Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліцэю БДУ прысвоілі імя заснавальніка ВЧК-КГБ Дзяржынскага


Бюст Фэлікса Дзяржынскага, ілюстрацыйнае фота
Бюст Фэлікса Дзяржынскага, ілюстрацыйнае фота

З ініцыятывай выступіла дырэктарка ліцэю Тацяна Мамчыц.

Ліцэю БДУ прысвоена імя Фэлікса Дзяржынскага. Пра гэта паведаміў 17 чэрвеня тэлеграм-канал навучальнай установы.

З ініцыятывай прысвоіць ліцэю імя заснавальніка ВЧК-КДБ выступіла «адміністрацыя ўстановы адукацыі», паведамляецца ў прэс-рэлізе. Ідэю падтрымала Міністэрства адукацыі.

Пытаньне прысваеньня ліцэю БДУ імя Фелікса Дзяржынскага прасоўвала цяперашняя дырэктар навучальнай установы Тацяна Мамчыц. Раней яна працавала ў Інстытуце нацыянальнай бясьпекі, які рыхтуе кадры для КДБ.

Ліцэй БДУ быў заснаваны ў 1989 годзе, ён забясьпечвае профільнае навучаньне ў 10-11-х клясах, рыхтуе да паступленьня ў ВНУ. Яго вучні рэгулярна становяцца прызэрамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд у самых розных прадметах. У 2004 годзе ліцэю далі прэмію ўраду за дасягненьні ў галіне якасьці.

У 2020 годзе больш за тысячу выпускнікоў установы падтрымалі свабодныя выбары. Пасьля выбараў з ліцэя звольнілі сама меней 15 выкладчыкаў, за гэты час зьмянілася два дырэктары.

У сярэдзіне сакавіка зьявілася навіна пра намер даць ліцэю БДУ імя Фэлікса Дзяржынскага — заснавальніка карнай сыстэмы ВЧК-ОГПУ ў былым СССР. Нібыта калектыўны зварот супрацоўнікаў ліцэю з такой просьбай перадала рэктару БДУ Андрэю Каралю дырэктарка ліцэю Тацяна Мамчыц.

Былы дырэктара ліцэю БДУ Ігар Варакса, якія цяпер жыве за межамі Беларусі, раней заявіў, што магчымая зьмена назвы ліцэю яго ня дзівіць.

«Мяне гэтая навіна асабліва ня ўзрушыла, бо я ўжо даўно ня зьвязваю сучасны ліцэй БДУ з тым ліцэем БДУ, у якім я вучыўся і ў якім працаваў. Ліцэй, які я памятаю, і сучасны ліцэй — гэта дзьве абсалютна розныя ўстановы адукацыі», — сказаў Ігар Варакса.

Пасаду дырэктара ліцэю БДУ Ігар Варакса пакінуў улетку 2021 году. Пасьля ягонай адстаўкі ўстановай кіравала Ганна Чубарава, выпускніца БДУ, паводле адукацыі біёляг. У кастрычніку 2023 году Ганну Чубараву на пасадзе дырэктара замяніла Тацяна Мамчыц. Раней СМІ паведамлялі, што яна працавала ў Інстытуце нацыянальнай бясьпекі.

«Давяраць адукацыю беларускіх дзяцей цяперашняму рэжыму і яго прыхільнікам нельга»

Коўшык: гэта рэакцыя рэжыму на пратэсты 2020 года

Прадстаўніца па нацыяльным адраджэньні АПК Аліна Коўшык з гэтай нагоды заявіла:

«Не Скарына. Не Сымон Будны. Не Алаіза Пашкевіч. Не Якуб Колас... Дзяржынскі. Заснавальнік ВЧК — папярэдніцы КДБ — вядомай сваёй роляй у палітычных рэпрэсіях, чыстках і барацьбе з іншадумствам. Цяпер Ліцэй БДУ, яшчэ нядаўна флягман беларускай сярэдняй адукацыі, будзе асацыявацца з гісторыяй рэпрэсій і прыгнётам нацыянальнай інтэлектуальнай эліты. І сваёй цяперашняй назвай будзе мімаволі нармалізаваць гэта. Змушэньне выкладчыкаў да падпісаньня звароту аб перайменаваньні можна лічыць сыстэмным гвалтам і парушэньнем правоў чалавека».

Коўшык назвала гэты акт рэакцыя рэжыму на пратэсты 2020 года, бо тысячы выпускнікоў Ліцэя БДУ падтрымалі свабодныя выбары, з ліцэя былі звольненыя не менш як 15 выкладчыкаў.

«Гэта шырма — спосаб падкрэсьліць ляяльнасьць навучальнай установы і яе супольнасьці да бягучага курсу Лукашэнкі і Крамля. Але, галоўнае, гэта бясспрэчнае пацьвярджэньне адкату назад і яскравае сьведчаньне акупацыі Беларусі. Што з гэтым рабіць? Працягваць барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі, абараняць каштоўнасьці свабоднага грамадзтва, вучыцца самім і вучыць сваіх дзяцей праўдзівай гісторыі. Быць пільнымі ў выбары навучальных устаноў і іх кіраўніцтва (раю паглядзець нядаўняе расьсьледаваньне „Кібэрпартызан“ аб БДУ і яго рэктары). Браць усё ў свае рукі. Бо давяраць адукацыю беларускіх дзяцей цяперашняму рэжыму і яго прыхільнікам нельга».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG