Сэнат ЗША 23 красавіка ўхваліў закон, які абавязвае кітайскую кампанію ByteDance прадаць сваю папулярную сацыяльную сетку TikTok, каб пазьбегнуць яе забароны.
Згодна з дакумэнтам, кампанія ByteDance мае 9 месяцаў для продажу плятформы. Ініцыятары абгрунтавалі неабходнасьць такога закону меркаваньнямі бясьпекі і асьцярогамі, што дзякуючы TikTok Кітай атрымлівае доступ да зьвестак амэрыканцаў.
«Цягам многіх гадоў мы дазвалялі Камуністычнай партыі Кітая кантраляваць адну з самых папулярных аплікацый у Амэрыцы, што было небясьпечна недальнабачна. Новы закон патрабуе ад кітайскага ўладальніка прадаць праграму. Гэта добры крок для Амэрыкі», — заявіў кіраўнік рэспубліканцаў у Камітэце ў пытаньнях выведкі, сэнатара Марка Рубіё.
Закон увайшоў у адзін пакет дакумэнтаў, якія прадугледжвалі вайсковую дапамогу Ўкраіне і Ізраілю.
У сваю чаргу TikTok заявіў, што не перадаваў і ня будзе дзяліцца зьвесткамі карыстальнікаў ЗША з урадам Кітая. Плятформа сьцьвярджае, што закон роўны забароне, якая парушае права яе карыстальнікаў на свабоду слова ў ЗША, паведаміў «Голас Амэрыкі».
Кампанія не камэнтавала публічна, але ў мінулыя выхадныя яна паведаміла сваім супрацоўнікам, што неўзабаве зьвернецца ў суд, каб паспрабаваць заблякаваць закон.
«Мы будзем працягваць змагацца, таму што гэты закон зьяўляецца відавочным парушэньнем правоў 170 мільёнаў амэрыканцаў на TikTok, прадугледжаныя Першай папраўкай... Гэта пачатак, а не канец гэтага доўгага працэсу», — гаворыцца ў лісьце, які TikTok накіраваў супрацоўнікам, паведаміла агенцтва Reuters.
Палата прадстаўнікоў 20 красавіка падтрымала ініцыятыву. У сакавіку прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што падтрымае закон, калі яго прыме Кангрэс.
З 2023 году TikTok забаранілі на ўсіх прыладах Палаты прадстаўнікоў ЗША. Таксама ў лютым 2023 году Канада абвясьціла аб забароне TikTok на ўсіх дзяржаўных мабільных прыладах. Аналягічныя рашэньні ўхвалілі ўрады іншых краін.
TikTok вельмі папулярны сярод моладзі, але ёсьць асьцярогі, што Пэкін можа выкарыстоўваць яго для збору зьвестак аб заходніх карыстальніках або для распаўсюду пракітайскіх наратываў і дэзынфармацыі. TikTok належыць кітайскай кампаніі ByteDance.
Форум