Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Размаўляй са мной па-чалавечы». Гісторыі беларусаў, якіх выхоўвалі па-расейску, але яны ўсё адно перайшлі на беларускую мову


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Спантанны флэшмоб пачаўся ў сацсетках пасьля таго, як адна з карыстальніц папракнула Васіля Быкава, што ён выхоўваў сваіх дзяцей па-расейску. Пагаварылі з тымі, хто ў такой жа сытуацыі выбраў беларускую. 

«Мяне ўзялі „на слабо“»

Іва (гэта нікнэйм дзяўчыны. — РС) паходзіць з Гомельскай вобласьці, ёй 23 гады. Цяпер жыве ў Польшчы. Расказвае, што на 90% яе выхоўвалі на расейскай мове. Так размаўлялі бацькі, па-расейску яна глядзела мультфільмы і чытала кнігі. У дзяўчыны была адна бабуля, якая размаўляла на трасянцы. Ад яе Іва ведала словы «ганак», «кавун», «гарбуз».

У школе па-беларуску былі ўрокі беларускай мовы і літаратуры. Дзяўчына пачала ўдзельнічаць у алімпіядах па беларускай мове зь пятай клясы, бо настаўнікі сказалі: «Трэба ісьці». Кажа, што стаўленьне ў школе да беларускай мовы ў вучняў было грэблівае.

«На дзяцей, якія трасянілі, казалі: ён зь вёскі, „зь дзярэўні“. Я сама так казала. Потым жыцьцё трошку павярнулася», — прызнаецца Іва.

На беларускую мову дзяўчына перайшла ў адзін дзень. Гэта здарылася на другім курсе ўнівэрсытэту, у 2019 годзе.

«Мяне ўзялі „на слабо“, што я не змагу цэлы год прагаварыць па-беларуску», — успамінае суразмоўца.

Студэнты гістфаку, дзе вучылася Іва, пэрыядычна размаўлялі пра тое, што калісьці яны пачнуць гаварыць па-беларуску, выхоўваць сваіх дзяцей па-беларуску. Аднак спасылаліся на тое, што пакуль не хапае веданьня мовы. Аднойчы так сказала і Іва. «Ды ня зможаш ты!» — запярэчылі аднакурсьнікі. Дзяўчына вырашыла давесьці, што здолее. А праз год ужо не захацела вяртацца да расейскай мовы.

Маці Івы прыняла ейны выбар, бо прывыкла, што дачка робіць нечаканыя рэчы. А бацька не.

«Ён заўжды прасіў мяне: „Размаўляй са мной нармальна, я не разумею“, „Размаўляй са мной па-чалавечы“».

Сяброўкі зь вёсак, зь беларускамоўных сем’яў, якія ў горадзе пачалі гаварыць па-расейску, зь Івай пераходзілі на беларускую мову. Самая пазытыўная рэакцыя на беларускую была ад незнаёмых людзей на яе працы ў сфэры абслугоўваньня.

«Я аднойчы была ў банку, размаўляла па-беларуску і сказала нешта накшталт «рабочая кніга». Нейкая жанчына ў чарзе так незадаволена мне сказала: «Раз ты ўжо размаўляеш па-беларуску, тады ўжо працоўная», — успамінае суразмоўца.

Сябры казалі, што Іва ўжо ня ведае, чым зьвярнуць на сябе ўвагу людзей, таму вырашыла гаварыць па-беларуску і быць не такой, як усе. Крытыкавалі, што яна «карыкатурна сварыцца па-беларуску». Іва думае, што перайшла на беларускую мову, каб адчуваць сувязь зь мінулым, з родам, бо ў яе ня вельмі моцныя сувязі ў бацькоўскай сям’і.

Дзяўчына разумее, што можна расчаравацца ў беларусу, калі ён гаворыць па-расейску.

«Я цяпер асуджаю ўсіх сваіх сяброў, якія былі на канцэрце Макса Каржа. Мне ня ўсё падабаецца, што ён кажа і што ён робіць», — камэнтуе Іва.

Іва хацела б выхоўваць сваіх дзяцей у будучыні па-беларуску. Але разумее, што яны ўсё адно будуць гадавацца ў дзьвюхмоўі, бо цяпер яна жыве за мяжой. Дзяўчына лічыць, што ў Беларусі павінна быць адна дзяржаўная мова, беларуская. Думае, што ў яе і ў ейных бацькоў не было выбару, на якой мове гаварыць.

Дзень па-беларуску, дзень па-расейску

Юры нарадзіўся і вырас у Менску. Бацькі паходзілі зь вёсак — з Гомельшчыны і Случчыны. Гаварылі ў сям'і на расейскай мове. У школе вучыўся таксама па-расейску. Беларускую мову ўспрымаў «несур’ёзна». Кажа, што не было думак гаварыць па-беларуску. Калі яму было 15–16 гадоў, у Беларусі ішлі пратэсты, якімі хлопец цікавіўся, але і тады не было думкі перайсьці на беларускую мову. Вучыўся на гістфаку БДУ па-расейску.

Калі Юрыю было 23 ці 24 гады, ён зьезьдзіў у Літву і ўбачыў, што там ёсьць свая культура і мова. Калі вярнуўся ў Беларусь, то ня ўбачыў гэтага на радзіме. Хлопец стварыў сабе графік: гаварыў дзень па-беларуску, дзень па-расейску. Прызнаецца, што было «няўтульна і нязручна». Але асяродзьдзе станоўча ставілася да ягоных зьменаў. Ён працаваў тады ў дзяржаўным унівэрсытэце. Юры натхніў некаторых сваіх знаёмых гаварыць у штодзённасьці па-беларуску, хаця б толькі зь ім.

Суразмоўца кажа, што дапамаглі яму беларускамоўныя песьні. Ён слухаў гурты Akute, NRM, Nizkiz. Раней ён пра іх ня ведаў. Купіў кнігі Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Віктара Марціновіча і шмат іншых. Перавёў свае сацыяльныя сеткі на беларускую мову, выбраў тарашкевіцу ў «УКантакце». Спампаваў і чытаў кніжкі пра граматыку, правапіс. Падпісваўся на суполкі, прысьвечаныя беларускай мове.

«Я лічу, што вельмі важна, каб па-беларуску былі ня толькі клясыкі літаратуры ці пастаноўкі ў тэатры, але і папулярная музыка, каб беларуская мова была ўсюды. Каб чалавек не задумваўся, ці прыгожая мова. Яна проста ёсьць і ёсьць, і яна ўсюды», — мяркуе Юры.

Перайсьці зноў на расейскую Юры не плянуе, хоць часам пры неабходнасьці ёю карыстаецца.

«Гэта сьмела, гэта не для мяне»

Ірына паходзіць з цэнтру Беларусі. Перайшла на беларускую ў 38 гадоў. Бацькі выхоўвалі яе збольшага на расейскай мове. Бабуля і дзядуля гаварылі на трасянцы. Але Ірына памятае адну зь любімых кніг на беларускай мове — «Палескія рабінзоны». Ейную маці, якая нарадзілася ў вёсцы, а потым пераехала ў горад, у дзяцінстве і юнацтве цкавалі за беларускую мову і за трасянку.

«Маці вельмі саромелася сваёй мовы, свайго паходжаньня. Таму яна вельмі сачыла за чысьцінёй маёй расейскай. Каб я не гаварыла „іхны“, „ягоны“, „тудой“, „сюдой“», — успамінае суразмоўца.

Ірына вучылася па-расейску ва ўнівэрсытэце. Аднак зайздросьціла студэнтам зь беларускамоўных груп.

«Якія ж яны сьмелыя! Як гэта крута! Я так не магу. У мяне былі сярод сяброў „актыўныя змагары“, якія слухалі NRM. Я заўсёды глядзела трошку збоку і думала: як гэта сьмела, гэта не для мяне», — успамінае суразмоўца.

Потым падобныя думкі — перайсьці на беларускую мову — зьяўляліся цягам жыцьця. Аднак канчатковае рашэньне прыйшло пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Беларускую мову Ірына вырашыла ўводзіць паступова. Спачатку пісала па-беларуску толькі ў групавых чатах, потым на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках і прыватных паведамленьнях.

Слухала падкасты Свабоды зь Вінцуком Вячоркам, праграмы на «Белсаце» са Зьмітром Саўкам, перачытала мовазнаўчыя кнігі. Стала чытаць групу ў сацыяльных сетках «Толькі пра мову». Пачала весьці свой слоўнічак. Стала размаўляць зь незнаёмымі людзьмі і са сваімі беларускамоўнымі сябрамі па-беларуску. Недзе праз год Ірына амаль цалкам перайшла на беларускую мову. Па-расейску працягвае гаварыць з бацькамі, бо бацька не разумее беларускай мовы.

На ейную беларускую мову людзі або ніяк не рэагавалі, або выказвалі захапленьне. Добра ставіліся і знаёмыя ўкраінцы.

Сама Ірына на пачатку поўнамаштабнай вайны адпісвалася ад расейскамоўных блогераў, калі ня ведала іхнага стаўленьня да вайны. Лічыць, што беларускамоўныя людзі, хутчэй за ўсё, асуджаюць вайну.

«Цяжэй за ўсё было з бацькамі»

Юлія* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) нарадзілася і вырасла ў Менску. Уся сям’я размаўляла або па-расейску, або на трасянцы.

«Амаль усё, што мяне атачала, было таксама расейскамоўным. Максымум я бачыла некалькі эпізодаў „Калыханкі“, але нават ня памятаю, ці разумела я беларускую мову тады», — кажа Юлія.

Усьведамляць, што ў Беларусі ёсьць іншая мова, акрамя расейскай, яна пачала, калі пайшла ў школу і трапіла на ўрокі беларускай.

«У школе я ўпершыню пачала чытаць па-беларуску, бо ніводнай кнігі на роднай мове ў мяне не было і, наколькі я памятаю, бацькі ніколі мне на ёй не чыталі», — кажа дзяўчына.

Падлеткам яна зацікавілася беларускай культурай, пачала ўсё больш туды паглыбляцца.

«Пакуль у адзін момант я не зразумела, што гаварыць аб прыгажосьці беларускай мовы па-расейску — крывадушнасьць. Таму вырашыла, што хачу гаварыць па-беларуску, бо так будзе больш шчыра. Я ведаю, што некаторыя пераходзяць на беларускую паступова — кажуць „дзякуй“ на касах, размаўляюць па-беларуску ў канкрэтныя дні тыдня, каб прывыкнуць і адчуць сябе больш упэўнена», — кажа Юлія.

Аднак ёй у той час было 16 гадоў. Магчыма, праявіўся падлеткавы максымалізм. Таму яна вырашыла адразу цалкам перайсьці на беларускую мову хаця б дома і на курсах, на якія тады хадзіла.

«У школе я спрабавала размаўляць па-беларуску, але вельмі хутка перастала, бо мяне занадта пужала магчымая рэакцыя маіх настаўніц і аднаклясьнікаў», — успамінае яна.

Дзяўчына думае, што спраўлялася пры такім рэзкім пераходзе няблага. Часам былі праблемы са слоўнікавым запасам, але паступова стала прасьцей.

«Памятаю, што тады адной з праграм на тэлефоне, якія я адкрывала часьцей за ўсё, быў слоўнік: я ўзяла сабе за правіла глядзець патрэбнае слова адразу, не адкладаючы на потым. І гэта, безумоўна, дапамагло», — кажа суразмоўца.

Першыя рэакцыі на сваю беларускую мову яна ўмоўна дзеліць на дзьве групы: нэгатыўная і «ну паглядзім, колькі табе часу спатрэбіцца, каб вярнуцца да расейскай».

«Потым я атрымала пазытыўную рэакцыю ад сваіх бабулі і дзядулі. Яны тады былі адзінымі людзьмі, якія былі рады майму рашэньню, хоць самі яны па-беларуску не размаўлялі. Цяжэй за ўсё было з бацькамі. Мой бацька беларускай мовы ня ведаў зусім, і яму не хацелася, каб я зь ім размаўляла па-беларуску. Спачатку нават гучала забарона размаўляць па-беларуску дома», — успамінае суразмоўца.

Аднак дзяўчына абараніла сваё права гаварыць на той мове, на якой хоча.

«Хаця дагэтуль пастаянна ёсьць праблемы з тым, што бацькі чагосьці не разумеюць і сьмяюцца зь беларускай мовы. Не з маіх памылак, а менавіта з самой мовы», — прызнаецца яна.

Юлія сутыкаецца з нэгатыўным стаўленьнем і ад незнаёмых людзей. Часта ёй казалі: «Говорите на нормальном языке».

Дзяўчына лічыць, што выхоўваць дзяцей варта па-беларуску.

«Я чула меркаваньне, што нават калі весьці сацсеткі па-беларуску, а ў жыцьці размаўляць па-расейску — гэта ўсё роўна ўнёсак у пашырэньне беларускай мовы. Я згодная, што гэта лепш, чым нічога. Але мне здаецца, што найлепшы спосаб дапамагчы беларускай мове — размаўляць на ёй. Каб выціснуць з ужытку расейскую мову, беларуская павінна быць паўсюль», — упэўнена суразмоўца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG