Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: голад на поўначы сэктару Газа наступіць у найбліжэйшыя два месяцы


Сэктар Газа, 11 сакавіка 2024
Сэктар Газа, 11 сакавіка 2024

Голад на поўначы сэктару Газа непазьбежны і наступіць у найбліжэйшыя два месяцы, гаворыцца ў дакладзе, які падтрымала ААН.

Згодна з дакумэнтам, колькасьць людзей, якім пагражае «катастрафічны голад», вырасла да 1,1 мільёна, што складае каля паловы насельніцтва сэктару Газа.

«Людзі ў сэктары Газа цяпер паміраюць ад голаду. Хуткасьць, зь якой гэты штучны крызіс голаду распаўсюдзіўся па Газе, жахае», — перадае словы кіраўніцы Сусьветнай харчовай праграмы ААН Сіндзі Макейн інфармацыйнае агенцтва AFP.

Дабрачынная арганізацыя Oxfam у панядзелак абвінаваціла Ізраіль у тым, што ён працягвае «сыстэматычна і наўмысна блякаваць і падрываць» дастаўку дапамогі ў Газу, парушаючы міжнароднае гуманітарнае права.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў сёньня, што Ізраіль правакуе голад у сэктары Газа і выкарыстоўвае голад як зброю вайны. Міністар замежных справаў Ізраілю Ісраэль Кац у адказ заклікаў Бурэля «перастаць нападаць на Ізраіль і прызнаць нашае права на самаабарону ад злачынстваў ХАМАС». Радыкальная палестынская групоўка ХАМАС прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ.

Кац таксама заявіў, што Ізраіль дазволіў дастаўку «гуманітарнай дапамогі ў Газу па сушы, паветры і па моры для ўсіх, хто жадае дапамагчы», але гэтая дастаўка дапамогі была «жорстка парушаная» баевікамі ХАМАС.

Ізраіль адкінуў усе абвінавачаньні, заявіўшы, што ён не нападае на цывільнае насельніцтва і зацікаўлены толькі ў зьнішчэньні ХАМАС.

Прагноз аб надыходзе голаду ў сэктары Газа грунтуецца на ацэнцы Інтэграванай клясыфікацыі фазаў харчовай бясьпекі (IPC). Голад абвяшчаецца, калі 20% хатніх гаспадарак сутыкаюцца з вострым недахопам харчаваньня, кожнае трэцяе дзіця востра недаядае і прынамсі двое з кожных 10 тысяч чалавек паміраюць кожны дзень ад голаду. У Сусьветнай харчовай праграме ААН лічаць, што ключавы крытэр абвяшчэньня голаду — узровень сьмяротнасьці — «будзе дасягнуты ў любы час да канца траўня».

У дакладзе таксама гаворыцца, што голаду можна пазьбегнуць, калі Ізраіль і ХАМАС спыняць баявыя дзеяньні, а гуманітарныя арганізацыі атрымаюць шырэйшы доступ для дастаўкі дапамогі ў сэктар Газа.

  • Ізраіль пачаў наземную апэрацыю ў Газе ў адказ на напад ХАМАС на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка. Тады загінулі больш за 1200 ізраільцян, у тым ліку дзяцей і замежнікаў, былі захопленыя каля двухсот закладнікаў. Некаторыя зь іх пазьней былі забітыя.
  • З пачатку вайны патрэбы жыхароў сэктару Газа ў гуманітарнай дапамозе вырасьлі, а магчымасьці яе дастаўкі звузіліся. Міжнародныя агенцтвы неаднаразова папярэджвалі, што сэктар Газа на мяжы гуманітарнай катастрофы, ёсьць прамая пагроза голаду і эпідэміяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG