Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Электронныя падатковыя дэклярацыі, блогеры ў законе «Пра рэкляму», новая сыстэма выплат пэнсій. Што зьменіцца ў Беларусі з 1 ліпеня


Людзі ў Менску, архіўнае фота
Людзі ў Менску, архіўнае фота

З 1 ліпеня беларусаў чакае шэраг зьменаў. Свабода разабралася, у якіх сфэрах і што будзе новым.

Сыстэма догляду людзей пажылога ўзросту і інвалідаў

У Беларусі ў закон уводзяць панятак «доўгатэрміновы догляд» у адносінах людзей пажылога веку і інвалідаў. Аб гэтым дзяржаўнай прэсе паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Догляд прадугледжвае адмысловая пастанова Савету Міністраў № 367 «Аб арганізацыі доўгатэрміновага догляду», прынятага ў разьвіцьцё Закону «Аб сацыяльным абслугоўваньні».

Доўгатэрміновы догляд прызначаны грамадзянам, якія маюць асаблівую патрэбу ў дапамозе. Размова аб пажылых грамадзянах, 65 гадоў і старэйшых, а таксама інвалідах, якія маюць выяўленае або рэзка выяўленае абмежаваньне здольнасьці да самастойнага перамяшчэньня, самаабслугоўваньня, кантролю сваіх паводзін, і тых, хто адчувае патрэбу ў аказаньні адначасова як сацыяльных, так і мэдычных паслуг дома.

Рашэньне аб патрэбе доўгатэрміновага догляду будзе прымаць лекарска-кансультацыйная камісія дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя. Арганізацыя такога догляду замацоўваецца за камісіяй пры мясцовых органах улады. Яна будзе складаць індывідуальную праграму доўгатэрміновага догляду для канкрэтнага грамадзяніна.

Новыя правілы аплаты бальнічных

Зь ліпеня больнічныя лісты будуць аплачвацца згодна з новай сыстэмай. Зьмяненьні анансавалі яшчэ ў пачатку 2023 году, яны павінны былі ўступіць у дзеяньне ў пачатку 2024-га. Але кампаніям спатрэбілася больш часу, каб праверыць узаемадзеяньне з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва.

Пяць новых пунктаў:

  • Вырасьце сярэднядзённы заробак, які бярэцца для разьліку лістка непрацаздольнасьці (зараз ня ўлічваюцца разавыя выплаты накшталт матэрыяльнай дапамогі, выплаты на аздараўленьне).
  • Павялічацца бальнічныя для тых, хто працуе 10 гадоў і больш: ім зь першага дня будуць плаціць 100% страчанага заробку. Калі стаж меншы за 10 гадоў, выплата будзе 80%.
  • Незалежна ад стажу, першыя 12 дзён кампэнсуюць 80% страчанага заробку, астатнія дні хваробы — 100%.
  • Мінімальны бальнічны прывяжуць да мінімальнага заробку. Цяпер «мінімалка» складае 626 рублёў. Да гэтага была прывязка да 50% бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (183,90 рубля).
  • Лісток непрацаздольнасьці будуць аплачваць на асноўным месцы працы, але з улікам заробку ва ўсіх працадаўцаў (да ліпеня бальнічны прызначаўся па кожным месцы працы).

Прэтэндаваць на выплаты можна будзе, калі ўзяць лісток непрацаздольнасьці на ўсіх працах адразу. Цяпер можна на адным месцы пайсьці на бальнічны, а на іншым працягваць працаваць.

Павышэньне пэнсій на 6%

Чарговае павышэньне пэнсій адбудзецца ў сувязі з «ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы шляхам карэктаваньня фактычнага заработку пэнсіянэраў, зыходзячы зь сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы, прымененай пры папярэднім пераразьліку пэнсій», — патлумачылі ўлады.

Такім чынам, пэнсіі вырастуць на 6%. Як напісаў партал так званай «саюзнай дзяржавы», пэнсіі павышаюцца «дзеля падтрымкі пэнсіянэраў і вэтэранаў».

Пэнсіі і дапамогі праз банк

З 1 ліпеня 2024 году ў Беларусі мяняюцца правілы атрыманьня пэнсіяў і шэрагу іншых сацыяльных выплат — дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, а таксама дапамогі па доглядзе інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

Паводле новых правілаў, выплаты пераводзяць з пошты ў банк. Раней яны былі даступныя для атрыманьня на пошце або дастаўляліся дадому, цяпер іх можна будзе атрымаць толькі ў банку.

Пакуль зьмены датычацца толькі насельніцтва Менску, абласных гарадоў і раённых цэнтраў, прычым далёка ня ўсіх іх жыхароў.

Новая рэдакцыя закону «Пра рэкляму»

Зьмены ў закон набываюць моц з 12 ліпеня. Блогерам неабходна будзе зарэгістравацца ў картатэцы распаўсюднікаў рэклямы.

Цяпер трэба будзе ўносіць у рэестар інфармацыю аб усіх, хто разьмяшчае рэкляму ў любой форме з дапамогай любых сродкаў у інтэрнэце (нават калі яны не зьяўляюцца СМІ і не зарэгістраваныя як сеткавыя выданьні). Гэта тычыцца, апроч іншых, блогераў, якія хочуць зарабляць на рэкляме.

За невыкананьне — адміністрацыйная адказнасьць паводле артыкулу 24.11 КаАП («Непадача дакумэнтаў, справаздач і іншых матэрыялаў»).

Новыя цэны ў стаматалёгіі

У ліпені ўлады заходзяць на новую спробу зьнізіць цэны на паслугі стаматалёгіі, што ніяк не ўдаецца зрабіць ужо некалькі гадоў. Цяпер Міністэрства аховы здароўя анансавала новыя «нормы часу і расходу матэрыялаў на платныя мэдычныя паслугі па стаматалёгіі» з 1 ліпеня.

Улады гавораць, што гэта нібыта будзе садзейнічаць зьніжэньню цэнаў на лячэньне зубоў. Новыя нормы замацаваныя пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 24 красавіка 2024 году № 75.

Раней Міністэрства аховы здароўя вызначыла гранічныя максымальныя тарыфы на аказаньне стаматалягічных паслуг. У сакавіку 2024 году, аднак, ва ўрадзе адзначалі, што патрэбнага эфэкту гэта не дало і якасныя паслугі дагэтуль недаступныя ўсім слаям насельніцтва.

3 ліпеня — выходны

Не сказаць, што гэта зьмена. Але ў Беларусі ўлады зазвычай прымушаюць работнікаў «адпрацоўваць» выходныя, у залежнасьці ад дня, на які тыя выпадаюць. Але сёлета такога ня будзе. 3 ліпеня — серада, пераносаў не адбудзецца. На тым тыдні працоўнымі будуць усе дні, апрача серады.

Зьмяняецца ўтылізацыйны збор

З 1 ліпеня зьменіцца ўтылізацыйны збор з аўтамабіляў, якія ўвозяцца ў Рэспубліку Беларусь з тэрыторыі краінаў Эўразійскага эканамічнага зьвязу. Гэты збор увялі ў Беларусі з 2014 году. Яго павінны выплачваць як юрыдычныя асобы, так і насельніцтва. Збор працуе па «папярэдняй» схеме: дзяржава спаганяе збор загадзя, закладваючы ў кошт вырабленага ў краіне транспарту, ці спаганяе пры ўвозе з-за мяжы падчас мытнага афармленьня. Атрыманыя сродкі паступаюць у дзяржаўны бюджэт, яны ідуць на ўтылізацыю аўтамабіляў, якія не эксплюатуюцца.

У сакавіку ўлады павысілі ўтылізацыйны збор для аўтамабіляў з-за мяжы, апрача ЭАЭЗ. Цяпер павышэньне будзе тычыцца і аўта адтуль. Зборы будуць спаганяць з аўтамабіляў, выпушчаных меней за год таму. А стаўку ўтылізацыйнага збору ўстановіць адмысловая камісія сваёй незалежнай ацэнкай.

Акрамя таго, урад унёс зьмены ў сьпіс дакумэнтаў, якія неабходна сабраць аўтаўладальніку, каб вызваліцца з-пад спагнаньня збору. Размова аб тых машынах, якія вязуць у Беларусь як замежную дармовую або міжнародную тэхнічную дапамогу.

Толькі электронны від дэклярацый

Уводзяцца новыя зьмены для індывідуальных прадпрымальнікаў. З 1 ліпеня ўсе разьлікі, падатковыя дэклярацыі падаюцца ў Падатковую інспэкцыю выключна ў электронным выглядзе, папяровыя прымацца ня будуць. У пісьмовай форме яны будуць лічыцца непададзенымі.

Каб аформіць магчымасьць электроннай падачы падатковай дэклярацыі, ІП неабходна атрымаць сэртыфікат электроннага лічбавага подпісу.

Новы польскі закон аб прызнаньні беларускіх дакумэнтаў

Раней прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў закон, якія спрашчаюць прызнаньне дакумэнтаў аб беларускай адукацыі. Ён набудзе моц 1 ліпеня. Адна з паправак прадугледжвае, што атэстат, атрыманы ў краіне, якая дэнансавала пагадненьні з Польшчай аб прызнаньні дакумэнтаў аб адукацыі, можна будзе пацьвердзіць у Польшчы. Гэта тычыцца дакумэнтаў аб пачатковай, няпоўнай сярэдняй, сярэдняй адукацыі, у тым ліку прафэсійнай.

Раней пацьвердзіць атэстат такім чынам — праз адміністрацыйную працэдуру ў Польшчы — маглі толькі асобы, якія атрымалі статус уцекача або дадатковую абарону, і члены іхных сем’яў, а таксама асобы, якія пацярпелі ў выніку ўзброеных канфліктаў, стыхійных бедзтваў і іншых гуманітарных крызісаў.

Беларусь прыпыніла пагадненьне з Польшчай аб супрацоўніцтве ў сфэры адукацыі ў лютым 2023 году.

1 ліпеня — пачатак старшынёўства Вугоршчыны ў Эўразьвязе

З новага месяца мае распачацца старшынёўства ў Эўразьвязе Вугоршчыны. Гэтая дзяржава на чале з прэм’ер-міністрам Віктарам Орбанам блякуе большасьць рашэньняў, датычных вайсковай дапамогі Ўкраіне і іншых спадарожных рашэньняў. Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта актыўна сустракаецца зь беларускім калегам Сяргеем Алейнікам і іншымі беларускімі чыноўнікамі, супраць якіх Захад увёў санкцыі.

4 чэрвеня Бэльгія, якая цяпер старшынюе ў Радзе Эўразьвязу на ратацыйнай аснове і мае перадаць з 1 ліпеня гэтыя паўнамоцтвы Вугоршчыне, заклікала ўрады эўрапейскіх краін разгледзець магчымасьць пазбаўленьня Вугоршчыны права голасу і выкарыстаньня права вэта. Зрэшты, пакуль канкрэтыкі ў гэтым пытаньні так і не наступіла.

Павышэньне тарыфаў на беларускія тавары ў Эўразьвязе

З 1 ліпеня некаторыя сельскагаспадарчыя прадукты і кармы з Расеі і Беларусі будуць абкладацца больш высокімі імпартнымі тарыфамі Эўразьвязу. На думку эўрапейскіх чыноўнікаў, гэта забясьпечыць бесьперабойнае функцыянаваньне Адзінага рынку і Мытнага зьвязу ЭЗ.

Мытная служба Літвы раней адзначыла, што краіна як сябар Эўразьвязу падтрымлівае прынятыя на ўзроўні ЭЗ захады па абмежаваньні імпарту з Расеі і Беларусі.

25 красавіка Сейм Літвы прыняў закон аб забароне ўвозу сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў з Расеі і Беларусі. Але ў пачатку чэрвеня абмежавальныя захады Літва зьмякчыла. Зацьверджаны ўрадам Літвы сьпіс забароненых прадуктаў набыў моц 3 чэрвеня. Страхоўка не пашыраецца на тавары, якія перавозяцца транзытам, а таксама на тавары, прызначаныя толькі для асабістага карыстаньня падчас паездкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG