Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод аўтараў зваротаў у КДБ Беларусі знайшліся літоўскія. Пра што яны паведамлялі


Літоўска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Літоўска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Літоўскі партал Delfi зрабіў свой агляд зваротаў у КДБ Беларусі, базу якіх здабылі «Кібэрпартызаны».

Публікацыя называецца «Праграмісты сьцьвярджаюць, што скралі інфармацыю КДБ Беларусі: некаторыя лісты скаржнікаў — зь Літвы».

Напрыклад, летась у КДБ Беларусі напісаў грамадзянін Літвы Сяргей, які жыве ў Вільні і працуе на прадпрыемстве, створаным у Ляндварове (Лянтварысе). Ён называе прозьвішча кіраўніка і пералічвае іншыя прадпрыемствы, якія таму належаць. Сяргей асабліва падкрэсьлівае, што адно зь іх у Беларусі, а тыя, што ў Літве, актыўна супрацоўнічаюць зь літоўскім Міністэрствам аховы краю, пастаўляюць паліва і дэталі Міністэрству абароны Ўкраіны, рамантуюць вайсковую тэхніку. Маўляў, толькі за апошні месяц прадпрыемства шэсьць разоў наведалі прадстаўнікі ўкраінскай арміі. Сяргей папрасіў пераслаць гэтае паведамленьне з Расеі ў спадзяваньні, што КДБ высьветліць сытуацыю і не дазволіць «зарабляць на крыві».

Delfi зьвярнуўся ў адно з названых у скарзе прадпрыемстваў па камэнтар, але яно адмовілася камэнтаваць «незаконным чынам здабытую інфармацыю».

У беларускі КДБ зьвярнуўся грамадзянін Расеі, аўтар выданьня «Коммерсантъ» Уладзімір Вода, якога Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы абвясьціў асобаю, якая нясе небясьпеку краіне, а Вода праз суд спрабуе аспрэчыць высланьне зь Літвы. Ад КДБ ён просіць даведку, што не супрацоўнічае зь ім.

Партал зьвяртае ўвагу, што ў некаторых скаргах згадваюцца імёны літоўскіх палітыкаў. Напрыклад, жыхарка Беларусі Натальля В. паскардзілася КДБ на супрацоўніка Міністэрства падаткаў і збораў Аляксандра Л. Ягоныя мінусы, паводле скаржніцы: на выбарах 2020 году не галасаваў за Лукашэнку; удзельнічаў у несанкцыянаваных пратэстах; трымаецца антыдзяржаўнай пазыцыі, якую адкрыта дэманструе калегам, кліентам і родным; сочыць за экстрэмісцкімі тэлеграм-каналамі; мала таго, яшчэ і стварыў арганізацыю, якая чакае зьмены ўлады. Аляксандар Л. мае родзіча ў Літве — дэпутата Сейму Раймундаса Лапату, ад якога нібыта атрымлівае ўказаньні і фінансаваньне сваёй антыдзяржаўнай дзейнасьці. Натальля В. просіць перадаць гэтую інфармацыю «зацікаўленым асобам» для пацьверджаньня фактаў і прававой ацэнкі дзеяньняў названай асобы.

Сам Раймундас Лапата, вядомы палітоляг і палітык, кіраўнік парлямэнцкага камітэту, у Facebook напісаў: «Хоць я ня маю такога родзіча, ягоную барацьбу супраць дыктатара цалкам падтрымліваю».

Літоўскі прадпрымальнік з Клайпедзкага раёну, які за нешта судзіцца зь беларусам, скардзіцца КДБ Беларусі на МУС Беларусі, якое, на ягоную думку, неаб’ектыўнае і шкодзіць іміджу Рэспублікі Беларусі на міжнароднай арэне, ствараючы неспрыяльныя ўмовы для замежных інвэстараў.

Выглядае, што пры дапамозе скаргаў у КДБ Беларусі некаторыя спрабуюць зводзіць асабістыя рахункі. Мужчына, які назваў месцам жыхарства Грыгорава (Грыгішкес каля Вільні), прыслаў спасылку на відэазапіс канфлікту кіроўцаў фураў, адзін зь якіх, паводле заяўніка, «яўны нацы», які працуе на літоўскім прадпрыемстве і кепска адгукаецца пра людзей, што падтрымліваюць Лукашэнку.

Сярод зваротаў, прысланых зь Літвы, ёсьць звычайныя просьбы дапамогі ў пошуку даўно памерлых сваякоў ці зьніклых у Беларусі людзей.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG