Пра гэта паведамляе БЕЛТА.
Гара адзначыў, што за мінулы год было выяўлена каля 5,5 тысячы такіх злачынстваў, у тым ліку мінулых гадоў. «Гэта і ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, масавых беспарадках, фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці, абраза прадстаўнікоў улады», — патлумачыў ён. Паводле Гары, многія з тых, хто ўчыніў злачынства ў 2020 годзе, хаваюцца да гэтага часу.
«Расьсьледуюцца крымінальныя справы, якія распачатыя ў адносінах да асобаў, якія рыхтуюцца ўчыніць тэрарыстычныя акты ў Беларусі і на тэрыторыі Расеі. Адназначна ўстаноўленыя факты, калі да нас у краіну з Украіны дастаўляліся выбуховыя рэчывы і зброя, якія хаваліся ў тайніках», — заявіў старшыня СК.
Ён таксама расказаў яшчэ пра адзін кірунак дзейнасьці Сьледчага камітэту — супрацьдзеяньне кібэрзлачынствам.
«Узровень злачынстваў, якія ўчыняюцца з дапамогай інтэрнэту з выкарыстаньнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў, за апошнія некалькі гадоў рос у геамэтрычнай прагрэсіі. З усіх зарэгістраваных злачынстваў у краіне чвэрць прыпадала на кібэрзлачынствы», — паведаміў Гара.
За чатыры гады па палітычна матываваных крымінальных справах у Беларусі асуджана ня менш за 5133 чалавекі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Статыстычная справаздача са зьвесткамі пра палітычныя рэпрэсіі апублікаваная 29 траўня на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна». Праваабаронцы прымеркавалі яе да чацьвёртай гадавіны затрыманьня відэаблогера Сяргея Ціханоўскага.
- Адзначаецца, што на 29 траўня 2024 году ў Беларусі налічваецца 1410 палітвязьняў, з іх 1237 мужчын і 173 жанчыны (123 адбываюць пакараньне ў калёніях).
- Усяго з 2020-га палітычны перасьлед зазналі больш за 8 тысяч жанчын (1154 асуджаныя па крымінальных справах).
- Праваабаронцам вядома ня менш як пра 254 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў «асаблівай рызыцы» (16 чалавек з інваліднасьцю, 91 — зь цяжкім станам здароўя, 65 — старэйшыя за 60 гадоў, 10 — з мэнтальнымі разладамі).
- Найстарэйшай палітзьняволенай застаецца 74-гадовая Натальля Таран, якой прысудзілі 3,5 года калёніі за камэнтары. Наймаладзейшай — 16-гадовая грамадзянка Ўкраіны Марыя Місюк, якая, як сьцьвярджае дзяржпрапаганда, «стварыла анархісцкую ячэйку „Чорныя салаўі“ пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Ўкраіны».
- Зь ня менш як 5133 палітычных прысудаў па крымінальных справах 40 вынесена завочна ў рамках спэцыяльнага вядзеньня.
- Мінімум 2466 чалавек асуджаныя за ўдзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 293 (масавыя беспарадкі) КК.
- Паводле зьвестак праваабаронцаў, за ахвяраваньні ў фонды і ініцыятывы па дапамозе пацярпелым ад рэпрэсій агулам асуджаныя 90 чалавек.
- За «здраду дзяржаве» (арт. 356 КК) асуджаны мінімум 51 чалавек.
- Ня менш за 36 418 чалавек зазналі адміністрацыйны перасьлед з 29 траўня 2020 году. «Тысячы людзей прайшлі праз „суткі“ ў жудасных умовах утрыманьня ў беларускіх ІЧУ», — адзначае «Вясна».
- Мінімум 5,3 тысячы чалавек асуджаныя за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП. Падставай для перасьледу звычайна становяцца падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы або рэпосты публікацый незалежных СМІ.
- З 2020 году ў «сьпіс экстрэмістаў» уключаныя 4,1 тысячы чалавек. У «сьпіс тэрарыстаў» КДБ унёс больш за 400 прозьвішчаў.
- Паводле зьвестак «Вясны», мінімум 114 палітвязьням узмацнілі пакараньне за «парушэньне ўнутранага распарадку папраўчай установы» паводле арт. 411 КК. Як мінімум 76 пераведзеныя на турэмны рэжым, супраць 38 распачатыя новыя крымінальныя справы.
- З моманту першых прысудаў па палітычна матываваных справах цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю зь месцаў пазбаўленая волі ня менш за 1012 палітвязьняў.
- Споўнілася тры гады з дня сьмерці ў шклоўскай калёніі № 17 палітзьняволенага актывіста Вітольда Ашурка. Акрамя яго, у няволі памерлі яшчэ пяцёра палітвязьняў: Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандар Кулініч.
Форум