Мужчыну завуць Марцін Мікалаек. Сам ён лічыць сябе расейцам і зьяўляецца прыхільнікам «русского мира». У Польшчы Мікалаек неаднаразова ўдзельнічаў у прарасейскіх акцыях.
Выданьні Zerkalo.io і Mostmedia.io сабралі, што на гэты момант вядома пра польскага грамадзяніна.
Што Мікалаек расказаў пра сябе
Марцін Мікалаек прыехаў у Беларусь увечары 8 чэрвеня. Ужо празь дзень на дзяржаўным тэлеканале паказалі поўную вэрсію ягонага інтэрвію, зьнятага ў Менску. Высьветлілася, мужчына свабодна размаўляе па-расейску, толькі зь невялікім акцэнтам.
«Я зьвярнуўся з просьбай аб палітычным прытулку ў Беларусі. У Польшчы на мяне завялі крымінальную справу паводле артыкулу „Публічныя заклікі да вайны“ за падтрымку спэцыяльнай ваеннай апэрацыі, яны ў нас называюць гэта вайной. Я разьмясьціў некалькі публікацый у сацсетках, якія, на іх думку, парушаюць закон Польшчы, у пэрыяд з 24 лютага па 4 сакавіка», — расказаў Марцін.
Паводле яго, штуршком да ад’езду стаў выклік на допыт:
«Я пабаяўся, што яны паспрабуюць зрабіць проста паказальны працэс супраць мяне, каб іншыя баяліся выказваць сваю думку. Да мяне прыехалі на ператрус. Потым я прасіў два месяцы паліцыю і пракурораў даць мне інфармацыю аб справе, але ніхто нічога ня ведаў, не хацеў казаць. І літаральна на мінулым тыдні я нарэшце атрымаў нейкую інфармацыю, у чым мяне абвінавачваюць, якія ў іх доказы», — сказаў Мікалаек.
Пры гэтым зь яго ня бралі нават падпіскі аб нявыезьдзе і мужчына змог без праблем выехаць з Польшчы ў Беларусь на звычайным аўтобусе.
«У Польшчы свабоды слова няма, хутчэй гэта ў Беларусі свабода слова. У Польшчы цяпер немагчыма выказваць той пункт гледжаньня, што я вам кажу», — заявіў Марцін.
Мікалаек кажа, што хоча застацца ў Беларусі, калі атрымаецца: «Атрымаць палітычны прытулак, проста знайсьці працу і жыць спакойна», — апісаў свае мэты паляк.
Паводле афіцыйных СМІ Беларусі, на радзіме паляку нібыта пагражае да 5 гадоў турмы за падтрымку вайны Расеі супраць Украіны.
Хто такі Марцін Мікалаек?
Як пазначана ў сацсетках Марціна Мікалайка, яму 24 гады, жыў ён у польскім горадзе Сьвідніца на паўднёвым захадзе краіны, у Ніжнесілезскім ваяводзтве.
Нягледзячы на польскае імя, сябе пазыцыянуе як расеец. Ён шмат гадоў вядзе свае сацсеткі на расейскай мове, якой валодае як роднай. Мікалаек публікуе праваслаўныя паштоўкі, палякаў ён называе «пшэкамі».
У сацсетках Мікалаек выказвае поўную падтрымку Расеі і нецэнзурна выказваецца ў адрас польскіх уладаў і ўкраінцаў, часам зьвяртае ўвагу і на беларускіх прадстаўнікоў апазыцыі.
Першыя пасты, якія можна знайсьці на ягонай старонцы, былі зробленыя ў ліпені 2020 году — і адразу на расейскай мове, у падтрымку так званай ДНР і з асуджэньнем Украіны. Таксама ў Марціна ёсьць аналягічная старонка ў «Одноклассниках», якую ён вёў у 2015–2017 гадах.
Практычна ўсе ўласныя фатаграфіі мужчыны, якія ён разьмясьціў у VK — гэта здымкі таго, як ён наведвае пахаваньні і мэмарыялы савецкім салдатам у Польшчы.
Пры гэтым Міколаек стаў фігураваць у расейскіх прапагандысцкіх мэдыя задоўга да вайны ва Ўкраіне. Яшчэ ў 2019 годзе Мікалаек трапіў у базу ўкраінскага сайту «Миротворець» з паметкай: «Антыўкраінскі прапагандыст» . У той час Марцін яшчэ быў падпісаны ў сацсетках па-польску.
У лютым 2022 году Мікалаек падтрымаў напад Расеі на Ўкраіну. Акрамя гэтага, за некалькі дзён да вайны ён зьявіўся на мітынг украінскіх і беларускіх актывістаў ва Ўроцлаве, абазваўшы іх «дэбіламі, якія сабраліся ў падтрымку майдаўнаў». У пачатку сакавіка ён абурыўся тым, што на могілках савецкіх салдат у Сьвідніцы хтосьці нанёс знакі, падобныя да сымбаляў «SS», і павязаў жоўта-сінія стужкі.
13 сакавіка расейскія рэсурсы заявілі, што польскія ўлады арыштавалі Мікалайка «за захаваньне гістарычнай памяці і клопат аб загінулых савецкіх ваярах». Гэтым жа днём датуецца апошні ўваход на ягоную старонку ў VK. Пры гэтым у інтэрвію на «Беларусь-1» Марцін ніякага арышту ня згадваў.
Пасьлядоўнік Эміля Чэчкі
«Падобна, у нас ёсьць пераемнік Эміля Чэчкі», — пракамэнтаваў польскі журналіст Тадэвуш Гічан навіну пра «ўцёкі» Мікалайка ў Беларусь.
Летась у сьнежні, падчас міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЭЗ, у Беларусь трапіў польскі дэзэртыр Эміль Чэчка (польскія ўлады заяўлялі, што на радзіме ў яго праблемы з законам і яму пагражаў суд). У Польшчы ў дачыненьні да Чэчкі распачалі крымінальную справу за дэзэртырства. У сувязі з інцыдэнтам звольнілі ягоных камандзіраў.
Беларуская прапаганда актыўна выкарыстоўвала хлопца ў сваіх мэтах: ён даваў інтэрвію, расказваючы пра нібыта масавыя забойствы мігрантаў, валянтэраў польскімі вайскоўцамі, пра тое, што і сам быццам расстрэльваў мігрантаў. Чэчка апавядаў, што падаў заяву ў Гаагскі трыбунал, каб «польскае грамадзтва даведалася праўду аб сытуацыі, якая адбываецца на мяжы». У Офісе Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека правялі праверку і не знайшлі пахаваньняў мігрантаў на польска-беларускай мяжы, пра якія расказваў Чэчка.
У сакавіку 2022 году Эміля Чэчку знайшлі павешаным. Яго пахавалі ў Беларусі.