Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Работнікі сельгаспрадпрыемства ў TikTok паскардзіліся Лукашэнку на нявыплату заробкаў і ўсплёск АЧС. Што кажуць улады


Скрыншот зь відэазвароту работнікаў ААТ «Ананічы» ў TikTok
Скрыншот зь відэазвароту работнікаў ААТ «Ананічы» ў TikTok

Работнікі прыватнага сельгаспрадпрыемства ААТ «Ананічы» запісалі ў TikTok зварот да Лукашэнкі, у якім паскардзіліся на праблемы з выплатай заробкаў і ўспышку АЧС на прадпрыемстве летась, заўважыла «Люстэрка». Першы намесьнік старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Аляксандар Маеўскі пракамэнтаваў сытуацыю.

26 красавіка ў TikTok зьявіўся яшчэ адзін відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі з прычыны нявыплаты заробкаў. Работнікі сельгаспрадпрыемства «Ананічы» ў Пухавіцкім раёне, якое займаецца разьвядзеньнем сьвіней, паскардзіліся, што на 25 красавіка не атрымалі заробак за сакавік і папрасілі накіраваць на прадпрыемства «камісію для разбору».

«Цяпер у нас працуе сем чалавек. У нас дзеці, крэдыты, камунальныя паслугі таксама не аплачаныя, — кажуць на відэа. — Людзі ў перадпэнсійным узросьце таксама ня ведаюць, што рабіць, звальняцца — дык няма куды ісьці. Нам абяцалі, што комплекс будзе аднаўляцца. Але комплекс ідзе ўніз і ўніз».

Апроч праблемаў з заробкамі, работнікі распавялі на відэа, што на прадпрыемстве летась у жніўні нібыта зафіксавалі ўспышку афрыканскай чумы сьвіней. Дырэктар комплексу Вячаслаў Лазоўскі, па словах работнікаў, сабраў іх і заявіў, што ня можа іх звольніць, бо яны павінны «вымыць усе адрыны для таго, каб зьняць карантын», і абяцаў штомесяц выплочваць заробкі, а пазьней не стрымаў абяцаньня.

Ва ўпраўленьні па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Пухавіцкага райвыканкаму на пытаньне журналіста «Люстэрка» адказалі, што «хвалявацца няма пра што» і што «на сёньня „Ананічы“ не працуюць, людзі ўжо даўным-даўно працуюць на іншых прадпрыемствах». У выканкаме не адказалі на пытаньне, ці была ўспышка АЧС на тэрыторыі раёну.

Пазьней першы намесьнік старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Аляксандар Маеўскі пракамэнтаваў сытуацыю праўладнай газэце «Мінская праўда».

Ён прызнаў праблемы з выплатай заробкаў работнікам, якія засталіся на прадпрыемстве. Паводле чыноўніка, цяпер у «Ананічах» працуюць 32 чалавекі, зь іх трое — у дэкрэтным адпачынку. Запазычанасьць па заробках на сёньня — каля 16 тысяч рублёў, прыкладна 500 рублёў на чалавека. Маеўскі дадаў, што па словах кіраўніка-заснавальніка гаспадаркі, «30 красавіка гэтыя грошы паступяць на карткі людзей».

Паводле Маеўскага, комплекс «зь мінулага году не працуе»: частку спэцыялістаў звольнілі, многія перайшлі працаваць на іншыя прадпрыемствы. Паводле яго, у сьнежні 2023 году ў «Ананічах» працавала каля 90 чалавек, ім прапанавалі працаўладкавацца ў іншыя гаспадаркі, на вэтстанцыю, у ЖКГ і «больш за 50-60 чалавек так і зрабілі», а каля 30 чалавек «адмовіліся сыходзіць».

Чыноўнік заявіў, што сярод тых, хто прысутнічаў на сходзе, была і гераіня відэароліка, які зьявіўся ў TikTok, і ёй у тым ліку прапаноўвалі перайсьці працаваць на новае месца, але яна адмовілася, аргумэнтаваўшы гэта тым, што ўсё жыцьцё на гэтым комплексе, таму нікуды сыходзіць не зьбіраецца.

«Гэта яе справа. Але навошта цяпер казаць, што ў людзей нібыта тупіковая сытуацыя і ім, акрамя „Ананічаў“, больш няма дзе працаваць?» — сказаў Аляксандар Маеўскі і заявіў, што яны «хоць зараз могуць перайсьці цялятніцамі ў „Індустрыя-СМ“, „Энэргія Агра“, і будуць атрымліваць ад 1800 да 2100 рублёў» або пайсьці на іншую працу.

Інфармацыю пра АЧС намесьнік старшыні Пухавіцкага райвыканкаму газэце «Мінская праўда» не пракамэнтаваў.

У адкрытых крыніцах не ўдалося знайсьці інфармацыю пра магчымы выпадак АЧС у Пухавіцкім раёне ў 2023 ці 2024 годзе.

  • 10 лютага ў TikTok завірусілася відэа, на якім работнікі прыватнага рыбакансэрвавага камбіната «Сталічны» скардзіліся Лукашэнку на нявыплату заробкаў на працягу пяці месяцаў.
  • Пасьля публікацыі відэа ў справу ўмяшаліся сталічныя ўлады, яны ж апублікавалі новы ролік. У ім дырэктар прадпрыемства Андрэй Блахін выбачаўся перад людзьмі. Як вынікае са словаў чыноўнікаў, сталічныя ўлады ведалі пра сытуацыю з заробкамі яшчэ летась. 23 лютага стала вядома, што камбінат пачаў выплочваць супрацоўнікам запазычанасьць у заробку за некалькі месяцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG