Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт «Вялікай сямёркі»: што ў цэнтры ўвагі


Удзельнікі саміту «Вялікай сямёркі»
Удзельнікі саміту «Вялікай сямёркі»

На саміце «Вялікай сямёркі», які пачаўся ўчора ў Італіі, сёньня аддалі ўвагу праблеме міграцыі, шукаючы спосабы барацьбы з гандлем людзьмі і павелічэньня інвэстыцый у краіны, адкуль мігранты адпраўляюцца ў свае падарожжы, часта з рызыкай для жыцьця.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Удзельнікі саміту, якія сабраліся на курорце ў Апуліі на поўдні Італіі, абмяркоўваюць і іншыя важныя тэмы, у тым ліку фінансавую падтрымку Ўкраіны, вайну ў сэктары Газа, штучны інтэлект і зьмены клімату, а таксама прамысловую палітыку Кітая і эканамічную бясьпеку.

Міграцыя становіць асаблівую цікавасьць для гаспадыні саміту, Італіі. Людзі, якія ўцякаюць ад вайны і беднасьці ў Афрыцы, на Блізкім Усходзе і Азіі, у многіх выпадках выбіраюць маршруты, якія праходзяць праз Італію.

«Італія хацела аддаць дастаткова месца іншаму кантынэнту, які мае асноватворнае значэньне для будучыні ўсіх нас, а менавіта Афрыцы зь яе цяжкасьцямі і магчымасьцямі», — заявіла прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні, выступаючы на саміце.

«З Афрыкай, дый ня толькі з Афрыкай, зьвязаная яшчэ адна фундамэнтальная праблема, якую Італія паставіла ў цэнтар свайго прэзыдэнцтва ў G7. Гаворка ідзе пра міграцыю, пра ўсё больш трывожную ролю арганізацый, якія займаюцца гандлем людзьмі, эксплюатуючы адчай людзей», — сказала яна.

Паводле дадзеных управы вярхоўнага камісара ААН па ўцекачах, з пачатку году ў Італію прыбылі морам больш за 22 тысячы чалавек. У 2023 годзе прыбылі больш за 157 тысяч, а каля 2 тысяч чалавек загінулі або прапалі бязь вестак пры спробе пераплыць Міжземнае мора.

Рашэньне праблемы міграцыі — гэта «агульная задача», заявіў кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль пасьля прыбыцьця на саміт.

Папа Рымскі Францішак таксама стане першым пантыфікам, які выступіць на саміце «Вялікай сямёркі». Ягоная прамова ў пятніцу будзе прысьвечаная штучнаму інтэлекту.

Сярод іншых запрошаных — прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Бразыліі Луіз Інасью Лула да Сілва, прэмʼер-міністар Індыі Нарэндра Модзі і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG