Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У першым квартале ў Беларусі звольнілі на 3,1% больш працаўнікоў, чым нанялі, — Белстат


Працаўнікі. Ілюстрацыйнае фота
Працаўнікі. Ілюстрацыйнае фота

За студзень — сакавік 2024 году ў Беларусі з розных прычын звольнілі на 3,1% працаўнікоў больш, чым нанялі — 134 492 супраць 130 402, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Сфэру сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі пакінулі 10 962 працаўнікі, прыйшоў у яе 16 871 (звольненых на 3% больш, чым нанятых), апрацоўчай прамысловасьці — 26 219 і 25 960 адпаведна (на 0,1%), будаўніцтва — 9153 і 8869 (на 3,2%), розьнічнага гандлю (акрамя аўтамабіляў і матацыклаў) — 20 837 і 17 991 (на 15,8%), транспарту і лягістыкі — 6874 і 5942 (на 15,7%), інфармацыі і сувязі — 3421 і 3275 (на 4,5%), фінансавай і страхавой дзейнасьці — 1762 і 1751 (на 0,6%), апэрацый зь нерухомасьцю — 865 і 774 (на 11,8%), дзяржкіраваньня — 2188 і 1811 (на 20,8%), аховы здароўя — 8325 і 7348 (на 13,3%), адукацыі — 13 553 і 13 425 (на 0,1%).

Процілеглая сытуацыя назіралася толькі ў горназдабыўной прамысловасьці, дзе прыток кадраў быў на 15,6% большы за адток (прыйшло 614, сышоў 531).

У разрэзе рэгіёнаў сытуацыя выглядае наступным чынам: Берасьцейская вобласьць — звольнена 17 134 чалавекі (прынята на працу — 16 567), Віцебская — 15 301 (14 295), Гомельская — 18 487 (18 778), Горадзенская — 13 599 (12 808), Магілёўская — 13 173 (12 264), Менск — 32 471 (32 941).

У студзені з розных прычынаў звольнілі на 4,9% працаўнікоў больш, чым нанялі: 43 396 супраць 41 383, у студзені — лютым — на 2,3%: 86 191 супраць 84 248.

Акадэмічны дырэктар дасьледчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі, прагназуючы на просьбу «Позірку» сытуацыю на 2024 год, адзначыў, што з прычыны вельмі нізкага беспрацоўя прадпрыемствы вымушаныя браць не кампэтэнтнага работніка, а «таго, каго могуць знайсьці».

«Мы бачым, што рост заробкаў кротна апярэджвае рост эканомікі. І калі яна яшчэ не аднавілася да ўзроўню 2021 году, то заробкі ў рэальным выражэньні вырасьлі да гістарычнага максымуму, — зьвярнуў увагу экспэрт. — Мы бачым, што ў нас задушаная інфляцыя, пра што рапартуе нават Нацбанк, аднак сыстэма стрымліваньня цэнаў не зьяўляецца прыкметай здаровай эканомікі. Колькі яна пратрымаецца, невядома. Калі адмяніць яе зараз, то ўсплёск інфляцыі ня будзе вялікі. Але калі кантраляваць яшчэ пару гадоў, мы рызыкуем убачыць больш сумныя працэсы, падобныя да тых, што былі ў позьнім СССР».

На думку эканаміста, адмаўляцца ад кантролю цэнаў улады найбліжэйшым часам ня будуць.

«А вось калі яны сутыкнуцца з тым, што эканоміка буксуе, не расьце, то пачнуць яшчэ больш яе напампоўваць: друкаваць грошы, раздаваць іх нейкім заводам, каб тыя будавалі свае філіялы, спрабавалі вырабляць новую прадукцыю і г.д. Але з прычыны нізкага беспрацоўя працаваць на новых вытворчасьцях няма каму, і гэта яшчэ больш будзе пераграваць эканоміку, пакуль ня стрэліць», — выказаў меркаваньне Львоўскі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG