Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заявы Тэртэля ўспрынялі ва Ўкраіне як анонс удару па кіеўскіх шпіталях. Іх эвакуавалі

абноўлена

Іван Тэртэль, архіўнае фота
Іван Тэртэль, архіўнае фота

Улады Кіева тэрмінова прыступаюць да эвакуацыі двух шпіталёў (адзін зь іх дзіцячы), разьмешчаных на вуліцы Багатырскай у Кіеве, інфармуе кіеўская адміністрацыя.

Як паведамляе BBC Украіна, такія дзеяньні ўладаў Кіева зьвязаныя з апасродкаванымі пагрозамі ўдару па кіеўскіх шпіталях кіраўніка КДБ Беларусі Івана Тэртэля. На паседжаньні Ўсебеларускага народнага сходу кіраўнік КДБ пагражаў супрацьдзейнічаць нейкім «тэрарыстам з Украіны», заявіўшы, што «іх напаткае пакараньне, нягледзячы на тое, што сваім логавам яны абралі кіеўскія лякарні па адрасе Багатырская 30-32, дзе схаваліся за сьпіны хворых дзяцей». Пры гэтым кіраўнік КДБ зазначыў, што ў барацьбе з тэрарызмам сілавікі будуць дзейнічаць «па законах ваеннага часу».

У Кіеве гэтую заяву ўспрынялі як анонс удару па шпіталях, чые адрасы былі названыя ў кантэксьце барацьбы з тэрарызмам. «Гэта абсалютная хлусьня і правакацыя ворага, якую ён спрабуе выкарыстоўваць для ўдару па сацыяльнай інфраструктуры сталіцы», — гаворыцца ў заяве кіеўскай адміністрацыі.

Каб засьцерагчы хворых дзяцей, іх бацькоў і мэдпэрсанал, улады Кіева «робяць усё магчымае, каб перавезьці пацыентаў і мэдыкаў у іншыя мэдустановы сталіцы», — сказана ў заяве.

«Горад зьвярнуўся ў СБУ, Міністэрства аховы здароўя па дапамогу і праінфармаваў аб мерах, якія прымаюцца для захаваньня жыцьця і здароўя пацыентаў і пэрсаналу бальніц», — паведаміла адміністрацыя ўкраінскай сталіцы. Пазьней мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што бальніцы эвакуавалі.

У СБУ таксама адрэагавалі на пагрозы шэфа беларускага КДБ, заклікаўшы ўспрымаць заявы ўладаў РБ як інфармацыйна-псыхалягічныя спэцапэрацыі, якія граюць на руку РФ.

У СБУ заявілі, што рэжым Беларусі цалкам здаў сваю радзіму Расеі. «Беларускім уладам трэба не палохаць украінцаў псэўдазаявамі, а думаць аб тым, як не апынуцца на лаве падсудных у Гаазе побач з крамлёўскім дыктатарам», – гаворыцца ў заяве СБУ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG