Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, Аляксандар Корнышаў пакінуў Беларусь у 2020 годзе. Сьледчыя і міліцыянты прыйшлі ў дом да ягоных бацькоў пасьля ягонага інтэрвію тэлеканалу «Белсат», які беларускія ўлады лічаць «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Аляксандар Корнышаў расказаў БАЖ, што ўжо 25 гадоў не жыве ў бацькоўскай хаце, хоць і прапісаны там. Бацькам Корнышава за 80, бацька перанёс два інсульты. Ператрус праводзіўся ў рамках крымінальнай справы, па якой, як зразумелі бацькі журналіста, ён праходзіць як сьведка.
«Паколькі ніякіх маіх рэчаў там няма ўвогуле, міліцыянты нічога не забіралі, толькі прагледзелі інфармацыю ў кампʼютэры і пляншэце брата, а таксама праверылі тэлефон бацькі. Сфатаграфавалі нашу перапіску ў тэлеграме. Перапісваемся мы ня так часта, прычым не закранаем палітычных тэмаў, у асноўным гаворым на тэмы здароўя. Маім родным сказалі, што крымінальная справа тычыцца майго інтэрвію „Белсату“, маўляў, гэта экстрэмісцкае фармаваньне, а я нібыта спрыяю экстрэмісцкай дзейнасьці», — расказаў ён.
Як піша БАЖ, незадоўга да ператрусу сьледчыя зьвязваліся з братам Аляксандра Корнышава — распытвалі яго пра Аляксандра і працу выданьня.
Аляксандар Корнышаў цяжка хворы, у інтэрвію «Белсату» ён расказваў, што ў яго выявілі нэкроз тазасьцегнавых суставаў і цяпер ён мае патрэбу ў дзьвюх апэрацыях і доўгай рэабілітацыі.
Форум