У судзе Барысава і Барысаўскага раёну на 8 траўня заплянавалі новы суд над палітвязьнем Іванам Вярбіцкім, які ўжо адбывае пакараньне ў выглядзе 8 гадоў і 1 месяца ў магілёўскай турме № 4, паведамляе «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, палітвязьню паводле другой часткі 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу пагражае яшчэ 2 гады зьняволеньня.
Гэтым разам судзіць Івана Вярбіцкага будзе судзьдзя Людміла Зінкевіч.
Івана Вярбіцкага затрымалі ў кастрычніку 2020 году і асудзілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «акт тэрарызму», на 8 гадоў і 1 месяц пазбаўленьня волі.
У сьнежні 2022 году, калі палітвязень адбываў пакараньне ў калёніі № 14 у Навасадах, яго першы раз судзілі паводле 411 артыкулу аб злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі папраўчай установы, але вынік суду застаўся праваабаронцам невядомы. Другі суд паводле 411 артыкулу адбыўся над Іванам Вярбіцкім у сакавіку 2023 году. На той момант Івана Вярбіцкага перавялі з калёніі на турэмны рэжым.
Мастаку, дызайнэру, рэжысэру і пісьменьніку Івану Вярбіцкаму 58 гадоў. Да затрыманьня Іван Вярбіцкі жыў у пасёлку Гальшаны Ашмянскага раёну. Праваабаронцы ведаюць, што за час зьняволеньня палітвязьня некалькі разоў зьмяшчалі ў ШЫЗА і ПКТ.
Палітзьняволеная Ксенія Луцкіна ў калёніі зноў перахварэла на пнэўманію
Пра гэта паведамляюць праваабаронцы з спасылкай на інфармацыю былой палітзьняволенай.
Паводле яе, нядаўна ў Ксеніі Луцкіноў, якая хварэе на астму, пачалася моцная алергія на піжаму сукамэрніцы з моцным пахам парфумы. Праз гэта яна пачала моцна кашляць, задыхацца і не магла спаць некалькі сутак. Паведамляецца, што палітзьняволеная захварэла на пнэўманію і яе на некаторы час зьмяшчалі ў санчастку.
- Былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі асудзілі да 8 гадоў калёніі. У зьняволеньні ў яе пачаліся моцныя праблемы са здароўем – у яе расьце пухліна ў галаўным мозгу. Вядома, што яна адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Дома журналістку чакае непаўнагадовы сын.
Форум