Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кубінцы, якія не хацелі вяртацца ў Беларусь, блякавалі рух у Медніках. Іх вярнулі ў Літву

абноўлена

Пункт пропуску Меднікі ў Літве
Пункт пропуску Меднікі ў Літве

Сямёра грамадзян Кубы, якім Літва адмовіла ў наданьні прытулку, не захацелі вяртацца ў Беларусь і заблякавалі рух у пункце пропуску Меднікі (зь беларускага боку — Каменны Лог). У выніку іх вярнулі ў літоўскі цэнтар рэгістрацыі замежнікаў.

Кубінцы прыбылі зь Беларусі тры тыдні таму праз пункт пропуску Меднікі — Каменны Лог і папрасілі прытулку ў Літве. Гаворка ідзе пра трох дарослых мужчын, дзьвюх дзяўчынак-падлеткаў і двух дарослых жанчын, расказаў выданьню BNS прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы па сувязях з грамадзкасьцю Гедрус Мішуціс, паведамляе LRT.

Дэпартамэнт міграцыі Літвы разгледзеў іх хадайніцтвы, ацаніў усе абставіны і пагрозы і вырашыў, што падставаў даваць ім прытулак няма. Падчас працэдуры вяртаньня ў Беларусь кубінцы адмовіліся пакінуць Літву і сталі ў пункце пропуску Меднікі проста ля памежнай лініі.

«Паколькі рух у пункце пропуску дастаткова інтэнсіўны, а яны знаходзяцца на праезнай частцы, было прынята рашэньне спыніць рух у пункце „Меднікі“ да таго часу, пакуль яны не пакінуць Літву. Працягваецца працэдура ўзгадненьня іх нядопуску ў Літву і вяртаньня ў Беларусь», — сказаў Мішуціс.

Празь некаторы час літоўскі бок прыняў рашэньне вярнуць кубінцаў у цэнтар рэгістрацыі замежнікаў у Падбродзьдзі (Pabradė). Рух транспарту быў заблякаваны прыкладна з 13:00 да 14:00, паведамляе 15min.lt.

  • Сёлета Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы не прапусьціла ў Літву зь Беларусі ў забароненых месцах 193 нелегальных мігрантаў.
  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу працягваецца зь вясны 2021 году да сёньня.
  • З пачатку 2024 году зафіксавана ўжо больш за 13,3 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня ў краіны ЭЗ зь беларускай тэрыторыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG