Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Як эліта ВКЛ карысталася астралёгіяй у інтарэсах кіраваньня дзяржавай


Фотакаляж. Натальля Сьліж (справа).
Фотакаляж. Натальля Сьліж (справа).

Адкуль у Вялікае Княства Літоўскае прыйшла астралёгія і якую ролю адыграла ў навуковым і грамадзкім жыцьці гэтай дзяржавы? Як астралёгіяй карысталіся Францішак Скарына, Апанас Філіповіч і Сімяон Полацкі?

Пра гэта і пра іншае мы гаворым з аўтаркай больш як 150 навуковых прац, кандыдатам гістарычных навук Натальляй Сьліж.

0:00 — што такое астралёгія: навука, псэўданавука ці нешта іншае

2:25 — чаму ў беларускіх гістарычных энцыкляпэдыях няма артыкулаў пра астралёгію

3:37 — адкуль і калі астралёгія прыйшла на землі сучаснай Беларусі

4:58 — хто займаўся астралёгіяй, дзе ёй навучаліся

6:20 — чым займаліся астролягі ў ВКЛ

9:50 — як сумяшчалася выкладаньне астралёгіі з хрысьціянскімі каштоўнасьцямі ўнівэрсытэта

13:30 — ці была розьніца ў стаўленьні да астралёгіі розных канфэсій ВКЛ

14:54 — хто быў кліентамі астролягаў, якія станы грамадзтва карысталіся прагнозамі

16:37 — як астралёгія зьвязана зь дзейнасьцю розных пэрсанажаў беларускай гісторыі

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі з Натальляй Сьліж:

— Чым займаліся астролягі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI стагодзьдзі?

— Гэта вельмі рэдка быў чалавек адной прафэсіі. Астролягі — гэта вельмі часта мэдыкі, бо для мэдыцыны тады астралёгія была патрэбная; вельмі часта гэта навукоўцы, фізыкі ці матэматыкі, выкладчыкі, духоўныя дзеячы. Так што астралёгія ў тыя часы была адным з кірункаў дзейнасьці навукоўца. Вось прыклады вядомых асобаў, якія спалучалі ў сваёй дзейнасьці і астралёгію. Гэта і Кеплер, і Тыха Брагэ, і Ньютан, і шэраг іншых славутых эўрапейскіх навукоўцаў.

Так было і ў нас. Гэта і Францішак Скарына, які цудоўна валодаў астраноміяй, і Сімяон Полацкі. Так што гэтая разнастайнасьць дзейнасьці была тады вельмі распаўсюджанай зьявай.

Прадказаньне будучыні і ўплыву тых ці іншых падзей на лёс чалавека ці чалавецтва было адным з кірункаў астралёгіі. Але гэтым займаліся ня ўсе астролягі. Ёсьць такі кірунак, як мунданная астралёгія, якая займаецца працэсамі ў соцыюме. Некаторыя астролягі рабілі гэта дзеля рэклямы, але выпускалі пару асобнікаў прагнозных календароў. А некаторыя рабілі гэта на прафэсійнай аснове, бо такія календары былі вельмі папулярныя. У іх зьмяшчаўся ня толькі прагноз, але на кожны дзень было расьпісана, якія рэлігійныя сьвяты, і побач паведамлялася, у якім знаку знаходзіцца месяц і зь якімі аспэктамі гэта зьвязана.

Гэта было патрэбна, напрыклад, для мэдыкаў. Часам такія календары ўтрымлівалі інфармацыю, калі лепш пускаць кроў або рабіць іншыя мэдычныя апэрацыі. Часам там была інфармацыя па фізіягноміцы.

Але частку календара займаў прагноз. І гэта быў такі не дэталёвы, але агульны прагноз — маглі пісаць «вайна» ці «мір», «ураджай» ці «няўрод», для якіх станаў ці катэгорыяў насельніцтва год будзе добры ці дрэнны. Магло быць пазначана, якім год будзе для жанчын, для прадстаўнікоў інтэлектуальных прафэсій, для гандляроў.

Вельмі часта зьмяшчалася інфармацыя пра зацьменьні і іх наступствы. Але гэта мела форму больш папулярную і залежала ад таго, хто і які прагноз складае.

У нас такія календары друкаваліся вельмі часта, шляхта падтрымлівала такія календары, яны чыталіся, карысталіся папулярнасьцю, іх раскуплялі. Таму ня дзіўна, што яны ня трацілі сваёй актуальнасьці пачынаючы з канца XV стагодзьдзя і друкаваліся яшчэ ў XVII і нават у XVIII стагодзьдзях.

— Ці можна заўважыць нейкую розьніцу ў стаўленьні да астралёгіі розных канфэсій Вялікага Княства Літоўскага?

— Праваслаўе астралёгіяй карысталася. Перапісваліся нават спэцыяльныя рукапісныя кнігі, дзе былі цыклі сонца, месяца, характарыстыкі плянэт. Я знайшла, што такія рэчы зьбіраліся ў Супрасьльскім манастыры, і часткова я ўжо іх надрукавала.

Каталіцтва падыходзіла да гэтага крыху па-іншаму. Каталіцкія духоўныя дзеячы атрымлівалі адпаведную адукацыю ў Вільні, у Кракаве, у іншых эўрапейскіх унівэрсытэтах.

Пратэстантызм таксама карыстаўся астралёгіяй, вельмі шмат пратэстантаў друкавалі свае календары. І ў каталікоў, і ў пратэстантаў былі сьвятары і пастары, якія абслугоўвалі тую ці іншую парафію, а на дадатак былі астролягамі і выдавалі астралягічныя календары.

Так што стаўленьне да астралёгіі з боку розных канфэсій было прыязнае, усе яны мелі дачыненьне да астралёгіі і яе практыкавалі.

— Хто быў кліентамі астролягаў? Якія станы грамадзтва карысталіся прагнозамі астролягаў?

— Адназначна карысталася шляхта, бо гэта была такая нятанная забава. Каб зьвярнуцца да астроляга, трэба было заплаціць, але ня ўсе маглі гэта сабе дазволіць. Радзівілы зьвярталіся да астролягаў — Януш Радзівіл, Багуслаў Радзівіл, Мікалай Радзівіл-Сіротка. Гаштольды зьвярталіся, Леў Сапега зьвяртаўся да астролягаў, Крыштаф Нарушэвіч, Фёдар Еўлашоўскі. Так што гэта быў набілітэт, усе, хто меў дачыненьне да сыстэмы кіраваньня, ім заўсёды трэба было да некага хадзіць.

Калі мы бяром вялікіх князёў літоўскіх, то там наогул усё было на рэгулярнай аснове — кожны год прагнозы, да кожнай падзеі. Усе каранацыі, напрыклад, адбываліся толькі паводле парады астроляга.

Зь іншага боку, выявіць усю кліентуру астролягаў вельмі цяжка, бо архівы астролягаў не заўсёды захаваліся. І шляхта не захоўвала прагнозы ці свае нататкі. Так што тут ёсьць складанасьці. Было б цікава знайсьці крыніцы, але архівы не заўсёды дазваляюць.

— Раскажыце, калі ласка, як астралёгія зьвязаная зь дзейнасьцю розных пэрсанажаў беларускай гісторыі? Напрыклад, такіх як Францішак Скарына, Апанас Філіповіч, Сімяон Полацкі або нехта іншы. Чаго мы яшчэ ня ведаем ці не зразумелі пра іх?

— Францішак Скарына адназначна займаўся астралёгіяй. Я дакладна ня ведаю, ці практыкаваў ён, але ён разумеў астралягічныя цыклі, ён чытаў эфэмэрыды. У ягонай «Малой падарожнай кніжцы» зьвернутая ўвага, калі сонца ўваходзіць у розныя знакі задыяку. Трэба ўлічыць, што ён быў у Італіі, што ён быў мэдыкам і садоўнікам, а гэтыя прафэсіі непасрэдна зьвязаныя з астралёгіяй, безь яе тады немагчыма было займацца мэдыцынай ці садоўніцтвам.

Афанасі Філіповіч узгадваў у сваіх дакумэнтах астралягічны сымбалізм, таму мы можам сказаць, што ён гэта дакладна ведаў. Мы проста ня можам сказаць, ці практыкаваў ён.

А вось Сімяон Полацкі ня толькі выкарыстоўваў астралягічную інфармацыю, якая ў яго вельмі яскрава прасочваецца ў вершах, але і ён і практыкаваў астралёгію. Існуюць і адпаведныя дасьледаваньні, зь якіх вынікае, што ён рабіў гараскопы ў Маскве пры царскім двары.

Так што мы ведаем шмат вядомых людзей, якія былі абазнаныя ў астралёгіі, але, на жаль, ня ведаем дакладна, хто зь іх быў практыкуючым астролягам. Але мы ведаем практыкуючых замежных астролягаў, якія кансультавалі нашу эліту. Такая інфармацыя сустракаецца.

У мяне яшчэ ня скончанае дасьледаваньне пра выкладчыкаў Віленскай акадэміі, але вось сярод іх былі сапраўдныя практыкуючыя астролягі, проста яны менш вядомыя, чым, напрыклад, Францішак Скарына.

Я таксама сустракала інфармацыю, што кіеўскія праваслаўныя мітрапаліты былі зацікаўленыя астралёгіяй і нават складалі гараскопы. Я якраз цяпер пішу гэтае дасьледаваньне і пакуль ня ведаю, калі гэтая праца зьявіцца ў друку, але гэта будзе артыкул пра астралёгію ў праваслаўі.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Што ў ВКЛ рабілі астролягі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:20:09 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG