Саміт «Вялікай сямёркі» пачаўся ў чацьвер з дасягнутай дамоўленасьці наконт прапановы ЗША выдзеліць Украіне крэдыт у памеры 50 мільярдаў даляраў з выкарыстаньнем замарожаных расейскіх актываў у якасьці закладу, што дало Кіеву моцную дэманстрацыю падтрымкі, піша агенцтва AP.
Прэмʼер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні вітала кіраўнікоў вядучых індустрыяльна разьвітых краін G7 на курорце ў паўднёвай Італіі, заявіўшы, што яна хацела, каб пасланьнем сустрэчы стаў дыялёг з глябальным Поўднем і адзінства.
Чакаюцца дыскусіі пра расейскую вайну ва Ўкраіне, вайну ў Газе і прамысловую палітыку Кітаю. Апрача таго, папа Францішак стане першым пантыфікам, які выступіць на саміце Вялікай сямёркі, што павысіць маральны аўтарытэт штогадовага сходу. У пятніцу папа будзе гаварыць пра пэрспэктывы і небясьпекі штучнага інтэлекту. Як чакаецца, ён таксама паўторыць свой заклік да мірнага спыненьня поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і вайны Ізраілю з ХАМАСам у Газе.
У G7 уваходзяць Канада, Францыя, Нямеччына, Італія, Японія, Вялікая Брытанія і ЗША. Італія, якая прымае саміт, запрасіла некалькіх афрыканскіх лідэраў — прэзыдэнтаў Альжыру, Кеніі і Тунісу.
Сярод іншых гасьцей — прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Бразыліі Луіз Лула да Сілва, прэмʼер-міністар Індыі Нарэндра Модзі і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган.
Як паведамілі ў Радзе ЭЗ, у рамках паседжаньня адбудзецца шэсьць рабочых сэсій па наступных пытаньнях:
- Афрыка, зьмяненьне клімату і разьвіцьцё;
- бягучая сытуацыя на Блізкім Усходзе;
- расейская агрэсія супраць Украіны;
- міграцыя;
- Інда-Ціхаакіянскі рэгіён / Эканамічная бясьпека;
- штучны інтэлект і энэргія / Афрыка і Міжземнаморскі рэгіён;
Згодна з раскладам саміту, сёньня ў другой палове дня будуць узьнятыя пытаньні па сытуацыі ва Ўкраіне.
«Падчас трэцяй сэсіі лідэры G7 пацьвердзяць вайсковую і фінансавую падтрымку Ўкраіны. Перамовы таксама будуць датычыць замарожаных актываў РФ, санкцый, адказнасьці і аднаўленьня Ўкраіны», — гаворыцца ў паведамленьні.
Адзначаецца, што для ўдзелу ў трэцяй сэсіі быў запрошаны прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі.
Напярэдадні саміту брытанскі ўрад абвясьціў аб выдзяленьні Ўкраіне больш як 280 мільёнаў эўра дапамогі. Таксама чакаецца, што краіны дамовяцца наконт спосабу выкарыстаньня замарожаных расейскіх актываў для падтрымкі Ўкраіны.
12 чэрвеня агенцтва AFP з спасылкай на неназванага прадстаўніка канцылярыі прэзыдэнта Францыі напісала, што лідэры краін «Вялікай сямёркі» дамовіліся выдзеліць Украіне да канца году 50 мільярдаў даляраў з выкарыстаньнем замарожаных расейскіх актываў.
Дарадца ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван таксама паведаміў, што на палях саміту «Вялікай сямёркі» ў Італіі ЗША і Ўкраіна падпішуць двухбаковае пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэры бясьпекі. Чакаецца сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.
Як заявілі ў Белым доме, на саміце будзе абмяркоўвацца «шэраг найбольш вострых глябальных пытаньняў, у тым ліку непахісная падтрымка Ўкраіны».
Форум