Няўжо праўда ў Вільні ў XVI стагодзьдзі існаваў звычай, паводле якога мужчыны пускалі сваіх сяброў і гасьцей у спальню да жонкі? Ці ўсё мы ведаем пра норавы і мараль жыхароў Вялікага Княства Літоўскага?
Пра гэта і шмат што іншае мы пагаворым з аўтаркай больш як 150 навуковых прац, у тым ліку кнігі «Культура сэксуальных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI–XVII стст.», кандыдатам гістарычных навук Натальляй Сьліж.
0:00 — ці праўда, што ў Вільні ў XVI стагодзьдзі існаваў звычай, паводле якога мужчыны пускалі сваіх сяброў і гасьцей у спальню да жонкі
4:07 — калі паняцьце сэксу прыйшло ў ВКЛ
5:23 — на падставе якіх крыніц мы можам сёньня гаварыць пра сэкс у ВКЛ
7:13 — ці была розьніца ў маралі і сэксуальных паводзінах сялян, мяшчан і шляхты
8:12 — якія асноўныя асаблівасьці і асноўныя сэксуальныя практыкі шляхты ВКЛ
9:41 — якія позы практыкавалі продкі беларусаў падчас фізычнага каханьня
12:56 — чаму разводы ў ВКЛ былі нормай
15:51 — ці праўда, што сяляне былі больш стрыманыя ў сэксе за астатнія станы дзяржавы
18:08 — царква і сэкс
19:54 — калі параўнаць мараль і сэкс у ВКЛ зь іншымі дзяржавамі Цэнтральнай і Заходняй Эўропы, то хто каму даваў фору
Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі з Натальляй Сьліж:
— Літоўскі географ Лаймонас Брыедзіс у сваёй кнізе «Вільня — горад падарожнікаў» сабраў сьведчаньні пра Вільню і Вялікае Княства Літоўскае, якія пакінулі пасьля падарожжаў у гэтую краіну іншаземцы. У прыватнасьці, ён прыводзіць ангельскае выданьне 1611 году, дзе сьцьвярджалася, што ліцьвінкі (цытую): «з дазволу мужа прымаюць у сваёй спальні гасьцей або сяброў, так званых шлюбных памочнікаў. Хаця самім мужчынам здраджваць жонцы прыніжальна і ганебна» (канец цытаты). Аўтар нават сьцьвярджае, што гэты звычай мае назву — matrimoniae adiutores, што з лаціны перакладаецца як шлюбныя сьведкі ці шлюбныя памочнікі. Як вы гэта пракамэнтуеце? Так сапраўды было?
— Наогул тое, што пішуць падарожнікі, не заўсёды зьяўляецца фактам. Часам гэта бывае іх асабістае ўражаньне. А такія рэчы, пра якія вы сказалі, пісаліся пра жыхароў Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ў XIV стагодзьдзі. Вельмі часта гэта не адпавядае рэальнасьці. Такі звычай больш нідзе ня згадваецца. Можа гэта і было недзе ў прыватнай практыцы, але ня факт.
Магу прывесьці яшчэ адну рэч. Адзін папскі нунцый пісаў, што жыхары Вялікага Княства вельмі распусныя. І вось чым ён аргумэнтуе: яны ўвесь час жывуць у вандроўках, падчас якіх сьпяць у корчмах мужчыны побач з жанчынамі і гэтым не пераймаюцца. Але калі мы паглядзім на тагачасныя італьянскія норавы, то там яшчэ горшая была сытуацыя.
Таму вельмі часта людзі сустракаюцца з стэрэатыпнай інтэрпрэтацыяй таго, што не адпавядае тым умовам, дзе жылі яны, і таму гэта здаецца нечым амаральным. Таксама нельга выключаць, што над вандроўнікамі маглі жартаваць.
— Дык можна канстатаваць, што вам падчас вашых дасьледаваньняў нейкі звычай пад назвай matrimoniae adiutores адносна Вільні ці ўсяго Вялікага Княства Літоўскага ня трапіўся?
— Прынамсі свае пра сябе так ніколі не пісалі. Міхалон Літвін, напрыклад, пісаў, што бывалі норавы неадпаведныя, маўляў, удовы сябе вольна паводзяць, бо ўжо маёмасьць маюць і сустракаюцца з кім хочуць. І іншыя публіцысты часам адзначалі слабасьць нораваў.
Хаця трэба разумець, што паняцьце нораваў і маралі ў кожнага сваё. Пратэстанты мелі свае ўзоры, праваслаўныя свае, каталікі свае. Так што і амаральнасьць вызначалася часта з пункту гледжаньня канкрэтнай канфэсіі ці нейкіх саслоўных звычаяў.
— Ці была розьніца ў маралі і сэксуальных паводзінах сялян, мяшчан і шляхты?
— Вядома, была. Гэта залежала і ад адукацыі, і ад магчымасьцяў.
Шляхта мела магчымасьць пачытаць пра мараль, норавы і паводзіны, а таксама пра пэўныя рэчы, зьвязаныя зь фізіялёгіяй. Таксама і мяшчане былі больш абазнаныя, бо вандравалі і маглі набрацца вопыту. А сяляне ў гэтым пляне былі абмежаваныя сваім асяродзьдзем, месцам жыхарства і сваёй малой суполкай.
Так што сэксуальныя практыкі ў вялікай меры залежалі ад эканамічнага стану, ад сацыяльных умоваў, магчымасьцяў, месца пражываньня, адукацыі і маральных установак. Якія, вядома, былі розныя ў шляхты, сялян і мяшчан.
— Канечне, галоўнае пытаньне, гэта шляхта і сэкс, бо шляхта была галоўным рухаючым станам дзяржавы. Якія тут можна назваць асноўныя асаблівасьці і асноўныя практыкі?
— Па-першае, шляхта магла мець дашлюбныя сэксуальныя стасункі. Гэта здаралася падчас вандровак, падчас кантактаў з прыслугай. А другая частка сэксу шляхты — гэта законныя стасункі для працягу роду. І тут ужо было важным нараджэньне дзяцей.
Пазашлюбныя стасункі таксама былі ў шляхты і ў мужчын, і ў жанчын. Такія выпадкі сустракаюцца ў крыніцах, нягледзячы на тое, што за гэта было сьмяротнае пакараньне. Шлюбная здрада сустракалася ўсё роўна і нават магла быць прычынай для разводаў.
Наогул у шляхты было больш вольнага часу. Шляхта рэдка калі была ўцягнутая ў фізычную сельскагаспадарчую працу, сэкс усё ж вымагае фізычнай актыўнасьці. Так што шляхта мела і больш часу, і не такое стомленае цела для сэксуальных практык.
— Я, памятаю, недзе чытаў, што сяляне былі вельмі стрыманыя ў сэксе. Аўтар пісаў, што сэкс сялянам быў патрэбны толькі для працягу роду, а так ім займаліся вельмі рэдка. Ці праўда гэта?
— Жыцьцё селяніна вельмі моцна залежыць ад сэзону, але стрыманымі сялян вельмі цяжка назваць.
Зноў жа тут была залежнасьць ад прыроднага цыклю — зіма, восень, лета, вясна. Ёсьць нават такая прымаўка: пачаў касіць — перастаў прасіць, стала жаць — перастала даваць. Гэта значыць, што калі ідзе фізычная праца, то тады не да сэксу.
А калі пачынаюцца іншыя пэрыяды, напрыклад, гуканьне вясны, Русальле, Купальле — то гэта час і сэксуальнай актыўнасьці.
Так што пра сялян нельга сказаць, што яны стрыманыя. Проста трэба зважаць на сэзоннасьць. Падчас працы не да сэксу. Працу выканалі, восеньскія працы закончылі, і што пачынаецца? Калядаваньне. А гэта яшчэ адзін з самых актыўных сэксуальных пэрыядаў.
Так што сэксуальнае жыцьцё сялян залежала ад прыродных цыкляў.
— Як у сялян было з дашлюбным сэксам?
— І дашлюбны сэкс меў месца і ў сялянскім асяродзьдзі. У сялян венчаны шлюб мы можам сустрэць ня так часта. Былі ў іх і пазашлюбныя дзеці. Так што я іх стрыманымі не назвала б.
Трэба разумець, што сэксуальнае жыцьцё — гэта не эканоміка. Калі мы можам узяць мытныя кнігі і падлічыць, колькі якога тавару прывозілі і прадавалі, то адносна XVII стагодзьдзя мы ня можам сказаць, якою была інтэнсіўнасьць сэксуальнага жыцьця. Нельга правесьці сацыяльнае апытаньне, паразмаўляць зь сялянамі і даць дакладныя адказы. Да таго ж і цяпер вам ня кожны праўду скажа пра сваё сэксуальнае жыцьцё.
— Так, гісторыкі ведаюць, што разводы сталі больш складанымі ад XIX стагодзьдзя. Калі я пастаўлю пытаньне так: сэкс, грамадзтва і царква — што вы, як гісторык, адкажаце?
— Сэкс быў важны і для грамадзтва, і для царквы. Як бы і што б ні казалі, уся гісторыя робіцца ў ложку. Грамадзтву сэкс патрэбны для пракрэатыўнай функцыі, і царкве ён патрэбны для гэтага ж. Вельмі шмат папаў рымскіх было вядома сваімі сэксуальнымі прыгодамі. Дый прастытуткі былі выгнаныя з Ватыкану толькі ў другой палове XVI стагодзьдзя.
Так што гэта вельмі важная рэч для грамадзтва. Ну, а чым больш грамадзтва разьвіваецца, тым больш яно пачынае сэкс маралізаваць, табуяваць і прыдумляць розныя стэрэатыпы. Таму тут шмат чаго завязана на поглядах і стэрэатыпах, і шмат будзе залежаць, якая канкрэтна канфэсія.
І дзяржава вельмі часта выкарыстоўвае сэкс для таго, каб кантраляваць грамадзтва.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум