Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі анамальна вырасьлі цэны на прадукты для баршчу


Згодна са зьвесткамі Белстату, у траўні ў параўнаньні з пачаткам 2024 году больш за ўсё вырасла ў цане самая запатрабаваная ў беларусаў гародніна: буракі, морква, капуста, прааналізаваў партал «Люстэрка».

Так, цана на буракі за пяць месяцаў 2024 году вырасла амаль на 73% (годам раней быў рост на 17%).

Падаражэньне нельга сьпісаць толькі на сэзоннасьць, бо морква падаражэла крыху больш, чым за той жа пэрыяд 2023 году (на 82% з пачатку 2024 году, за такі ж пэрыяд летась — на 79%).

Такога падвышэньня цэнаў на гэтыя два віды гародніны не было нават у 2022 годзе — да таго, як у Беларусі пачалі праводзіць больш жорсткае рэгуляваньне цэнаў.

Капуста з пачатку году падаражэла ў Беларусі на 35%, цыбуля на 27,6%, бульба — амаль на 16%.

У Беларусі ня першы год узьнікаюць праблемы з наяўнасьцю айчыннай агародніны і садавіны з міжсэзонны пэрыяд. Як правіла, гэта суправаджаецца ростам коштаў на іх.

Ёсьць і прадукты, якія ў параўнаньні са сьнежаньскімі цэнамі сталі больш даступнымі. Найбольш патаньнелі гуркі — на 60%. Амаль на 12,5% сталі таньнейшымі памідоры і амаль на 7,5% — цытрусавыя.

У топе паслугаў, якія найбольш падаражэлі, — камунальныя тарыфы, якія рэгулююцца дзяржавай. Нацбольш падаражэў вываз сьмецьця — на 18% з пачатку году.

У цэлым камуналка ў траўні 2024 году для беларусаў падаражэла на 6,17% у параўнаньні са сьнежнем мінулага году. І гэта ў той час, як індэкс спажывецкіх цэнаў, паводле зьвестак Белстату, у сярэднім за гэты ж пэрыяд склаў 2,8%, а асобна на паслугі — 3,4%. Выходзіць, што камунальныя даражэлі ў разы актыўней.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG