Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, куды Лукашэнка накіраваў працаваць экс-міністра замежных спраў Сяргея Алейніка


Сяргей Алейнік.
Сяргей Алейнік.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызначыў Сяргея Алейніка членам Савету Рэспублікі. Пра гэта інфармуе ўрадавае агенцтва БелТА.

«Ён будзе ўзначальваць адпаведную камісію. Ён з гэтым пагадзіўся», — цытуе агенцтва Лукашэнку.

Лукашэнка нагадаў, што былы дыплямат Сяргей Рачкоў узначальвае ў Палаце прадстаўнікоў Пастаянную камісію ў міжнародных справах. Аналягічная пасада ў Савеце Рэспублікі, сказаў Лукашэнка, будзе і ў Сяргея Алейніка:

«Парлямэнцкі кантроль над працай Міністэрства замежных спраў, па асобных пытаньнях ураду, будзе ўзмоцнены. Усе вы прасілі перадачы вялікіх паўнамоцтваў — вы іх атрымаеце, у тым ліку і парлямэнт».

Адначасова Лукашэнка папярэдзіў парлямэнцкія камісіі міжнародных справаў, каб яны ня надта ціснулі на Рыжанкова:

«Адзінае, хачу папярэдзіць, — працягваў далей Лукашэнка, — Рыжанкова асабліва туды-сюды хістаць марна. І ня толькі таму, што чалавек фактычна падпарадкаваны прэзыдэнту, але яшчэ і таму, што ў яго ў характары гэтага няма, каб ім пануквалі. Але кантроль павінен быць: акуратны, сумленны, прыстойны. Давайце параімся перад прызначэньнем паслоў (абмяркуюць на камісіі) і іншае, іншае, іншае».

Сёньня стала вядома, што 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка зрабіў кадравыя прызначэньні ва ўрадзе і сваёй адміністрацыі.

Кіраўніком сваёй адміністрацыі Лукашэнка прызначыў Дзьмітрыя Крутога, які быў амбасадарам Беларусі ў Маскве. З сакавіка 2024 году пасада кіраўніка адміністрацыі была вакантнай, пасьля таго як Ігар Сергеенка трапіў у Палату прадстаўнікоў і стаў у ёй сьпікерам.

Першай намесьніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнка прызначыў Натальлю Пяткевіч.

Міністрам замежных спраў Лукашэнка прызначыў Максіма Рыжанкова. Ён замяніў на пасадзе Сяргея Алейніка, які займаў пасаду міністра замежных спраў з 13 сьнежня 2022-га пасьля раптоўнай сьмерці 26 лістапада 2022 году Ўладзімера Макея.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG