Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі не прызнаюць стратаў, нанесеных Украіне і яе эканоміцы ў выніку баявых дзеяньняў і абстрэлаў


Найбольш ад вайны пацярпеў жылы фонд. Жылы дом, пашкоджаны расейскай ракетай. Дніпро, 14 студзеня 2023. Ілюстрацыйнае фота
Найбольш ад вайны пацярпеў жылы фонд. Жылы дом, пашкоджаны расейскай ракетай. Дніпро, 14 студзеня 2023. Ілюстрацыйнае фота

Украінскія суды спрабуюць ажыцьцяўляць камунікацыю з Расеяй празь яе дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў Польшчы і Грузіі. Расея адказвае праз амбасаду Ўкраіны ў Беларусі.

Ва Ўкраіне тысячы прадпрыемстваў і ўкраінскіх грамадзян спрабуюць дамагчыся ад Расеі кампэнсацыі шкоды, нанесенай абстрэламі і баявымі дзеяньнямі.

Улічваючы, што пасьля пачатку ваеннага ўварваньня Ўкраіна разарвала з Расеяй дыпляматычныя і паштовыя сувязі, цяпер суды спрабуюць ажыцьцяўляць камунікацыю з Расеяй праз Польшчу і Грузію.

Прымаючы да разгляду пазовы юрыдычных і фізычных асобаў, украінскія суды накіроўваюць інфармацыю пра адпаведныя звароты з патрабаваньнем кампэнсаваць шкоду ў амбасады Расеі ў Польшчы ці ў Грузіі. Расея ж накіроўвае свае адказы праз амбасаду Ўкраіны ў Беларусі.

«Міністэрства замежных спраў Расеі вяртае без разгляду рашэньні судоў і заяўляе, што ўсе дакумэнты аналягічнага зьместу, якія будуць прыходзіць на адрас Расеі, будуць заставацца без разгляду», — паведамілі Свабодзе ў адным з украінскіх судоў, які накіраваў у Расею некалькі рашэньняў аб спагнаньні шкоды на карысьць прадпрыемстваў Украіны.

У судзе адзначылі, што Расея ня мае намеру адмаўляцца ад гарантаванага ёй міжнародным правам імунітэту і таму не існуе мэханізму прымусіць яе выконваць судовыя рашэньні Ўкраіны.

«Прымусовае выкананьне рашэньняў па стане на сёньня не закладзена, маёмасны імунітэт Расеі гарантуе міжнароднае права і яго немагчыма звузіць нацыянальным правам адной краіны. Для вырашэньня гэтага пытаньня патрэбны міжнародныя мэханізмы, а не нацыянальны закон. Пакуль што кожнае судовае рашэньне, ухваленае судамі Ўкраіны аб кампэнсацыі стратаў пацярпелым ад вайны — гэта доказы для Міжнароднага крымінальнага суду аб пацьвярджэньні віны вышэйшых адказных асобаў Расеі ў ваенных злачынствах», — падкрэсьлілі ва ўкраінскім судзе.

Сёлета ў красавіку ў Гаазе прэзэнтавалі Міжнародны рэестар стратаў, у які свае дакумэнты могуць накіраваць тыя фізычныя і юрыдычныя асобы Ўкраіны, якія ўжо прайшлі этап разгляду сваіх заяў у нацыянальных судах. Рашэньне аб стварэньні міжнароднага рэестру ўхваліла Генэральная асамблея ААН у лістападзе 2022 году. У Крамлі тады назвалі гэтае рашэньне «фармалізацыяй крадзяжу» заблякаваных заходнімі банкамі расейскіх золатавалютных рэзэрваў.

Згодна з статыстыкай, праз нацыянальныя суды шкоду, нанесеную баявымі дзеяньнямі ці абстрэламі, пацьвердзілі амаль 400 фізычных і юрыдычных асобаў Украіны. Толькі з пачатку 2024 году ўкраінскія суды разгледзелі 91 заяву. Летась з такімі позвамі ў суды зьвярнуліся 262 прадпрыемствы і грамадзяны Ўкраіны.

Прадугледжвалася, што на пачатку дзейнасьць рэестру будзе сфакусаваная на катэгорыі асобаў, жыльлё якіх у выніку расейскай агрэсіі пашкоджанае або цалкам разбуранае. Чакаюць, што ў толькі ў гэтай катэгорыі колькасьць заяў можа скласьці ад 300 до 600 тысяч.

На пачатак 2024 году аб’ём прамой шкоды, нанесенай інфраструктуры Ўкраіны ў выніку абстрэлаў і баявых дзеяньняў, ацэньваўся ў амаль 155 мільярдаў даляраў.

На першым месцы па аб’ёмах страт заставаўся жыльлёвы сэктар. Зь лютага 2022 году па студзень 2024-га ва Ўкраіне пашкоджана або цалкам разбурана больш за 250 тысяч дамоў, у тым ліку 222 тысячы прыватных, больш за 27 тысяч шматкватэрных і 526 інтэрнатаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG