Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За студзень-люты звальненьні мэдыкаў у Беларусі перавысілі наём на 28%. Недахоп кадраў — больш за 10 тысяч чалавек


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Апошнім часам дзякуючы росту заробкаў у Беларусі ўдалося прытармазіць уцечку кадраў, але гэта ня тычыцца лекараў і мэдсёстраў — яны звальняюцца яшчэ больш актыўна, паведамляе выданьне «Беларусы и рынок».

Паводле зьвестак Белстату, за студзень-люты 2024 году ў сфэры аховы здароўя было звольнена 5,4 тысячы чалавек, пры гэтым звальненьні перавысілі наём новых супрацоўнікаў на 28%. За студзень-люты 2023 году разрыў быў роўны толькі 8% — то бок адток кадраў узмацніўся.

У цэлым цяпер недахоп кадраў у сфэры аховы здароўя перавышае 10 тысяч чалавек. У агульнарэспубліканскай базе вакансій на 20 красавіка:

  • больш за 4,7 тысячы вакансій для лекараў,
  • больш за 4,3 тысячы — мэдсёстраў,
  • больш за 900 — фэльчараў,
  • больш за 400 — памочнікаў лекараў.

Агулам за 2 першыя месяцы 2024 году прадпрыемствы Беларусі звольнілі больш як 86 тысяч работнікаў, а нанялі 84 тысячы новых, то бок на чыстай аснове эканоміка страціла каля 2 тысяч работнікаў. Гэтая лічба менш драматычная, чым год таму — тады за два месяцы чыстыя страты дасягалі 7,6 тысяч чалавек, адзначае выданьне.

З прычыны дэфіцыту кадраў беларускім працадаўцам даводзіцца значна нарошчваць заробкі: за студзень-люты 2024 году яны падскочылі на 13% у рэальным выражэньні да таго ж леташняга пэрыяду, што верагодна дапамагло стрымаць адток кадраў. Аднак што тычыцца сфэры аховы здароўя, рэальны заробак лекарам атрымалася нарасьціць толькі на 8%, мэдсёстрам — на 7,4% — гэта дастаткова нізкія паказчыкі на фоне іншых відаў дзейнасьці.

У 2023 годзе лекарам значна паднялі заробкі — на 20% за год у рэальным выражэньні, але, відаць, магчымасьці далейшага нарошчваньня вычарпаліся. Цяпер сярэдні заробак лекара складае 3 тысячы рублёў.

Заробкі мэдсёстраў у 2023 годзе расьлі павольней, чым у сярэднім па эканоміцы і ў першыя месяцы 2024 году тэмпы толькі зьнізіліся: цяпер сярэдні мэдпэрсанал зарабляе 1,7 тысячы рублёў.

У пачатку красавіка Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт дэфіцыту мэдработнікаў і іх заробкаў: ён заявіў, што мэдыкі «хочуць жыць як на Захадзе, а працаваць як у нас», і прапанаваў ім браць дадатковую нагрузку.

  • У Беларусі ад пачатку прэзыдэнцкай перадвыбарнай кампаніі 2020 году ў крымінальных палітычных справах асудзілі сама меней 35 мэдыкаў.
  • Паводле зьвестак «Вясны», дзясяткі мэдыкаў прайшлі праз затрыманьні, суды і адміністрацыйныя арышты ў «нечалавечых умовах» у беларускіх СІЗА. Шмат каго зь іх затрымлівалі проста на працоўных месцах і судзілі за «дробнае хуліганства», «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», «несанкцыянаванае пікетаваньне» ці за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў незалежных СМІ.
  • У выніку шматлікіх лекараў звальняюць за іх палітычныя перакананьні, а зь некаторымі проста не падаўжаюць кантрактаў. З гэтай прычыны ў Беларусі назіраецца недахоп мэдычных спэцыялістаў.
  • У канцы студзеня 2024 году Лукашэнка зьняў Піневіча з пасады міністра аховы здароўя Беларусі і прызначыў новым міністрам экс-кіраўніка РНПЦ у Навінках Аляксандра Хаджаева. Пры Піневічы сыстэма аховы здароўя пачала функцыянаваць у атмасфэры санкцый Захаду, што прывяло да пэўных праблемаў з пастаўкамі замежных лекаў і мэдыцынскага абсталяваньня.
  • 2 лютага ў Беларусі прынялі закон, згодна зь якім тэрмін адпрацоўкі пасьля ардынатуры для мэдыкаў-бюджэтнікаў павялічылі з 2 да 5 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG