Разам з тым Сьвятлана Ціханоўская заклікала швэдзкіх парлямэнтарыяў дамагацца ізаляцыі «прызначаных дэпутатаў» у Беларусі.
Не прызнаваць «прызначаных беларускіх дэпутатаў» і дамагацца іх ізаляцыі ў Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (ПА АБСЭ) заклікала Сьвятлана Ціханоўская сябраў парлямэнцкіх дэлегацый Швэцыі ў ПА АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) падчас сустрэчы ў парлямэнце Швэцыі 20 траўня.
Пра гэта паведаміў «Позірку» галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.
Таксама абмеркавалі сумесныя дзеяньні на міжнароднай арэне, пэрспэктывы ўключэньня прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі ў працу парлямэнцкіх асамблей АБСЭ і Рады Эўропы.
Перад гэтай сустрэчай Ціханоўская абмеркавала сытуацыю ў Беларусі, падтрымку палітвязьняў і беларускіх незалежных СМІ і розных культурных ініцыятываў са сьпікерам Рыксдага Андрэасам Нурленам.
Падчас сустрэч у парлямэнце, у якіх таксама прынялі ўдзел дарадца па міжпарляменцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька і прадстаўнік «народнай амбасады» ў Швэцыі Дзьмітры Васэрман, размова таксама ішла аб супрацоўніцтве палітычных партый дзьвюх краін, адзначыў Вячорка.
«Падтрымаць эўрапейскі шлях для Беларусі, каб беларусы разумелі, што дзьверы ў ЭЗ для краіны будуць адчыненыя», заклікала Ціханоўская прэмʼер-міністра Швэцыі Ульфа Крыстэрсана і міністра ў справах ЭЗ Есіку Росваль падчас сустрэчы ў Стакгольме.
Ціханоўская прапанавала Росваль падтрымаць ідэю прызначэньня спэцпасланьніка Эўразьвязу па справах Беларусі, паведаміў Вячорка.
Ціханоўская таксама падкрэсьліла, што ізаляцыя рэжыму Аляксандра Лукашэнкі не павінна прывесьці да ізаляцыі простых беларусаў, заклікаўшы да захаваньня міжчалавечых сувязей, выдачы стыпэндый і віз.
Яна падзякавала Швэцыі за падтрымку незалежных СМІ і культурных ініцыятыў, за прызначэньне спэцпасланьніка па дэмакратычнай Беларусі Крысьціны Юханэсан, а таксама за спрашчэньне легалізацыйных працэдур для беларусаў, у прыватнасьці, нядаўняе рашэньне прызнаваць беларускія пашпарты са скончаным тэрмінам дзеяньня.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў восьмага скліканьня прайшлі 25 лютага. Іх вынікі не прызнаныя апазыцыяй і дэмакратычнымі дзяржавамі.
- Раней сваіх спэцыяльных прадстаўнікоў па Беларусі, адказных за супрацоўніцтва зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, прызначылі шэраг краін, сярод якіх Швэцыя (Крысьціна Юханэсан), Літва (Аста Андрыяўскене), Польшча (Артур Міхальскі), Эстонія (Марка Каплімаа).
- У 2021–2022 гадах спэцпрадстаўніком ЗША была Джулі Фішар. Яна была прызначаная амбасадарам у 2020 годзе, але так і ня трапіла ў Менск з прычыны пазыцыі беларускіх уладаў, якія былі незадаволеныя ўзмацненьнем амэрыканскіх санкцый. Новы спэцпрадстаўнік ЗША пакуль не прызначаны.
Форум