Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трампа абавязалі выплаціць $355 млн па справе аб махлярстве. Што за справа і якімі будуць наступствы


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Суд у Нью-Ёрку прысудзіў былому прэзыдэнта ЗША Дональду Трампу штраф у 354,9 мільёна даляраў па справе аб махлярстве пры ацэнцы актываў кампаніі Trump Organization.

Трампа прызналі вінаватым у тым, што ён штогод на працягу дзесяці гадоў завышаў чысты кошт свайго сямейнага бізнэсу на $3,6 мільярда. Гэта дазваляла яму атрымліваць больш выгадныя ўмовы крэдытаваньня.

Таксама суд забараніў Трампу на працягу трох гадоў быць супрацоўнікам ці дырэктарам любой нью-ёркскай кампаніі. На той жа пэрыяд Трампу і яго кампаніям забаронена прасіць крэдыт у любой фінансавай установе Нью-Ёрка.

Акрамя таго, суд абавязаў старэйшых сыноў Трампа — Дональда-малодшага і Эрыка — выплаціць па чатыры мільёны даляраў штрафу. Судзьдзя прызнаў іх вінаватымі ў «шматлікіх выпадках махлярства». Таксама ім забаронена на працягу двух гадоў узначальваць кампаніі ў Нью-Ёрку.

У сваёй сацыяльнай сетцы Трамп зноў назваў справу супраць яго «паляваньнем на ведзьмаў» і «ўмяшаньнем у выбары». Адвакаты Трампа і яго сыноў маюць намер падаваць апэляцыю.

Супраць Трампа, які зьбіраецца ізноў удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта ЗША сёлета, узбуджаныя чатыры крымінальныя справы. Ні па адной зь іх віну Трамп не прызнае.

Зыходзячы з апошніх апытаньняў амэрыканцаў, Трамп, які быў прэзыдэнтам у 2017-2021 гадах, — патэнцыйны пераможца праймэрыз Рэспубліканскай партыі. У гэтым выпадку ён будзе змагацца за пасаду прэзыдэнта ЗША з верагодным кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэнам і некалькімі самавылучэнцамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG