Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША вынесьлі прысуд мужчыну, які хацеў выкрасьці экс-сьпікерку Палаты прадстаўнікоў і напаў на яе мужа


Нэнсі Пэлосі
Нэнсі Пэлосі

У ЗША фэдэральны суд у Сан-Францыска прысудзіў 30 гадоў турмы 44-гадоваму Дэвіду ДэПэйпу, які ў 2022 годзе ўчыніў напад на мужа былой сьпікеркі Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі. Аб гэтым паведаміла тэлекампанія CBS.

Абвінавачаньне патрабавала для мужчыны 40 гадоў пазбаўленьня волі. Абарона настойвала на 14 гадах, спасылаючыся на тое, што ў ДэПэйпа ня было крымінальнага мінулага і ён раскаяўся ва ўчыненым.

Аднак судзьдзя Жаклін Скот Корлі палічыла, што дзеяньні ДэПэйпа стварылі беспрэцэдэнтную пагрозу для амэрыканскіх чыноўнікаў і чальцоў іх сем'яў.

У лістападзе 2023 года прысяжныя прызналі ДеПэйпа вінаватым па двух артыкулах абвінавачаньня – у спробе выкраданьня фэдэральнага чыноўніка і нападзе на бліжэйшага сваяка фэдэральнага чыноўніка.

Раніцай 28 кастрычніка 2022 года быў учынены напад на Пола Пэлосі – мужа сьпікеркі Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэлосі. Сама Пэлосі ў гэты момант знаходзілася ў Вашынгтоне.

Нападнік спрабаваў зьвязаць Пола Пэлосі, «пакуль Нэнсі ня вернецца дадому». Ён крычаў: «Дзе Нэнсі? Дзе Нэнсі?» Калі прыбыла паліцыя, нападнік казаў, што «чакае Нэнсі».

Падчас паказаньняў у судзе ДэПэйп прызнаўся, што плянаваў узяць у закладнікі Нэнсі Пэлосі. Ён таксама прызнаў, што зьбіў яе мужа малатком, бо хацеў, каб ва ўрадзе скончылі з карупцыяй.

ДэПэйп – канадзец, прыехаў у ЗША больш за 20 гадоў таму. На сваёй старонцы ў фэйсбуку ён разьмяшчаў тэорыі змовы аб вакцынах ад каранавіруса, выбарах прэзыдэнта ЗША 2020 года і штурме Капітолія ў студзені 2021 года. У прыватнасьці, ДэПэйп пісаў, што вакцыны ад COVID-19 сьмяротна небясьпечныя, выбары 2020 года былі скрадзеныя, а судовы працэс па справе Джорджа Флойда, які загінуў у 2020 годзе пры затрыманьні супрацоўнікамі паліцыі, ён назваў «сучасным лінчаваньнем», заявіўшы, што Флойд ад перадазіроўкі наркотыкаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG