Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лукашэнкі заявілі пра кадравыя рашэньні ў КДБ, але не ўдакладнілі, каго замянілі


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка вызначыў зьнешнія і ўнутраныя задачы для новых супрацоўнікаў органаў дзяржбясьпекі.

Аляксандар Лукашэнка заявіў аб спробах суседніх эўрапейскіх краін навязаць Беларусі «вайну дывэрсійных груп».

Як паведамляецца на ягоным сайце, Лукашэнка патрабаваў «рашуча спыняць дзейнасьць іншаземных спэцслужбаў на тэрыторыі краіны», калі ўхваліў «кадравыя рашэньні ў структуры органаў дзяржаўнай бясьпекі». У той жа час у паведамленьні не ўдакладняюць ні прозьвішчаў, ні пасадаў, датычна якіх ухвалілі рашэньні.

«Вашымі рукамі і розумам трэба своечасова выкрываць рознага кшталту замашкі і нэгатыўныя тэндэнцыі датычна нашай дзяржавы. Трэба спыняць, прытым вельмі рашуча, дзейнасьць іншаземных спэцслужбаў на тэрыторыі Беларусі», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, суседнія дзяржавы ў адказ на прапанаваную ім «палітыку добрасуседзтва» нібыта адказваюць спробамі навязаць вайну.

«На тую палітыку добрасуседзтва, якую мы прапанавалі нашым суседзям — палякам, літоўцам і латышам, улічваючы бязьвізавую прастору, — яны адказваюць адваротным чынам. Мы бачым і спробу, апроч інфармацыйнай вайны, навязаць нам вайну дывэрсійных груп. Мы таксама гэта адзначаем апошнім часам і вядзем барацьбу супраць гэтага. Мы бачым, што яны рыхтуюць рознага кшталту ўзброеныя атрады і ледзьве не палкі, як яны іх называюць, каб ажыцьцявіць уварваньне на тэрыторыю Беларусі», — дадаў ён, не прывёўшы ніякіх доказаў сваім словам.

Паводле Лукашэнкі, новапрызначаныя супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бясьпекі таксама павінны не дапусьціць «карупцыі і крышаваньня» з боку падкантрольных ім органаў.

«Вы праводзіце контравыведнае забесьпячэньне і кантрольных органаў, і праваахоўных органаў. Вы павінны рабіць адпаведныя захады і інфармаваць мяне, калі раптам у кагосьці ўзьнікае жаданьне расшырыць сваю дзейнасьць карупцыйную на тэрыторыі Беларусі», — заявіў Лукашэнка.

«Такое ўтоенае мышкаваньне тыпу крышаваньня, як гэта прынята ў іншых дзяржавах (мы часта на гэтую тэму бачым фільмы па тэлебачаньні і гэтак далей), — у нас гэтага быць не павінна. Крышаваньне, калі яно ёсьць, яно будзе вельмі сур’ёзна біць па нашых людзях. Вось гэтая дзікая драбната: «Я табе дапамагу, ты там мне чагосьці дасі. „Ты — мне, я — табе“, — гэтага быць у Беларусі не павінна», — сказаў Лукашэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG