З аднаго боку, ужо ледзь не 99 адсоткаў мірных украінцаў у тэлевізары гавораць ці стараюцца гаварыць па-свойму. З другога, агрэсіўная прапаганда — што ў Маскве, што ў Менску —"страляе" выключна па-расейску. Беларускі чалавек адчувае, што ўскосна пастаўлены перад уласным пэрсанальным выбарам.
Сьцісла
- Дыскусіі пра выбар мовы зьніклі з публічнай прасторы і перамясьціліся ў прыватную прастору кожнага беларуса.
- Аб’ектыўнай прычынай такіх перамен стала сытуацыя з украінскай мовай ва Ўкраіне і выключна расейскамоўнай прапагандай.
- Трыманьне за расейскую мову псыхалягічна адбірае ў беларуса магчымасьць бачыць сваю ўласную пэрспэктыву.
На выбарчых дэбатах Каардынацыйнай рады амаль фізычна адчувалася напружаньне аўдыторыі перад выступам кожнага кандыдата: на якой мове ён будзе гаварыць? У расейскамоўным партале «Зеркало» заўважная опцыя «Вы можаце прачытаць гэта па-беларуску» — гэта запыт на асабісты выбар. У пастах у сеціве аўтары разважаюць, на якой мове ім выказвацца і чаму менавіта так. Пры гэтым дыскусіяў амаль не відаць. Ці то аргумэнты «бакоў» паўтораныя безьліч разоў, да банальнасьці, ці то занадта відавочнымі сталі матывы выбару.
Разабрацца цяпер трэба не ў сытуацыі і не ў мэтазгоднасьці, а ў саміх сабе. А гэта, у сваю чаргу, сьведчыць, што праблема выбару мовы абвастраецца ня дзесьці, а ў калектыўным несьвядомым беларусаў.
Чаму беларуская мова? Тут усе матывы з аднаго пакету: трэба падтрымаць мову, дэкляраваць уласную тоеснасьць, тое, што мы ёсьць, што нас робіцца болей. З расейскай мовай больш складана: матывы розныя і кожны сам па сабе.
Я, натуральна, не кранаю тых, хто расейскую выбірае «па працы» або як агрэсію супраць беларушчыны.
«Недасканала ведаю»
Мабыць, найбольш нэўтральнае і неправакацыйнае апраўданьне. Згадваю, як калісьці Віктар Івашкевіч адказваў на такую прычыну «негаварэньня» па-беларуску наступнымі словамі: «Перш, чым адгадаваць бараду, трэба нейкі час пахадзіць няголеным». І не зважаць на «кантралёраў», якія ў кожным нэафіце бачаць «безьбілетніка», дадам ад сябе. Праўда, у часы, калі Віктар казаў свае словы, гадоў 40 таму, няголенасьць лічылася неахайнасьцю, а ня модай, і такіх «кантралёраў» не было. Затое часьцяком можна было пачуць заўвагу, якая сустракаецца і цяпер: «Вы неправильно по-белорусски говорите».
«Па-расейску мяне прачытае больш людзей»
Натуральна, што ў расейскага блогера больш расейскіх чытачоў, бо іх у прынцыпе болей, але мы гаворым пра беларускага аўтара, які гаворыць пра беларускія тэмы па-расейску. Прынцыповае адрозьненьне тут у якасьці аўдыторыяў. Па-беларуску нашага блогера прачытае матываваная і ўключаная ўва ўсіх сэнсах публіка. То бок, тысяча беларускіх прачытаньняў — гэта паўнавартасны кантакт, а мільён расейскіх упадабаньняў — гэта часта як мімалётнае прывітаньне — ніякага працягу гэты кантакт, як правіла, ня мае. Можна параўнаць гэтыя лічбы з колькасьцю людзей на мірных маршах у Расеі і ў Беларусі.
«Я человек русской культуры»
Папулярнае ў колішнія часы самавызначэньне сёньня страціла ранейшы сэнс і ўспрымаецца як «я человек русского мира» або «я належу да эўразійскага сьвету», то бок да культуры не належу ў прынцыпе. «Я супрацьпастаўляю сябе цывілізаванаму сьвету і агульначалавечым каштоўнасьцям» — такім сэнсам сёньня напоўнены гэты выбар.
«Іду на прынцып»
Вядома ж, не таму, каб падтрымаць русыфікатарскую палітыку рэжыму, бо гаворка пра дэмакратычна арыентаваных беларусаў. Прынцып можа быць такі: «хачу заставацца сабой, якім ці якой мяне ведаюць сябры і блізкія ад самага дзяцінства», і нават «не хачу быць, як усе». Часта такія аўтары арыгінальна апісваюць свае адчуваньні і быццам зусім не заўважаюць праблемы выбару. Але чым далей працягваецца вайна, тым больш настойліва майгачыць у іх за сьпінаю гэтае пытаньне. Ёсьць лінія фронту і два бакі. Калі ты ніяк сябе не пазначыш — каму ты свой, а каму чужы — табе прыляціць з абодвух бакоў.
«Мне ўсё адно»
Абыякавасьць у гэтай справе заўсёды крыху дэманстратыўная, бо пытаньне выбару ўсё адно прысутнічае, хай сабе на самым краі сьвядомасьці. Але вось што ў выніку атрымліваецца (як і ў папярэдняй матывацыі аб прынцыпе): у расейскамоўных пастах, разумных ці ня вельмі, шмат крытыкі, пэсымізму, расчараваньня, але, бадай, ніколі няма пазытыўных ці канструктыўных думак пра пэрспэктыву. Маўляў, сьвятла ў канцы тунэлю не відаць.
Прыкметная розьніца: у беларускамоўных амбітных і глыбокіх аўтараў так пытаньне не стаіць. Яны сваю пэрспэктыву бачаць, бо адчуваюць апірышча пад нагамі і больш гавораць пра непачаты край работы, бо да сьвятла ў канцы тунэлю яшчэ трэба дабрацца, прабіцца, дакапацца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум