Сярод іх журналіст і дзяяч польскай меншасьці ў Беларусі, палітвязень Анджэй Пачобут, піша Польскае радыё.
«У такой сытуацыі, калі мы ня можам прымусіць рэжым яго вызваліць, мы можам зрабіць так, каб вакол яго справы не было цішыні, каб быў розгалас, каб рэжым Лукашэнкі ня мог быць спакойным і думаць, што ўсе забыліся пра такія выпадкі. Мы будзем выступаць за Пачобута, за ўсіх вязьняў сумленьня ў Беларусі і будзем спрабаваць падтрымліваць іхных сваякоў і людзей, якія змагаюцца за іх вызваленьне», — сказаў каардынатар Сэнату Польшчы па пытаньнях польскай дыяспары і палякаў за мяжой Робэрт Тышкевіч.
Анджэя Пачобута арыштавалі ў сакавіку 2021 году, а 8 лютага 2023 году яму прысудзілі 8 гадоў пазбаўленьня волі.
Раней польская рэдакцыя аўтарытэтнага амэрыканскага выданьня Newsweek правяла цырымонію ўзнагароджаньня сваёй прэміяй і ўганаравала палітвязьня Пачобута, які атрымаў прэмію імя Тэрэсы Тараньскай у намінацыі «Постаць 10-годзьдзя».
«Выдатны журналіст, калега, чалавек мацнейшы за сталь. Анджэй ня змог забраць узнагароду, бо сядзіць у турме ўжо 1075 дзён. Ён выжыве. Вось убачыце! Ён яшчэ напіша тэкст пра падзеньне Лукашэнкі», — адзначыў журналіст выданьня Яцэк Паўліцкі.
Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзяяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.