Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Як лячыліся продкі беларусаў у XVI–XVII стагодзьдзях


Фотакаляж. Натальля Сьліж (справа).
Фотакаляж. Натальля Сьліж (справа).

Як лячыліся продкі беларусаў і чаму некаторыя важныя для гісторыі мэдыцыны падзеі адбыліся ў Беларусі значна раней, чым у некаторых краінах Цэнтральнай і нават Заходняй Эўропы. Пра гэта і пра іншае мы гаворым з аўтаркай больш 150-ці навуковых прац, кандыдатам гістарычных навук Натальляй Сьліж.

0:00 — чаму ў Беларусі не напісаная гісторыя беларускай мэдыцыны

2:39 — як лячыліся жыхары Беларусі ў старажытныя часы

4:08 — ці трапіла мэдычная інфармацыя ў рукапісныя кнігі на старабеларускай мове

5:00 — ці можна парадамі са старых беларускіх траўнікаў карыстацца цяпер

6:06 — ці існавала раней розьніца ў мэдычным стаўленьні да цела мужчын і жанчын

7:58 — ці існавала ў нас у Сярэднявеччы і ў Новым часе такое паняцьце, як догляд за целам

8:46 — чаму першае анатамічнае ўскрыцьцё ў Вялікім Княстве Літоўскім адбылося ў 1586 годзе — нашмат раней чым у іншых краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы

10:43 — як на беларускую мэдыцыну паўплывала адсутнасьць свайго мэдычнага факультэту

12:27 — чаму шляхта не ішла ў мэдыкі

14:21 — чаму лекарская прафэсія ў ХІХ стагодзьдзі стала папулярнай і ў шляхты

15:55 — пры якіх умовах беларускія гісторыкі напішуць гісторыю беларускай мэдыцыны

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі з Натальляй Сьліж:

— Сёньня мы вырашылі пагутарыць пра гісторыю мэдыцыны. А мэдыцына — гэта ж ня толькі практыка, але, можа і найперш, навука. І можна зрабіць сумную канстатацыю: у Беларусі яшчэ не напісаная гісторыя беларускай мэдыцыны. У вас няма адчуваньня, што менавіта тут найбольш недапрацавалі гісторыкі? Апошняя спроба напісаць хаця б нарысы да гісторыі беларускай мэдыцыны была, здаецца, зробленая яшчэ ў 80-я гады ХХ стагодзьдзя. У 1987 годзе гісторык Валянцін Грыцкевіч выдаў кнігу «С факелом Гиппократа. Из истории белорусской медицины».

— Гісторыя мэдыцыны — гэта сапраўды вельмі цяжкі і складаны кірунак. Як і наогул гісторыя навукі. У Эўропе гэтым актыўна займаюцца. У нас сапраўды гэтая праца была зробленая Грыцкевічам.

На сёньняшні дзень ёсьць сэнс рабіць такую калектыўную працу, бо гэта патрабуе ня толькі гістарычных ведаў, але і спэцыяльных. Гэта таксама патрабуе яшчэ і дасьледаваньняў ад мэдыкаў. Часам выходзяць невялікія дасьледаваньні лекараў, таму што яны на гэта глядзяць са свайго пункту гледжаньня, яны больш разьбіраюцца ў пэўных мэдычных момантах. Там жа розныя спэцыялізацыі, у розных кірунках — у анатоміі, хірургіі, эпідэміялёгіі і г. д. Таму тут патрэбныя прафэсіяналы, і ня толькі гісторыкі.

Але агулам гэтая галіна ведаў вельмі цікавая, бо гэта ня толькі тэорыя і мэдычная практыка, але гэта і паказьнік, якія былі дактары, хто яны былі, як жылі, якім наогул было штодзённае жыцьцё людзей у той ці іншы пэрыяд.

— Так, сапраўды, тут патрэбнае супрацоўніцтва гісторыкаў і мэдыкаў. У гэтым сэнсе выдатныя беларускія гісторыкі Анатоль і Валянцін Грыцкевічы былі ўнікальным выключэньнем. Яны абодва скончылі гістарычны факультэт БДУ, Менскі інстытут замежных моваў і Менскі мэдычны інстытут. А малодшы брат, Валянцін, меў ня толькі навуковую ступень па гісторыі, але меў яшчэ і навуковую ступень кандыдата мэдычных навук. Таму ён узяўся пісаць нарысы з гісторыі мэдыцыны Беларусі. Але ідзем далей. Як лячыліся жыхары Беларусі ў старажытныя часы?

— Тут усё залежала ад саслоўнага стану. Калі гэта быў кароль і вялікі князь літоўскі, то ў яго быў пэрсанальны мэдык, які яго лячыў. Пэрсанальныя мэдыкі (яны яшчэ былі і астролягамі) былі ў Казімера Ягелёнчыка, Жыгімонта Аўгуста, Стэфана Баторыя і іншых высокіх асобаў.

Заможная шляхта таксама мела сваіх пэрсанальных мэдыкаў. Калі ж гаварыць пра мяшчан, то яны мелі магчымасьць зьвярнуцца да цырульнікаў або схадзіць у аптэку, якія ў нас пачынаюць распаўсюджвацца з XVI стагодзьдзя.

А ў сялян былі мясцовыя вядзьмаркі, чараўнікі, траўніцы, якія займаліся лячэньнем.

— Ці трапіла мэдычная інфармацыя ў рукапісныя кнігі на старабеларускай мове? Пра што там пісалася, на якім узроўні была тая інфармацыя?

— Так, да нашых дзён захаваліся на старабеларускай мове траўнікі, якія апісвалі такія рэчы, як зёлкі — іх характарыстыка, для якіх мэтаў іх можна выкарыстоўваць. Часамі ў такіх траўніках былі ўрыўкі з Гіпакрата або Авіцэны. Таму мы можам сказаць, што на старабеларускай мове мэдычная літаратура функцыянавала.

Траўнікі карысталіся большай папулярнасьцю, чым прафэсійная мэдычная літаратура, дзе былі апісаныя анатомія, розныя тыпы хвароб і іншыя прафэсійныя рэчы.

— Ці можна парадамі са старых беларускіх траўнікаў карыстацца цяпер?

— Так, можна. Можна нават сказаць, што сучасная мэдыцына ідзе да гэтых траўнікаў, але робіць ужо дасьледаваньні іншыя — там ужо мова ідзе пра хімічныя рэчывы і пра сучаснае выкарыстаньне тых ці іншых зёлак. Бо іх жа лекавыя ўласьцівасьці не зьмяніліся. Сучасныя мэдыкі нават часам зьдзіўляюцца, як раней людзі інтуітыўна зразумелі, як гэта можна выкарыстаць.

Зразумела, што ня ўсе старыя парады можна браць і выкарыстоўваць адзін да аднаго. Напрыклад, калі мы, умоўна кажучы, бяром рамонак, то трэба браць і сучасную яго характарыстыку і глядзець, як і што выкарыстоўвалася раней і як цяпер.

Так што гэтыя кнігі ўсё яшчэ маюць сваю актуальнасьць, але іх трэба выкарыстоўваць ужо на сучасным узроўні.

— Як нашы продкі ставіліся да цела, што гэта было такое для іх? Ці існавала розьніца ў мэдычным стаўленьні да цела мужчын і жанчын?

— Падабаецца гэта некаму ці не, але мы нараджаемся або мужчынам, або жанчынай. Гэтым і лёс вызначаецца, і догляд за целам вызначаецца.

Была і пэўная розьніца. Калісьці больш дасьледаваным было мужчынскае цела, бо мужчыны займаліся такімі дасьледаваньнямі. А вось тое, што адбываецца з жаночым целам, гэта доўга было проста незразумела. Гэта добра відаць у назіраньнях за цяжарнымі. Лічылася, напрыклад, што калі цяжарная нечага захацела, то ёй трэба гэта адразу даць і не спакушаць яе іншымі рознымі рэчамі, бо калі яна, маўляў, нечага захоча, а ты ня знойдзеш, то ў цябе будуць праблемы.

Людзі ў тыя часы не маглі патлумачыць тое, што для нас цяпер зразумела, напрыклад, гарманальныя збоі, цыклі. Для іх фізіялёгія жаночага цела была незразумелая. Таму для іх жанчына была нечым дзіўным, хоць анатомію і мужчынскую, і жаночую на тыя часы ўжо ведалі добра. Ужо было анатамічнае ўскрыцьцё, і ўжо быў вядомы анатамічны склад цела.

А вось функцыянаваньне цела і спэцыфіка тых ці іншых унутраных органаў тады яшчэ былі не да канца зразумелыя і не даходзілі да сучаснага ўзроўню.

— Ці існавала такое паняцьце, як догляд за целам?

— Так, існавала. У гэтым сэнсе было такое вельмі важнае паняцьце, як сэзоннасьць: якую ежу трэба ўжываць у залежнасьці ад пары году. Таксама выкарыстоўваліся парады Гіпакрата, што перад сном добра гуляць, дыхаць сьвежым паветрам.

Выкарыстоўвалі і касмэтычныя парады, парады, як упрыгожваць сваё цела. Часта ў нас выкарыстоўваліся старажытныя, антычныя напрацоўкі. Усё гэта мела месца.

— Чаму, на вашу думку, першае анатамічнае ўскрыцьцё ў Вялікім Княстве Літоўскім адбылося яшчэ ў 1586 годзе — я маю на ўвазе ўскрыцьцё памерлага караля Стэфана Баторыя ў Горадні — у той час як, напрыклад, у Чэхіі такая падзея адбылася на 40–50 гадоў пазьней?

— Наогул, у такіх рэчах істотны момант — наяўнасьць мэдычнага факультэту. Нашы мэдыкі ўсе вучыліся за мяжой. У Вільні мэдычнага факультэту не было.

А замежныя мэдыкі ў XVI стагодзьдзі ўсе ўжо ведалі, што такое анатамічнае ўскрыцьцё. Тады навучаньне на мэдычных факультэтах ужо вялося з выкарыстаньнем гэтага мэтаду.

А пры Стэфану Баторыю былі італьянскія лекары, якія вельмі добра гэта ведалі. А там яшчэ была спрэчка вакол дыягназу, і гэта іх прымусіла зрабіць анатамічнае ўскрыцьцё, каб зразумець, што здарылася і чаму кароль памёр.

Вядома, калі б у нас была разьвітая мэдычная адукацыя, то і першае анатамічнае ўскрыцьцё ў краіне адбылося б значна раней.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Як лячыліся жыхары Беларусі ў старажытныя часы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:18:46 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG