Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абвясьцілі пра новы пакет вайсковай дапамогі Украіне на $400 млн. У ім ракеты для ЗРК Patriot і БМП Bradley


Сьцяг ЗША
Сьцяг ЗША

ЗША абвясьцілі пра перадачу Ўкраіне чарговага пакета ваеннай дапамогі на $400 млн, у які, акрамя іншага, увайшлі ракеты для зэнітна-ракетных комплексаў Patriot і баявыя машыны пяхоты Bradley.

Як паведамляе Белы дом, у чарговы пакет узбраеньняў таксама ўвайшлі:

  • супрацьпаветраныя ракетныя комплексы Stinger
  • снарады для артылерыі калібрам 155 і 105 мм
  • вайсковыя аўтамабілі клясы HMMWV і MRAP
  • супрацьтанкавыя ракетныя комплексы Javelin і AT4
  • транспартныя сродкі матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня
  • тактычныя аўтамабілі для буксіраваньня і транспартаваньня тэхнікі

24 красавіка прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў закон, які прадугледжвае выдзяленьне $61 млрд вайсковай дапамогі Ўкраіне. У той жа дзень Пэнтагон заявіў аб адпраўцы Кіеву першага пакета вайсковай дапамогі на суму $1 млрд, у які, сярод іншага, увайшлі боепрыпасы для РСЗА HIMARS, БМП Bradley, высокадакладныя ракеты для авіяцыі і іншае ўзбраеньне.

З $60,84 млрд, прызначаных Украіне, каля $23 млрд пойдуць на папаўненьне запасаў амэрыканскай зброі, больш за $11 млрд — на фінансаваньне бягучых ваенных апэрацый ЗША ва Украіне і яшчэ амаль $14 млрд — на закуп узбраеньня і абароннай прадукцыі. Таксама Ўкраіне дадуць $7,85 млрд у крэдыт для падтрыманьня эканомікі. Акрамя таго, законапраект прадугледжвае пастаўку Кіеву дальнабойных ракет ATACMS.

Законапраект аб выдзяленьні Ўкраіне $60 млрд быў заблякаваны ў Кангрэсе ЗША з канца 2023 году. На думку Інстытуту вывучэньня вайны, гэта паўплывала на сытуацыю на фронце: ва Ўкраіне ўзьнік дэфіцыт узбраеньня, і Расея за кошт гэтага змагла дабіцца тактычных посьпехаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG