Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клюшку легендарнага хакеіста Ўэйна Грэцкі прадалі за рэкордную суму


Уэйн Грэцкі атрымлівае пэрсанальную ўзнагароду ад іншай легенды НХЛ Гордзі Гоў, 1987 год
Уэйн Грэцкі атрымлівае пэрсанальную ўзнагароду ад іншай легенды НХЛ Гордзі Гоў, 1987 год

Як вядома, Грэцкі мае беларускія і ўкраінскія карані, і чуў абедзьве гэтыя мовы ў дзяцінстве ад сваякоў.

Клюшка, якую Ўэйн Грэцкі выкарыстоўваў для каманды «Эдмантан Ойлерз» у фінале Кубку Стэнлі ў 1988 годзе, набытая на аўкцыёне за 336 000 даляраў. Гэта новы гістарычны рэкорд для хакейнай клюшкі, якая выкарыстоўвалася ў НХЛ, паведаміла дырэкцыя аўкцыёну Sotheby’s, інфармуе ESPN.

На клюшцы, сапраўднасьць якой пацьверджана, подпіс: «Рыку, з найлепшымі пажаданьнямі, Уэйн Грэцкі, 26 траўня 1988 г.»

Sotheby’s пацьвердзіў ESPN, што клюшка першапачаткова была ў асабістай калекцыі Рыка «Клюшкі» Элашчука з Эдмантану. Элашчук быў даўнім супрацоўнікам «Ойлерз», аднаго з найвялікшых клюбаў Нацыянальнай хакейнай лігі, які, між іншым, прабіўся ў фінал розыгрышу Кубку Стэнлі і сёлета.

Sotheby’s адзначыў, што 22 удзельнікі аўкцыёну зрабілі агулам 79 ставак на апошнюю клюшку Грэцкі ў Эдмантане. Аб продажы было абвешчана за некалькі гадзін да сустрэчы «Ойлерз» з «Флёрыдай Пантэрз» у 6-й гульні фіналу Кубку Стэнлі на «Роджэрс-Плэйс» у канадыйскім Эдмантане.

Папярэдні рэкорд па суме за клюшку, якія выкарыстоўваліся ў НХЛ, таксама належаў Грэцкі. Тады прадалі адну з апошніх клюшак, якую хакеіст выкарыстоўваў у сваёй заключнай гульні ў кар’еры. Sotheby’s прадаў яе ў 2022 годзе за 138 600 даляраў.

Апошнімі гадамі на аўкцыёнах зьявіліся іншыя прадметы Грэцкі з фіналу Кубку Стэнлі 1988 году: у чэрвені 2022 году апошні швэдар Грэцкі ў «Ойлерз» прадалі за 1,452 мільёна даляраў, што стала самай высокай цаной за хакейную форму, а ягоныя пальчаткі з той фінальнай гульні прадалі за 204 162 даляры.

«Ойлерз» перамаглі «Бостан Бруінз» у фінале 1988 году. Характэрна, што гульня № 4 той сэрыі была прыпыненая з-за адключэньня электраэнэргіі 24 траўня 1988 году ў Boston Garden. Гульню так і ня скончылі, сэрыя вярнулася ў Эдмантан, і праз два дні «Ойлерз» выгулялі паядынак. Гэта быў чацьверты тытул «Ойлерз» за пяць сэзонаў і апошні для Грэцкі. Менш чым праз тры месяцы Грэцкі перайшоў у «Лос-Анджэлес Кінгз».

У тым фінале Грэцкі набраў 13 пунктаў — 3 шайбы + 10 перадач. Рэкорд сэрыі, які застаецца ў сіле. 10 галявых перадач Грэцкі ў фінале Кубку Стэнлі таксама па-ранейшаму зьяўляюцца рэкордам сэрыі. Грэцкі, рэкордны дзевяціразовы найлепшы гулец лігі, застаецца адзіным гульцом НХЛ, чый гульнявы нумар (№ 99) быў выведзены з абарачэньня ва ўсёй лізе.

Грэцкі — самы выніковы гулец НХЛ за ўсю гісторыю. У 1487 паядынках ён набраў 2857 пунктаў, з чаго 894 — закінутыя шайбы, а 1963 — галявыя перадачы.

Уэйн Грэцкі мае беларускія карані — ягоны дзед на пачатку XX стагодзьдзя выправіўся з Горадзеншчыны на заробкі за акіян, там і застаўся. У сям'і найвялікшага хакеіста сьвету захоўваюцца здымкі ягоных беларускіх сваякоў. Таксама канадыец мае ўкраінскія карані. Упершыню ў Беларусі Грэцкі пабываў у 2001 годзе, тады ён выказаў шкадаваньне, што не навучыўся беларускай мове ў дзяцінстве, іначай бы яму не спатрэбіўся перакладчык з ангельскай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG