Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ягор Шаранговіч паставіў новы рэкорд выніковасьці беларускіх гульцоў у НХЛ


Ягор Шаранговіч
Ягор Шаранговіч

У наймацнейшай хакейнай лізе сьвету пабіты рэкорд па колькасьці набраных беларусам пунктаў за сэзон.

Нападнік «Калгары Флэймз» Ягор Шаранговіч пабіў рэкорд па колькасьці выніковых балаў для беларускіх гульцоў за адзін сэзон. Ён набраў 59 пунктаў у 82 гульнях. На ягоным рахунку 31 шайба і 28 перадач.

Шаранговіч пабіў рэкорд Міхаіла Грабоўскага, які ў 2011 годзе набраў 58 (29+29) выніковых балаў.

Сваё дасягненьне Шаранговіч пракамэнтаваў у жартоўнай форме: «Грабоўскі ўсё яшчэ злуецца. Так і не патэлефанаваў мне», — прыводзіць ягоныя словы «Трыбуна».

Словы хакеіста, зрэшты, ня большыя за жарт. Насамрэч Грабоўскі і Шаранговіч у добрых адносінах. Як пісала газэта Calgary Herald, Грабоўскі нават браў свайго сына на адзін з матчаў «Калгары», а таксама гульцы сустракаліся на абед, калі Шаранговіч са сваёй камандай прылятаў у Таронта.

Раней Ягор Шаранговіч выступаў за менскае «Дынама», затым пераехаў за акіян, дзе ягонай першай камандай стаў «Нью-Джэрзі Дэвілз».

Шаранговіч дэбютаваў у НХЛ у 2020 годзе. У чэрвені яму споўніцца 26 гадоў. Міхаіл Грабоўскі раней адзначаў, што Ягор можа закінуць і 50 шайбаў за адзін сэзон.

Рэкорд выніковасьці за адзін сэзон пабіты, але Грабоўскаму належыць іншае дасягненьне. Ён правёў найбольшую колькасьць гульняў (534) і набраў найбольшую колькасьць выніковых балаў (296) за кар’еру сярод усіх беларусаў, якія калі-небудзь выступалі ў НХЛ. Шаранговіч пакуль далёка, ягоны паказьнік: 287 матчаў, 165 балаў (84+81).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG