сябе ў іншым, чорным люстэрку». Лекары, псыхолягі і праваабаронцы правялі дасьледаваньні, апыталі шмат былых вязьняў і падзяліліся высновамі ў дакладзе, які назвалі «Бачаньне працы пэнітэнцыярнай мэдыцыны і псыхалёгіі ў Беларусі».

Права на жыцьцё

У 2022 годзе ў вязьніцах, паводле зьвестак, агучаных на канфэрэнцыі, былі больш за 42 тысячы беларусаў. У параўнаньні з папярэднім годам асуджаных стала больш на 2,4%, хаця агульнаэўрапейская тэндэнцыя – зьніжэньне колькасьці тых, хто за кратамі. Гэткі рост – наступства ня толькі ўзятага апошнімі гадамі курсу «пакуль не да законаў», але і сацыяльнай палітыкі дзяржавы, уласьцівай больш працягламу перыяду. Гэтак мяркуе былы турэмны мэдык, цяпер праваабаронца Васіль Завадзкі. Адмыслоўца згадаў выпадак з часоў, калі ўзначальваў аддзел мэдычнай службы дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. Тады ў вязьніцы памёр асуджаны, пачалася праверка і раптам высьветлілася, што ўсе мэдычныя дакумэнты аб лячэньні згубіліся. Без дакумэнтаў немагчыма было высьветліць, ці дакладна лячылі, дзе памыліліся. Паводле Васіля Завадзкага, у будучым рэфармаваньні турэмнай мэдыцыны трэба пачынаць з нарматыўных актаў, заснаваных на самым трывалым з фундамэнтаў – Дэклярацыі аб правах чалавека.

Дасьледаваньне, прэзэнтаванае на канфэрэнцыі.
Дасьледаваньне, прэзэнтаванае на канфэрэнцыі.

Магчыма, самае галоўнае сярод гэтых правоў – права на абарону здароўя. Але, як мяркуюць аўтары дакладу, яно ў месцах зьняволеньня не забясьпечана. На іхную думку, пачынаць трэба з заканадаўчых крокаў, нацэленых на тое, каб ў вязьніцы не траплялі людзі з невылечнымі хваробамі, а таксама псыхічна хворыя. Актывісты арганізацыі «Лекары за праўду і справядлівасьць» і праваабаронцы прапануюць закон, які б гарантаваў вызваленьне ад пакараньня ў выглядзе зьняволеньня паводле стану здароўя.

Аб тым, што цяжка хворых людзей у калёніях вельмі шмат, сьведчаць былыя палітвязьні, якія ўжо выйшлі на волю. Яны ж пацьвярджаюць, што за кратамі частыя сьмерці, у тым ліку яшчэ адносна маладых людзей. Праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка сьведчыць, што ў віцебскай калёніі №3, дзе ён адбываў тэрмін, за паўтара года памерлі 3 чалавекі. Адзін вязень памёр ад анкалягічнай хваробы, другі ад інсульту, які здарыўся з ім на «промцы» – у цэху, дзе працаваць прымушаюць нават хворых. Праваабаронца расказаў, што напярэдадні чалавек скардзіўся на стан здароўя, прасіў адпусьціць яго з працы, але атрымаў адказ, што «няма канваіра», і неўзабаве памёр. Была і трэцяя сьмерць, цалкам нечаканая для навакольных: 35-гадовы вязень лёг спаць і проста не прачнуўся. Паводле Леаніда Судаленкі, мэдычная дапамога, прафіляктыка захворваньняў у ягонай калёніі былі на вельмі нізкім узроўні.

«Захварэеце, тады і будзем лячыць», – сказалі лекары вязьню пасьля таго, як ён ўжо апынуўся ў ШЫЗА без папярэдняга мэдычнага агляду. У Судаленкі хранічнае захворваньне – цукровы дыябэт. Такіх, як ён, хворых у калёніі – да 4%, і ўсе маюць падобныя праблемы з атрыманьнем лекаў, дыетычнага харчаваньня, асаблівых умоваў. Леанід Судаленка згадвае, што часам не атрымліваў з дому мэдычных бандэроляў. Па вызваленьні ўбачыў штамп на бандэролі, якая вярнулася: «Адмовіўся ад атрыманьня». Але яго пра гэтую бандэроль з дому не інфармавалі, кажа былы палітвязень.

«Зьмененая пастава і хада»

Адна з аўтараў дасьледаваньня турэмнай мэдыцыны Вольга Вялічка – прафэсійны псыхоляг. Да таго, як мусіла зьехаць, узначальвала дзіцячы госьпіс ў Гародні. Паводле дасьледаваньняў адмыслоўцы, 30% беларускіх вязьняў – рэцыдывісты, якія адбываюць за кратамі вялікія тэрміны і па вызваленьні доўга, а то і ўвогуле ня могуць інтэгравацца ў грамадзтва. Нават абліччам гэтыя людзі розьняцца ад тых, хто жыў усё жыцьцё на волі. Насьцярожаны позірк, які нешта шукае; зьмененая хада і пастава; кароткая стрыжка. Дасьледніца паказвае і на іншыя асаблівасьці: зьмены ў сэксуальным жыцьці, іншае адчуваньне часу, зьмена адчуваньня прасторы. Такімі прыкметамі ў абліччы і паводзінах, паводле Вольгі Вялічкі, вызначаюцца дзясяткі тысяч былых вязьняў.

Але ў тых, хто шмат гадоў прабыў за кратамі, ёсьць і больш важныя асаблівасьці. Яны баяцца, што не прыстасуюцца да новых жыцьцёвых рэаліяў, іх цягнуць да асацыяльнага ладу жыцьця крымінальныя традыцыі і сябры з «былога», у іх назапашаная агрэсіўнасьць, небясьпечная для навакольных. Усе гэта робіцца праблемай і для грамадзтва, папярэджвае дасьледніца і прапануе рэфармаваць сыстэму псыхалягічнай дапамогі тым, хто ў няволі, і тым, хто ўжо выйшаў «з-за бар’еру».

Дасьледаваньні з дакладу, прэзэнтаванага на канфэрэнцыі
Дасьледаваньні з дакладу, прэзэнтаванага на канфэрэнцыі

Як расказаў былы палітзьняволены Алег Граблеўскі, які выступіў на канфэрэнцыі празь відэасувязь, бо цяпер жыве ў Нямеччыне, «псыхоляг ў вязьніцы ўспрымаецца як небясьпека». Паводле досьведу Граблеўскага, у менскім СІЗА на Валадарскага, дзе ён адбыў 4 месяцы, зварот да штатнага псыхоляга па дапамогу трактаваўся як схільнасьць да суіцыду і таму да гэтых кантактаў арыштанты не імкнуліся.

«Больш турэмныя псыхолягі дапамагалі ахоўнікам і адміністрацыі ў ціску на арыштантаў», – сьведчыць былы палітвязень Граблеўскі. На думку іншых экспэртаў – удзельнікаў канфэрэнцыі, турэмная мэдыцына мусіць быць выведзеная з падпарадкаваньня МУС і перададзеная міністэрству аховы здароўя. Але каб гэта прывяло да паляпшэньня мэдычных паслуг вязьням, трэба пэўным чынам рэфармаваць і працу міністэрства.

«У палітычных няма пачуцьця віны, але ўзьнікаюць іншыя праблемы»

Паводле анкетаваньня, якое правяла Вольга Вялічка, былыя палітвязьні, выйшаўшы з-за кратаў, псыхалягічна пачуваюцца лепш, чым непалітычныя злачынцы ў такой жа сытуацыі. У іх няма пачуцьця віны, яны ня лічаць сябе сапраўднымі парушальнікамі закону. Аднак дасьледнікі адзначаюць, што апошнім часам і сярод былых палітвязьняў сталі часьцейшымі дэпрэсіі, псыхалягічныя зьмены, якія патрабуюць дадатковай увагі адмыслоўцаў. Гэта праз тое, што большасьць былых палітвязьняў на волі ня могуць аднавіць свой сацыяльны статус ці знайсьці хаця б якую працу. Таксама яны не прымаюць зьменаў, якія адбыліся ў грамадзтве за час зьняволеньня, і асьцерагаюцца новых рэпрэсіяў ад уладаў. Часта гэта прыводзіць да ад’езду за мяжу, што спараджае ўжо новыя праблемы, вартыя ўвагі ў тым ліку мэдыкаў, зазначаюць адмыслоўцы.

Арганізацыя «Лекары за праўду і справяділвасьць» аб’ядноўвае беларускіх лекараў, якія зьехалі за мяжу, і тых, хто дагэтуль працуе ў Беларусі. Актывісты аказваюць былым вязьням псыхалягічную ды іншую мэдычную дапамогу, праводзяць дасьледаваньні актуальных мэдычных праблемаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG