Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даклад ААН: 282 мільёны людзей у сьвеце галадаюць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Амаль 282 мільёны людзей па ўсім сьвеце сутыкаюцца з вострым недахопам харчаваньня.

Пра гэта гаворыцца ў апошнім сумесным дакладзе «Кластэра харчовай бясьпекі» і ААН. Краінамі з найцяжэйшай сытуацыяй названыя Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Нігерыя, Судан, Афганістан і Емэн.

Сэктар Газа — рэгіён, дзе, паводле дакладу, у 2023 годзе ўсё насельніцтва пакутавала ад вострага харчовага недахопу. Жыхары сутыкаюцца з рэгулярным недаяданьнем ва ўмовах востра абмежаванага выбару прадуктаў, а таксама падвышанай сьмяротнасьцю ад голаду.

Траціна насельніцтва Газы сутыкаецца з абсалютным голадам — поўнай адсутнасьцю доступу да харчаваньня, сьцьвярджаюць аўтары дакумэнту. Даклад зьвязвае сытуацыю з апэрацыяй Ізраілю супраць групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе.

Ізраільскае войска знаходзіцца ў Газе з кастрычніка мінулага году. Тады джыхадысты напалі на поўдзень Ізраілю. Ахвярамі атакі сталі больш за 1200 ізраільцянаў і замежнікаў, каля 250 чалавек былі захопленыя ў закладнікі і вывезеныя ў Газу.

Даклад таксама адзначае паляпшэньне сытуацыі ва Ўкраіне. Там сёлета каля сямі мільёнаў чалавек пакутавалі ад вострага харчовага недахопу, у адрозьненьне ад амаль дзевяці мільёнаў годам раней.

Асноўнай прычынай даклад называе шкоду сельскагаспадарчай сфэры, якую нанёс расейскі напад. Аўтары таксама адзначаюць праблему з ланцужкамі паставак і агульную экалягічную шкоду ад бамбардаваньняў і абстрэлаў, якая ўплывае на ўрадлівасьць зямель.

Кластэр харчовай бясьпекі — сумесны праект ЭЗ, ААН і іншых арганізацый, які некалькі гадоў замярае паказчыкі голаду ў сьвеце. За сем гадоў назіраньняў колькасьць людзей, якія пакутуюць ад вострага недахопу харчаваньня, паводле падлікаў, павялічылася амаль у тры разы — са 100 мільёнаў у 2016 годзе да 282 у 2023-м. Асноўныя прычыны пашырэньня голаду — новыя ваенныя канфлікты, эканамічныя ўзрушэньні і зьмены клімату.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG