Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кандыдаты на прэзыдэнта Літвы казалі на дэбатах пра дачыненьні зь Беларусьсю


Першыя тэледэбаты кандыдатаў на прэзыдэнта Літвы, 22 красавіка 2024 году. Кадар зь відэазапісу на тэлеканале LRT
Першыя тэледэбаты кандыдатаў на прэзыдэнта Літвы, 22 красавіка 2024 году. Кадар зь відэазапісу на тэлеканале LRT

У Літве на грамадзкім тэлебачаньні адбыліся першыя дэбаты з удзелам усіх зарэгістраваных для ўдзелу ў выбарах 12 траўня кандыдатаў на прэзыдэнта.

Усе восем кандыдатаў назвалі найбольш важныя зьнешнепалітычныя падзеі ў выпадку іх перамогі, а таксама падзяліліся сваімі думкамі пра падтрымку Ўкраіны, міграцыйную сытуацыю, а таксама пра тое, якія дачыненьні яны плянуюць разьвіваць з Расеяй, Беларусьсю і Кітаем.

Як паведаміла выданьне lrt.lt, дзейны прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што нельга мець ніякіх дачыненьняў ні з Расеяй, ні зь Беларусьсю, якая цалкам залежыць ад Масквы.

«Мы павінны дакладна стаяць на пазыцыі: Украіна знаходзіцца пад атакай. Свабода Ўкраіны — гэта наша свабода, мы павінны зьбіраць міжнародную падтрымку для перамогі Ўкраіны, і гэта найлепшы спосаб самім у выніку не апынуцца ў ізаляцыі», — працытавала Гітанаса Наўседу літоўскае выданьне.

Дэкан юрыдычнага факультэту Ўнівэрсытэту Вітаўтаса Вялікага Дайнюс Жалімас сказаў, што не ўяўляе ніякіх дачыненьняў з Расеяй без спыненьня вайны ва Ўкраіне, а таксама без прыцягненьня да адказнасьці лідэраў рэжымаў за ваенныя злачынствы і выплаты рэпарацый Кіеву.

Дзейная прэм’ерка Інгрыда Шыманіце лічыць, што нармалізацыя дачыненьняў з Расеяй і Беларусьсю магчымая толькі ў выпадку перамогі Ўкраіны. Яна таксама не пагадзілася з крытыкай дзеяньняў свайго ўраду, які ўвёў санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку датычна беларускіх угнаеньняў, яшчэ да пачатку вайны ва Ўкраіне. Паводле яе, не магло быць іншых рашэньняў, калі ў Беларусі зьявіліся тысячы палітычных вязьняў. Яна таксама назвала правільнай падтрымку беларускай апазыцыі ў Літве.

Адвакат Ігнас Вегеле падкрэсьліў, што дачыненьні Літвы з Расеяй павінны быць «вельмі прагматычныя», а стаўленьне да Беларусі пасьля 2020 году назваў «памылкай». Паводле яго, Літва згубіла «буфэрную зону» празь непрадуманыя рашэньні, і цяпер у Літвы «фактычна ёсьць мяжа з Расеяй за 40 кілямэтраў ад Вільні».

Колішні міністар абароны Літвы Гедрымас Эглінскас заявіў, што мэта Літвы — мець двух дэмакратычных суседзяў, але гэта немагчыма цягам найбліжэйшых дзесяці гадоў. Паводле яго, Расея разумее толькі сілу, таму NATO мусіць «прадэманстраваць непрадказальнасьць». Ён выказаўся за неабходнасьць умацоўваць дачыненьні з NATO і ЗША.

Лідэр Партыі працы Андрус Мазуроніс дадаў, што магчымасьць палітычных і эканамічных дачыненьняў зь Беларусьсю і Расеяй выглядае наіўнаю «для любога разважлівага чалавека». Што тычыцца Беларусі, прапанаваў ён, варта стварыць стратэгію дзейнасьці пасьля падзеньня рэжыму ў Менску і стратэгію доступу да простых беларусаў.

Доктар Эдуардас Вайткус заявіў, што Літва павінна імкнуцца да «нармальных добрасуседзкіх дачыненьняў з Расеяй і Беларусьсю, ня ўмешваючыся ва ўнутраныя справы гэтых краін» і не дапускаць умяшаньня ва ўнутраныя справы Літвы зь іхнага боку. Ён перакананы, што прысутнасьць Сьвятланы Ціханоўскай у Вільні — прыклад умяшаньня ва ўнутраную палітыку Беларусі, што правакуе Менск.

Лідэр партыі «Зара Нёмана» Рэмігіюс Жэмайтайціс перакананы, што Аляксандар Лукашэнка — «закладнік» Уладзіміра Пуціна, адказны за тысячы палітычных вязьняў. Ён заклікаў разьдзяляць беларускі народ і рэжым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG