Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Польшчы адрэагавалі на ўцёкі ў Беларусь судзьдзі Шмыта, які меў доступ да дзяржаўных сакрэтаў


Томаш Шмыт
Томаш Шмыт

Польскія спэцслужбы разьбіраюцца, якой уразьлівай інфармацыяй зь беларускімі спэцслужбамі можа падзяліцца зьбеглы судзьдзя.

Шмыт вёў справы, якія датычаць дзяржаўных сакрэтаў

Польскае выданьне Gazeta Wyborcza высьветліла, што судзьдзя Томаш Шмыт часта на службе вызначаў, каму даваць доступ да сакрэтных матэрыялаў. У Варшаўскім ваяводзкім адміністрацыйным судзе ён займаўся справамі, датычнымі дзяржаўных таямніц. На 4 чэрвеня ён быў прызначаны ў склад камісіі адносна наданьня доступу да сакрэтнай інфармацыі, у тым ліку да таямніц NATO, Эўразьвязу і Эўрапейскай касьмічнай агенцыі (ЭКА).

Вядома, што судзьдзя Шмыт уцёк у Беларусь праз Турэччыну.

Выданьне піша, што Шмыта шанавалі ў часы ўраду ПіС, генэральны пракурор Польшчы Зьбігнеў Зёбра прызначыў яго на працу ў Дзяржаўную раду судаводзтва (па-польску KRS, у час рэформаў ПіС орган атрымаў у прэсе назву neo-KRS). Аднак Эўрапейскі суд правоў чалавека і Трыбунал правасудзьдзя ЭЗ у сваіх выраках пасьля разгляду польскай справы адзначылі, што судзьдзі прызначаліся ў KRS незаконна. У сакавіку Таварыства польскіх судзьдзяў Iustitia, грунтуючыся на гэтых рашэньнях, пастанавіла, што працэдуру неабходна паўтарыць.

Удзел у скандале на глебе нянавісьці

Шмыт таксама быў адным з удзельнікаў скандалу на глебе нянавісьці, у якім група судзьдзяў, якія выступаюць за ПіС, ачарняла адвакатаў, якія не падпарадкоўваліся зьменам, уведзеным Зёбрам у сыстэме правасудзьдзя і праваахоўных органах.

Gazeta Wyborcza праверыла базу зьвестак прысудаў і рэестар Варшаўскага ваяводзкага адміністрацыйнага суду, дзе працаваў судзьдзя-ўцякач. Аказалася, што судзьдзя Шмыт меў доступ да вялікай колькасьці канфідэнцыйнай і патэнцыйна каштоўнай інфармацыі.

Якія справы чакалі Шмыта

4 чэрвеня Ваяводзкі адміністрацыйны суд зь ягоным удзелам павінен быў разглядаць скаргі на адмову ў «допуску бясьпекі». Гэта дазвол на доступ да сакрэтных матэрыялаў пэўнай катэгорыі. Той, хто мае патрэбу ў такім доступе, спачатку правяраецца Агенцыяй унутранай бясьпекі Польшчы (ABW), а ў выпадку вайскоўцаў — Службай вайсковай контравыведкі. І менавіта яе начальнік першым прымае рашэньне аб выдачы або адмове ў выдачы дазволу.

Такое рашэньне можна абскардзіць у Вайсковым адміністрацыйным судзе ў Варшаве. У адной справе, прызначанай на 4 чэрвеня, суд з удзелам Шмыта павінен быў разглядаць скаргу на адмову прыняць матэрыялы пад грыфам «сакрэтна». Гэта адзін з найвышэйшых пунктаў сакрэтнасьці ў Польшчы. Вышэйшая толькі катэгорыя «зусім сакрэтна», якая будзе тычыцца адмовы польскім чыноўнікам, жаўнерам або афіцэрам у доступе да таямніц міжнародных арганізацый.

Адзін выпадак тычыцца катэгорыі сакрэтнасьці NATO, другі — катэгорыі сакрэтнасьці ЭЗ, апошні выпадак — пункту сакрэтнасьці ЭКА.

«Такія працэсы ў адміністрацыйным судзе, — расказвае газэце былы афіцэр з досьведам працы ў службах контравыведкі, — тычацца сытуацый, калі камусьці ў Агенцыі ўнутранай бясьпекі ці Службе вайсковай контравыведкі адмовілі ў доступе да сакрэтаў, або ён атрымаў доступ, які пазьней адклікалі».

На 11 чэрвеня прызначана яшчэ адзін разбор з удзелам судзьдзі Шмыта, на гэты раз адносна «мабілізацыйнага накіраваньня супрацоўнікаў». Дэталяў справы няма. Вядома, што гэта накіраваньне ў канкрэтныя вайсковыя часткі на час вайны, для цывільных адмыслоўцаў, неабходных войску. Напрыклад, для IT-спэцыялістаў.

У бліжэйшыя дні было таксама заплянаванае паседжаньне ў Ваяводзкім адміністрацыйным судзе з удзелам Шмыта, сярод іншага справа супрацоўніка паліцыі або іншай службы. У судзе будуць разьбірацца пытаньні аб пераводзе яго на іншую службовую пасаду і пазбаўленьні «контратэрарыстычнай дапамогі». Судзьдзя Шмыт, які ўцёк у Беларусь, — скарбонка ведаў пра жаўнераў і афіцэраў.

«Пытаньне ў тым, якія зьвесткі судзьдзя Шмыт узяў з сабою ў Менск», — гаворыць суразмоўца газэты са спэцслужбаў.

Дакладна можна сказаць, што інфармацыя пра некаторыя справы такога тыпу наагул нідзе не публікуецца. Але вядома, што ў 2022 годзе судзьдзя Томаш Шмыт засядаў у камісіі, якая разглядала скаргу на рашэньне прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага аб адмове ў доступе да сакрэтнай інфармацыі. Шмыт, як піша Wyborcza, мае шмат інфармацыі аб прадстаўніках розных службаў і жаўнераў. Працаваў ён і ў справах, дзе фігурантам выступала спэцслужба ABW.

Найбліжэйшымі 30 днямі польскія спэцслужбы могуць пачаць афіцыйнае сьледзтва ў справе Шмыта за перадачу іншаму боку інфармацыі, што можа нанесьці шкоду Польшчы. За гэта судзьдзя-ўцякач можа атрымаць ад 8 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Доступ да сакрэтных зьвестак

Колішні дырэктар Вайсковага гістарычнага бюро Польшчы Славомір Цэнцкевіч у сваім твітэры зьвярнуў увагу на тое, што праз год пасьля далучэньня Польшчы да NATO, у 2000-м, польскія судзьдзі атрымалі доступ да сакрэтных зьвестак без працэдуры праверкі спэцслужбамі. Ён папрасіў маршалка Сэйму, дэпутатаў і прэзыдэнта Польшчы выправіць становішча і заканадаўча ўвесьці такія праверкі судзьдзяў.

Таксама Цэнцкевіч адзначыў, што справа ня тычыцца аднаго Шмыта, ёсьць і іншыя прыклады. А Шмыт як меркаваны агент беларускіх ці расейскіх спэцслужбаў:

  • меў доступ да інфармацыі, важнай для дзяржаўнай бясьпекі;
  • ведаў перадгісторыю спрэчак паміж спэцслужбамі і афіцэрамі (розных службаў) і службовымі асобамі (розных цэнтральных апаратаў), каму дазволы не былі дадзеныя або былі адкліканыя;
  • гэтая інфармацыя мае неацэннае значэньне для працы замежных службаў у рэгістрацыі і вэрбаваньні.

«У гэтым сэнсе справа Шмыта мае пэўнае падабенства са справай эстонскага агента Службы вонкавай выведкі Расеі Германа Сіма, якога пасьля 2009 году штаб-кватэра NATO прызнала „шпегам, які нанёс найбольшую шкоду ў гісторыі альянсу“, і які ў якасьці дырэктара Дэпартамэнту бясьпекі Міністэрства абароны Эстоніі (2001–2006) адказваў за праверку вайскоўцаў на прадмет доступу да сакрэтнай інфармацыі», — працягнуў польскі адмыслоўца.

Ён мяркуе, што ўжо зараз трэба разабрацца са справамі, якія вёў у Польшчы Шмыт, а таксама прыпыніць дзеяньне дазволаў на доступ, якія гэты судзьдзя выдаваў.

Што гавораць пра матывы ўчынку Шмыта

Знаёмыя Шмыта ў размове з Onet.pl ня вераць, што судзьдзя мог пераехаць у Беларусь добраахвотна, дапускаюць нейкія пагрозы ў бок ягоных блізкіх і шчыльную сувязь уцёкаў судзьдзі з шумнай справай аб нянавісьці ў інтэрнэце пры папярэднім урадзе.

Зьбеглы ў Беларусь польскі судзьдзя быў у групе судзьдзяў, прыхільных тагачаснай кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць», калі ў Польшчы зарганізавалі сетку інтэрнэт-троляў. Яны абвінавачвалі ў розных рэчах судзьдзяў, нязгодных з адміністрацыйнай і судовай рэформай, якую рабіў тагачасны ўрад. Былая жонка Шмыта Эмілія была інфарматаркай, якая дапамагла раскрыць дзейнасьць каманды тагачаснага намесьніка міністра юстыцыі Лукаша Пебяка. Менавіта з судовымі справамі вакол гэтага скандалу некаторыя знаёмыя Шмыта зьвязваюць ягоныя ўцёкі з краіны.

У першыя гадзіны пасьля таго, як Томаш Шмыт у Менску падпісаў заяву аб адстаўцы са сваёй пасады і афіцыйна заявіў, што просіць у Беларусі палітычнага прытулку, на ягоныя дзеяньні зрэагаваў міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі.

«Я ў шоку. У нас ужо быў здраднік; здаецца, што гэта падобны выпадак», — заявіў Радаслаў Сікорскі.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ня ведае падрабязнасьцяў справы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG