Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты-расьсьледнікі абвінавацілі самага багатага кандыдата ў прэзыдэнты Літвы ў абыходзе санкцыяў адносна Беларусі


Ігнас Вегеле
Ігнас Вегеле

Расьсьледаваньне было праведзенае выданьнямі «Бюро» «Laisvės TV», «Sienas» і беларускімі журналістамі-расьследнікамі.

Пра гэта паведамляе партал DELFI.

Паводле расьследнікаў, у сямейным бізнэсе кандыдата ў прэзыдэнты Літвы Ігнаса Вегеле ёсьць прыкметы магчымага абыходу санкцый. Расьследнікі сьцьвярджаюць, што кампанія Вегеле экспартавала кандыцыянэры дзьвюм кіргіскім кампаніям, якія падалі неіснуючыя адрасы.

Зьвесткі, сабраныя дасьледчыкамі, паказваюць, што кампанія Vilpra, падкантрольная сям’і Вегеле, за паўгода экспартавала кандыцыянэраў прыкладна на 940 тысяч эўра з указаньнем у якасьці краіны прызначэньня Кіргізстану.

Аднак ёсьць падставы сумнявацца, ці кандыцыянэры пайшлі менавіта туды. Vilpra катэгарычна адмаўляе сваю датычнасьць да магчымага мэханізму абыходу санкцый. Кандыдат у прэзыдэнты Вегеле на пытаньні адказвае абвінавачваньнямі ў «заказным расьсьледаваньні».

Кіргізстан заявіў, што імпартаваў значна менш. Журналісты нагадваюць, што неўзабаве пасьля нападу Расеі на Ўкраіну ЭЗ забараніў экспарт кандыцыянэраў у Беларусь.

Зьвесткі, атрыманыя журналістамі, паказваюць, што Vilpra інтэнсіўна гандлявала з Кіргізстанам зь верасьня 2022 году па сакавік 2023-га. У той час Літва была лідэрам ва ўсім ЭЗ у экспарце кандыцыянэраў у Кіргізстан: за гэты пэрыяд Літва заявіла, што экспартавала кандыцыянэраў больш як на 2,3 мільёна эўра. Абʼём экспарту Vilpro склаў каля 40% гэтай сумы.

Кіргізстан паведаміў статыстычнаму агенцтву Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, што за гэты пэрыяд імпартаваў зь Літвы кандыцыянэраў усяго прыкладна на 370 тысяч даляраў, гэта ў шэсьць разоў менш за заяўлены Літвой экспарт.

Паводле дэклярацыі аб маёмасьці і даходах, якую юрыст Ігнас Вегеле падаў як кандыдат у прэзыдэнты, летась ён меў маёмасьць на 1,5 мільёна эўра і яшчэ 22 тысячы эўра ў выглядзе каштоўных папер, твораў мастацтва, ювелірных вырабаў. На рахунку кандыдат меў 256 тысячаў эўра, у 2023 годзе ён зарабіў 168 900 эўра. Ён самы багаты з 8 кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах.

Падчас нядаўніх тэледэбатаў зь іншымі кандыдатамі Вегеле заявіў, што дачыненьні Літвы з Расеяй павінны быць «вельмі прагматычныя», а стаўленьне да Беларусі пасьля 2020 году назваў «памылкай». Паводле яго, Літва згубіла «буфэрную зону» празь непрадуманыя рашэньні, і цяпер у Літвы «фактычна ёсьць мяжа з Расеяй за 40 кілямэтраў ад Вільні».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG