Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве галасуюць на выбарах прэзыдэнта і рэфэрэндуме аб папраўках у закон аб грамадзянстве


Выбары ў Літве, травень 2024
Выбары ў Літве, травень 2024

Прамежкавая яўка большая за выбары пяць гадоў таму.

У дзень галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах і на рэфэрэндуме аб захаваньні грамадзянства жыхары краіны працягваюць галасаваць крыху больш актыўна, чым пяць гадоў таму.

У нядзелю да 12:00 сваё волевыяўленьне ўжо выказалі 17,11% выбарнікаў, сьведчаць зьвесткі Цэнтравыбаркаму краіны. 11,59% грамадзян прагаласавалі датэрмінова.

Агулам у выбарчых сьпісах 2 385 234 грамадзяніны.

Пяць гадоў таму ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў да 12:00 прагаласавалі 16,96% выбарнікаў. Агульная яўка на выбарах 2019 году дасягнула 57,37%, у першым туры 2014 году — 52%.

Сёлета за пасаду прэзыдэнта Літвы змагаюцца восем палітыкаў:
цяперашні прэзыдэнт, беспартыйны Гітанас Наўседа, прэтэндуе на другі тэрмін;
кіроўная Tėvynės sąjunga (Зьвяз Айчыны) — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты вылучаюць кандыдатам у прэзыдэнты прэм’ер-міністра Інгрыду Шыманіце;
Laisvės partija (Партыя Свабоды) — дэкана юрыдычнага факультэту Ўнівэрсытэту Вітаўта Вялікага Дайнюса Жалімаса;
апазыцыйная Darbo partija (Партыя працы) — свайго лідэра Андруса Мазуроніса;
Саюз дэмакратаў Vardan Lietuvos (У імя Літвы) — былога намесьніка міністра нацыянальнай абароны Гедрымаса Яглінскаса;
адвакат Ігнас Вегеле, доктар Эдуардас Вайткус і лідэр партыі «Nemunas Aušra» (Нёманская зара) Рэмігіюс Жэмайтайціс ішлі на выбары самавылучэнцамі.

Канстытуцыйны суд прызнаў за Жэмайтайцісам парушэньне прысягі і Канстытуцыі за антысэміцкія выказваньні, у выніку чаго палітык адмовіўся ад мандата дэпутата Сейму.

У той жа момант Вегеле адзначыўся сваімі выказваньнямі пра памылковасьць санкцый супраць Беларусі. Яго западозрылі ў абыходзе санкцый адносна суседняй краіны. Адвакат — найзаможнейшы з кандыдатаў.

Пераможцам будзе лічыцца кандыдат, які атрымае больш за 50% галасоў. У выпадку, калі ніводнаму з кандыдатаў не ўдалося дасягнуць большасьці, праз два тыдні арганізуецца другі тур, у які звычайна выходзяць два кандыдаты, якія атрымалі найбольшую колькасьць галасоў у першым. У другім туры кандыдат, які набраў большасьць галасоў, будзе прызнаны пераможцам.

Падчас першага туру прэзыдэнцкіх выбараў праводзіцца і рэфэрэндум у пытаньні двайнога грамадзянства. Зьмяніць Канстытуцыю прапануецца, выключыўшы зь яе фразу, якая цяпер не дазваляе грамадзянам Літвы атрымліваць другое грамадзянства, — што «ніхто ня можа быць грамадзянінам Літоўскай Рэспублікі і іншай дзяржавы, акрамя асобных выпадкаў, прадугледжаных законам».

Прапанаваная зьмена ў рэдакцыю Канстытуцыі: «Грамадзянства Літоўскай Рэспублікі набываецца па нараджэньні і на іншых падставах, устаноўленых законам. Парадак набыцьця і страты грамадзянства вызначаецца законам».

Каб папраўка да Канстытуцыі была прынятая, за яе павінна прагаласаваць ня менш за палову літоўцаў, якія маюць права голасу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG