Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя стала другой краінай, якая дапаможа Фонду падтрымкі беларускіх палітвязьняў


Прадстаўнікі штабу Ціханоўскай на перамовах у швэдзкім Рыксдагу, 20 траўня 2024
Прадстаўнікі штабу Ціханоўскай на перамовах у швэдзкім Рыксдагу, 20 траўня 2024

Краіна накіруе ў фонд 430 тысяч эўра.

Урад Швэцыі выдзеліць 5 млн крон (каля 430 тысяч эўра) для Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі палітвязьняў Беларусі. Паводле інфармацыі «Парлямэнцкага каналу», пра гэта на Стакгольмскай канфэрэнцыі па Беларусі 21 траўня заявіў міністар міжнароднага разьвіцьця, супрацы і замежнага гандлю Юган Фушэль.

Пра тое, што чыноўнік мае намер абвясьціць пра гэты крок, раней паведамляла прэс-служба швэдзкага ўраду. Фушэль заявіў, што «Швэцыя дакладна падтрымлівае дэмакратычную Беларусь».

30 красавіка галоўны дарадца дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў «Позірку», што першы ўнёсак у фонд падтрымкі беларускіх палітвязьняў зробіць Осла — 10 млн нарвэскіх крон (850 тысяч эўра).

Фонд накіраваны на падтрымку сем’яў рэпрэсаваных і былых палітвязьняў. Гаворка пра мэдычную дапамогу і рэабілітацыю, матэрыяльную і псыхалягічную дапамогу вызваленым палітвязьням і асобам, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі. Распараджацца сродкамі фонду будуць беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць палітвязьням.

Паводле інфармацыі Вячоркі, Міністэрства замежных справаў Нарвэгіі працуе над фармалізацыяй працы фонду. Уносіць сродкі змогуць урады краін, міжнародныя арганізацыі і іншыя донары.

З ініцыятывай стварыць такі фонд Ціханоўская выступіла пасьля таго, як палітвязень, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй міру ў 2022 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG