Павелічэньне дапамогі на пахаваньне
У Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю заявілі, што пашыраць сьпіс паслуг у рытуальнай сфэры. А павышэньне дапамогі зьвязанае з павышэньнем сярэдняй зарплаты. Новы памер складзе 2182,5 рубля.
Дапамогу на пахаваньне прызначаюць, калі па яе зьвярнуліся не пазьней як праз паўгода з дня сьмерці.
Пры гэтым у выпадку сьмерці інваліда Вялікай Айчыннай вайны альбо асобы, якая атрымлівала пэнсію за асаблівыя заслугі перад рэспублікай, дапамога на пахаваньне выплачваецца ў памеры двухмесячнай сумы прызначанай гэтай асобе пэнсіі, але ня менш за сярэднюю заработную плату работнікаў у рэспубліцы за пазамінулы месяц адносна месяца наступленьня сьмерці.
Зьмена ў заробках кіраўнікоў канцэрнаў
Урад адкарэктаваў заробкі старшыняў Белдзяржхарчпраму, Белнафтахіму, Беллегпраму, Беллеспаперапраму і іншых канцэрнаў, а таксама іх намесьнікаў.
Тарыфны аклад кіраўніка канцэрну (яго намесьніка) вылічаецца зыходзячы з тарыфнага каэфіцыенту згодна з дадаткам да пастановы Савету міністраў № 1279 і з тарыфнай стаўкі 1-га разраду, што прымяняецца для аплаты працы работнікаў апарату канцэрну.
З 1 чэрвеня 2024 г. тарыфныя каэфіцыенты, якія прымяняюцца для вылічэньня тарыфных акладаў кіраўніка канцэрну (яго намесьніка), будуць павышаныя:
- кіраўніку арганізацыі — з 8,4 да 8,82;
- першаму намесьніку кіраўніка арганізацыі — з 7,7 да 8,09;
- намесьніку кіраўніка арганізацыі — з 7,1 да 7,46.
Зьмяніліся крытэры прэміяваньня кіраўнікоў канцэрнаў (іх намесьнікаў).
Прэміі ўстанаўліваюцца за выкананьне:
- мэтавых паказьнікаў у рамках забесьпячэньня выкананьня прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця РБ;
- паказьнікаў дзяржаўных праграм і іншых паказьнікаў, даведзеных ва ўстаноўленым парадку.
Агульны памер прэміі ўстанаўліваецца для:
- кіраўніка Белнафтахіму (яго намесьнікаў) — ня больш за 150% акладу;
- кіраўнікоў іншых канцэрнаў (іх намесьнікаў) — ня больш за 100% акладу.
Падаражэньне цыгарэт
Гэта ўжо пятае павышэньне цэнаў на тытунь у краіне з пачатку году. Раней падаражэньне было сур’ёзнае — да 50 капеек, а з чэрвеня некаторыя маркі цыгарэт стануць каштаваць на 10–20 капеек даражэй за папярэднюю цану.
Рэзкае павышэньне цэнаў зьвязана з ураўнаньнем ставак беларускіх і расейскіх акцызаў. У рамках «інтэграцыі Саюзнай дзяржавы» айчынныя стаўкі павінны адпавядаць расейскім, піша «Точка».
У 2024-м будуць актыўна даражэць і імпартныя цыгарэты. Чакаецца, што канчаткова стаўкі зраўняюцца ў 2028 годзе.
Падаражэньне інтэрнэту
«Деловая сеть» паведаміла, што з 1 чэрвеня вырастуць цэны на шэраг паслуг. Зьмяненьні закрануць тарыфныя пляны лінеек iDOM VIP, iDOM light, БІЗНЭС ЛАЙТ, iDOM dsl, iDom SET, а таксама дадатковыя паслугі.
Павелічэньне абанэнцкай платы складзе ў сярэднім 4-7% на тарыфы Ethernet і каля 18% на тарыфы xDSL.
Кошт тарыфаў для студэнтаў STUDENT Light, STUDENT Light EXTRA і iStudent ня зьменіцца.
Усе дзейныя акцыі будуць прымяняць устаноўлены адсотак зьніжак ад новай цаны.
Зноў вырасьце камуналка
З 1 чэрвеня можна чакаць новых цэнаў на цеплавую энэргію, якая выкарыстоўваецца для ацяпленьня жыльлёвага фонду і гарачага водазабесьпячэньня. Мяркуецца, што тарыфы вырастуць на 9 рублёў 65 капеек (з улікам студзеньскага павышэньня — да 0,5 базавай велічыні), пісаў ilex.by.
Апошняе павышэньне камунальных плацяжоў адбывалася ў студзені 2024 году і склала 0,26 базавай велічыні (10 рублёў 35 капеек).
Каля 8% ад усіх асабовых рахункаў па краіне маюць запазычанасьці па плацяжах.
Новы чартэр у Эгіпет
На 11 чэрвеня заплянаваны першы рэйс зь Менску ў Эль-Алямэйн. Курорты гэтага гораду карыстаюцца вялікім попытам у турыстаў, у тым ліку беларускіх. Зазвычай туры прадаюцца ў рэжыме «ўсё ўключана».
Рэйсы будуць працягвацца да 4 кастрычніка.
Новы склад Каардынацыйнай рады
Выбары ў 3-е скліканьне Каардынацыйнай рады адбываліся 25–27 траўня. 8 чэрвеня адбудзецца канчатковае зацьверджаньне новага складу органа, з улікам усіх скаргаў і апэляцый.
Да гэтага часу можа зьявіцца і справаздача міжнародных назіральнікаў, якія працавалі на выбарах.
Працяг ЦТ
У Беларусі будзе працягвацца Цэнтралізаванае тэставаньне. 3 чэрвеня абітурыенты здадуць матэматыку, біялёгію, замежныя мовы, геаграфію, сусьветную гісторыю (найноўшы час).
6 чэрвеня пройдуць выпрабаваньні зь фізыкі, хіміі, гісторыі Беларусі, грамадазнаўства.
Афармленьне «базавага рахунку»
Да 10 чэрвеня пэўныя катэгорыі грамадзян павінны завесьці «базавы рахунак» у адным з банкаў, вызначаных дзяржавай, каб далей атрымліваць пэнсію ці дапамогу на дзяцей.
З 1 ліпеня шмат каго зь беларусаў перавядуць на атрыманьне пэнсій і дапамог на дзяцей праз банкі. Гэта закранае жыхароў Менску, а таксама гарадоў абласнога падпарадкаваньня і райцэнтраў. Выбраць фінансавыя ўстановы, каб атрымліваць празь іх гэтыя сродкі, можна самастойна, даведалася «Люстэрка». Цяпер беларусы на свой выбар могуць атрымліваць пэнсіі і дапамогі на дзяцей праз пошту ці банкі.
Па-ранейшаму атрымліваць пэнсіі праз пошту змогуць беларусы старэйшыя за 70 гадоў, інваліды І і ІІ групы, а таксама жыхары сельскай мясцовасьці.
Што тычыцца дапамог на дзяцей, то магчымасьць атрымліваць іх праз пошту пакінулі за інвалідамі І і ІІ групы, а таксама за сем’ямі, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасьцю ва ўзросьце да 18 гадоў. Жыхары сельскай мясцовасьці таксама па-ранейшаму змогуць атрымліваць дапамогу на дзяцей праз пошту.
Каб зь ліпеня атрымліваць пэнсію або дапамогі ў банку, трэба да 10 чэрвеня адкрыць базавы рахунак у адным з банкаў. Гэта можа быць «Белаграпрамбанк», «Беларусбанк», «Банк БелВЭБ», «Белгазпрамбанк», «Белінвэстбанк», «Банк Дабрабыт», «Прыёрбанк» або «Сбер Банк».
Пры гэтым можна выбраць, як атрымліваць грошы: гатоўкаю ў банкаўскай касе або на банкаўскую картку.
Даражэе польская нацыянальная віза
Консульскі аддзел Пасольства Рэспублікі Польшча ў Менску паведаміў, што сума аплаты за прыём і разгляд заявы на атрыманьне нацыянальнай візы (тып D), а таксама за прыём і разгляд заявы аб пераглядзе заявы на атрыманьне нацыянальнай візы зьменіцца. З 1 чэрвеня гэтага году плата складзе 135 эўра.
Памер збору для грамадзян Беларусі, якія афармляюць нацыянальную візу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, застаецца на ранейшым узроўні (35 эўра). Зьмяняецца толькі плата за паўторны разгляд заявы на нацыянальную візу — 135 эўра.
Плата за разгляд заявы на атрыманьне Шэнгенскай візы (тып С), а таксама прыём і разгляд заявы аб паўторным разглядзе заявы на атрыманьне Шэнгенскай візы застаецца нязьменнай.
Форум