0:00 — ці моцна мяшчане адрозьніваліся ад шляхты ў XVI стагодзьдзі
4:17 — хто ў Горадні XVI стагодзьдзя зьяўляўся ўраднікам
6:42 — хто такія радцы, лаўнікі і бурмістры ў магдэбурскіх местах старой Беларусі
9:17 — якому органу сёньняшняй гарадзкой улады ў Беларусі адпавядае магдэбурскі магістрат
10:27 — якой пасадзе сёньня адпавядае пасада бурмістра
11:38 — на якой мове ў Горадні пісаліся магістрацкія і судовыя кнігі ў XVI — XVII стагодзьдзях
16:54 — якія дачыненьні ў магістратаў былі зь мяшчанамі
18:56 — ці была ў магдэбурскіх гарадах карупцыя
20:36 — які віды злачынстваў былі ў Горадні ў XVI — XVII стагодзьдзях самыя распаўсюджаныя
24:02 — што зьяўляецца найвялікшай загадкай горадзенскай гісторыі
Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі з Натальляй Сьліж:
— Калі гаворка заходзіць пра мяшчан беларускіх гарадоў XVI стагодзьдзя, то ў мяне ў галаве ўзьнікае найперш параўнаньне іх са шляхтай. Выглядае, што і багацьце іх ня надта адрозьнівалася ад асноўнага масіву шляхты, і апраналіся яны падобна, і зброю насілі, і сельскай гаспадаркай займаліся, і нават некаторыя мелі вёскі з падданымі сялянамі, як гэта было ў сям’і Скарыны. Але гэта маё ўражаньне. А што скажаце вы як спэцыяліст па гісторыі гораду? Так гэта ці не?
— Справа ў тым, што ў кожным горадзе становішча мяшчан і яны самі былі розныя. Самі гарады адрозьніваліся — былі больш заможныя і менш заможныя.
Калі мы возьмем сёньня прыклад Горадні, то мы ня можам сказаць, што і ў іншых гарадах было тое ж самае. Мяшчанства было рознае, мела сваю клясыфікацыю і стратыфікацыю, і гэта ўсё залежала ад заможнасьці. Ураднікі займалі адно месца ў грамадзтве, рамесьнікі, якія былі больш заможныя, — іншае, ну і таксама былі бедныя мяшчане, якія наогул нічога ня мелі.
Самай элітай былі ўраднікі. Яны мелі больш маёмасьці, яны мелі вёскі, займаліся гандлем або прэстыжным рамяством, такім, напрыклад, як злотніцтва, якое давала магчымасьць назапашваць багацьце. Таму прадстаўнікі найвышэйшай мяшчанскай праслойкі кантактавалі са шляхтай. Зьвесткі пра гэта сустракаюцца ў дакумэнтах. Багатыя мяшчане маглі некага са шляхты прызначыць апекунамі або нават мець на паслугах. Але сказаць, што мяшчанства было аднолькавае і ня мела ўнутранага падзелу, нельга.
Адносна ж ураднікаў яшчэ трэба сказаць наступнае. Іх пасады фактычна перадаваліся ў спадчыну. Бо для таго, каб стаць ураднікам, трэба было мець адукацыю. А гэта было вельмі дорага. Але горадзенскія мяшчане атрымлівалі ня толькі пачатковую адукацыю, навучыўшыся чытаць і пісаць. Яны атрымлівалі часта і вышэйшую адукацыю — у Вільні, у Караляўцы, у Гданьску. Ураднік ня толькі павінен быў умець чытаць і пісаць, але і ведаць права, ведаць лаціну, польскую мову, старабеларускую мову.
Так што адукацыя мела вялікае значэньне, але сваіх дзяцей накіраваць на навучаньне маглі толькі заможныя мяшчане, якімі былі ўраднікі.
А вось вучыцца рамяству мелі магчымасьць больш шырокія колы мяшчанства.
— Назавіце, калі ласка, урадніцкія пасады ў Горадні XVI стагодзьдзя.
— Гэта былі людзі з сыстэмы кіраваньня горадам. Быў падзел на суды. Кожны суд займаўся сваёй справай. Быў суд войта, і войт мог самастойна разглядаць нейкія дробныя справы, ня самыя сур’ёзныя. З другой паловы XVI стагодзьдзя гэта быў шляхціц, што зьяўляецца характэрнай для Вялікага Княства Літоўскага рэдкасьцю. У іншых краінах, нават у Польшчы, войтам звычайна быў мешчанін. Войт разглядаў дробныя справы, але вельмі часта гэта рабіў яго намесьнік лянтвойт без прысутнасьці войта.
Далей быў падзел на бурмістарска-радзецкі суд і войтаўска-лаўніцкі. Вось гэты апошні быў зьвязаны з войтам. Больш сур’ёзныя справы, крымінальныя, належалі да юрысдыкцыі войтаўска-лаўніцкага суду і разглядаліся там. Таксама там разглядаліся маёмасныя справы.
Лаўнікі — гэта першая прыступка да таго, каб зрабіць кар’еру. Яшчэ ніжэй у герархіі былі слугі пры войтаўска-лаўніцкіх і бурмістарска-радзецкіх судах. Кар’ера звычайна пачыналася з лаўніцкага суду, і калі чалавек не адзін год пабыў лаўнікам, ён мог абірацца ў бурмістарска-радзецкі суд. Рада займалася пераважна адміністрацыйнымі рэчамі — парадкам у горадзе, зборам падаткаў.
З гэтага суду ў Горадні вылучаліся два бурмістры. Абодва мелі права кіраваць толькі адзін год, на наступны год выбіралі іншага. Калі нехта выбіраўся бурмістрам і на другі год, то гэта было парушэньне і выклікала скаргі.
— Давайце яшчэ раз удакладнім для тых, хто ня вельмі добра ўяўляе сабе структуру ўлады ў магдэбурскіх местах Беларусі XVI–XVII стагодзьдзяў. Войт — гэта галава, якога прызначаў вялікі князь, а хто такія лаўнікі, радцы і бурмістры?
— Лаўнікі займаліся аглядам пацярпелых, займаліся дробнымі прыватнымі справамі, запісвалі тэстамэнты — гэта значыць, рабілі ніжэйшую працу. Назва ідзе ад слова «лава», дзе адбывалася паседжаньне.
Рада, і ад яе радцы або райцы — гэта больш высокія службовыя асобы, якія займаліся адміністраваньнем гораду. Зь іх ліку вылучаўся бурмістар, які непасрэдна займаўся кіраваньнем горадам. Так што гэтыя людзі адрозьніваліся паводле функцыяў.
Але гэта зноў жа я кажу на прыкладзе Горадні, бо ў іншых гарадах на гэтых людзей маглі ўскладацца і іншыя абавязкі. І суды маглі выконваць іншыя функцыі. Таму ў кожным выпадку трэба праглядаць судовыя і магістрацкія кніжкі і глядзець, як выконваліся тыя ці іншыя абавязкі, як прызначаліся ўраднікі і якія яны мелі функцыі.
Ну, а калі казаць пра тое, хто мог уваходзіць у лік гэтых людзей, то гэта прапісвалася ў Магдэбурскім праве. Гэта павінны былі быць асобы паўналетнія — паўналецьце тады наступала ў 21 год. Асоба павінна была быць прыстойнаю — гэта значыць, народжанаю ў законным шлюбе, а не пазашлюбнаю. Асоба павінна было ўжо мець сваю маёмасьць. Ня мог ніхто трапіць у радцы ці ў лаўнікі, калі ня меў сваёй маёмасьці. Таму такі чалавек павінен быў мець сваю справу ці сваё рамяство, гандаль. Гэтыя асобы вылучаліся пры падтрымцы цэхаў, да якіх належалі.
Так што проста так трапіць у сыстэму кіраваньня горадам было немагчыма. А само трапляньне адбывалася праз сыстэму выбараў.
— Давайце паспрабуем зрабіць аналёгію зь сёньняшнімі органамі гарадзкой улады ў Беларусі. Да чаго, напрыклад, быў бліжэйшы магістрат — да гарвыканкаму ці да гарсавету?
— Гэта хутчэй гарсавет, бо, па-першае, там і там прысутнічае мэханізм выбараў, па-другое, яны справаздачыліся, па-трэцяе, яны мяняліся, не было такога, каб нехта адзін раз абраўся — і ўсё, застаўся назаўсёды.
Бурмістры абавязкова мяняліся, а вось у выпадку рады і лавы мяняліся толькі тады, калі вызвалялася месца. Такога, каб кожны год цалкам рада ці лава мяняліся, не было і быць не магло. Новыя людзі прыходзілі толькі на вольныя месцы. Такія чыноўнікі, як бурмістры, мяняліся кожны год. Іншыя пасады, напрыклад шафар, замяшчаліся пасьля сыходу зь нейкіх прычын папярэдніка.
Так што адрозьненьні паміж сёньняшняй гарадзкой уладай і тагачаснай вялікія, але магістрат бліжэйшы да гарсавету на падставе таго, што яны павінны справаздачыцца.
— Такім чынам, войт быў як бы старшынём гарвыканкаму — кіраўніком выканаўчай улады і адначасова судовай. А якой пасадзе сёньня адпавядае пасада бурмістра?
— Умоўна і бурмістар быў старшынём выканкаму, але зноў жа гэта была пасада выбарная, падсправаздачная, якая вельмі моцна залежала ад насельніцтва гораду, заўсёды была пад кантролем і ня мела магчымасьці рабіць тое, што яна хоча, бо трэба было справаздачыцца.
Яшчэ вельмі істотна тое, што ў нас цяпер ёсьць судовая ўлада, заканадаўчая, выканаўчая. А вось раней у мяшчан гэтыя функцыі часта спалучаліся. Так што кіраваньне горадам канцэнтравалася ў радзе і лаве.
— На якой мове ў Горадні пісаліся магістрацкія і судовыя кнігі ў XVI–XVII стагодзьдзях?
— Асноўнаю моваю была лаціна. Але сустракаюцца дакумэнты і на старабеларускай мове, і на польскай мове. Прывілеі для гораду выдаваліся на лаціне. Калі гаварыць пра судовыя справы шляхты, то вельмі часта гэта пісалася на старабеларускай мове. Можна таксама ў адным і тым жа дакумэнце сустрэць некалькі моваў — нейкія кавалкі могуць быць на старабеларускай мове, пэўныя цытаты з Магдэбурскага права могуць быць на лаціне, а нешта можа быць і па-польску. У пратаколах, калі апытвалі сьведак, дык там можа быць усё што заўгодна — там усё залежала ад таго, у каго менавіта што запыталі. Часта тую польскую нельга і польскай мовай назваць — у апытаньнях сьведак гэта хутчэй старабеларуская, запісаная лацінкай.
Калі гэта мова ўрадніка, то ў яго мова больш высокага ўзроўню.
У іншых гарадах Беларусі было па некалькі бурмістраў, часам іх было 24: 12 «грэцкага закону» і 12 «рымскага закону». У Горадні былі два бурмістры — праваслаўны і каталік, пасьля ўніят і каталік.
— Вы кажаце, што кнігі пісаліся лацінай. Гэта значыць, што праваслаўныя ведалі лаціну?
— У Горадні сытуацыя была іншая. Асабліва з канца XVI стагодзьдзя, з прыняцьцем Берасьцейскай уніі, горад становіцца практычна цалкам каталіцкім. Але і раней там панавала каталіцкае асяродзьдзе. Пачынаючы ад першага цэху ўсе цэхі павінны былі быць пад апекай аднаго касьцёла, мець там свае алтары, а пра праваслаўны храм ня згадвалася.
Ад XVII стагодзьдзя практычна ўвесь склад магістрату становіцца каталіцкім. Спачатку ў магістрат траплялі людзі праваслаўнага, пасьля ўніяцкага веравызнаньня, а пасьля ён становіцца цалкам каталіцкім. Але бурмістраў было два.
У 1633 годзе Жыгімонт Ваза падпісаў для Горадні прывілей, дзе было напісана, што ўраднікі могуць быць толькі каталікамі, так што з таго часу адпалі і ўніяты.
— І яшчэ пытаньне пра ідэнтычнасьць мяшчан Горадні ў XVI–XVII стагодзьдзях. Кім яны сябе лічылі і як называлі? Мы ведаем, што жыхары Магілёва, напрыклад, дакладна ў тыя часы называлі сябе «рускімі», а тагачасных расейцаў толькі «масквой», маскавітамі. А як гэта было ў Горадні? Яны дзяліліся па веры ці яшчэ неяк?
— Калі мы гаворым пра ідэнтычнасьць, то ў першую чаргу яна тады была тытулятураю. У любым прыватным дакумэнце пісалася наступнае: я, імя і прозьвішча, мешчанін горадзенскі. Не называлі яны сябе ні каталікамі, ні праваслаўнымі, ні ўніятамі. Толькі калі была неабходнасьць пазначыць веравызнаньне, а так — не.
Кім яны сябе называлі? У першую чаргу паводле мясцовасьці паходжаньня — напрыклад, мешчанін горадзенскі. Нават калі я сустракаю інфармацыю пра іншых мяшчан, то і яны ідэнтыфікуюць сябе паводле мясцовага паходжаньня — адкуль яны паходзяць. Напрыклад, мешчанін берасьцейскі, мешчанін магілёўскі. Іншай ідэнтыфікацыі ні ў тэстамэнтах, ні ў судовых справах не сустракаецца.
Можа быць, можна пашукаць у нейкіх палітычных ці літаратурных творах, але ў звычайных прыватна-прававых дакумэнтах такіх рэчаў я не сустракала.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум