Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала «за» прыпыненьне працы TikTok


Дэманстрацыя ў абарону TikTok каля Капітолію, Вашынгтон
Дэманстрацыя ў абарону TikTok каля Капітолію, Вашынгтон

Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала «за» прыпыненьне працы аплікацыі TikTok на тэрыторыі краіны ў выпадку, калі кітайская кампанія ByteDance, якой належыць гэтая сацыяльная сетка, на працягу 6 месяцаў не прадасьць TikTok замежнай, не зьвязанай з Кітаем кампаніі.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Адна з самых папулярных інтэрнэт-аплікацыяў у сьвеце можа хутка зрабіцца недаступнай для карыстальнікаў у ЗША. Амэрыканскія заканадаўцы занепакоеныя, што TikTok і яе матчыная кампанія ByteDance могуць перадаваць канфідэнцыйныя дадзеныя пра карыстальнікаў уладам Кітаю. Таксама ўлады ЗША лічаць, што Кітай можа выкарыстоўваць TikTok для распаўсюджваньня дэзынфармацыі.

«TikTok становіць пагрозу для нашай нацыянальнай бясьпекі, паколькі належыць кампаніі ByteDance, якая падпарадкоўваецца Камуністычнай партыі Кітаю, — сказаў напярэдадні кангрэсовец-рэспубліканец Майк Галахер падчас галасаваньня ў Палаце прадстаўнікоў. — Гэты законапраект змушае TikTok разарваць адносіны з Камуністычнай партыяй. Ён не ўжываецца да амэрыканскіх кампаній. Ён ужываецца толькі да кампаній, якія знаходзяцца пад кантролем замежных праціўнікаў, вызначаных Кангрэсам».

Зрэшты, ня ўсе парлямэнтары выступаюць за ўвядзеньне забароны. Некаторыя лічаць, што гэта будзе парушэньнем правоў амэрыканскіх грамадзян.

«Любая забарона TikTok — гэта ня проста забарона свабоды выказваньня меркаваньняў, — заявіў кангрэсовец-дэмакрат Робэрт Гарсія. — Вы наносіце вялікую шкоду нашай нацыянальнай эканоміцы. У нас ёсьць уладальнікі малога бізнэсу з усёй краіны, якія выкарыстоўваюць TikTok для прасоўваньня нашай эканомікі наперад. Да ўсіх сацыяльных сетак варта ставіцца аднолькава, і вылучаць TikTok небясьпечна і, безумоўна, гэта супярэчыць свабодзе выказваньня меркаваньняў».

Кітайскія ўлады ўжо адрэагавалі. Прадстаўнік міністэрства гандлю КНР Хэ Ядун заявіў, што ЗША павінны спыніць «неабгрунтаваны ціск на замежныя кампаніі».

Кіраўнік TikTok Шоў Чу ў сваім відэазвароце да карыстальнікаў плятформы заявіў, што на працягу некалькіх гадоў кампанія ўкладала сродкі «ў бясьпеку дадзеных і абарону ўсёй плятформы ад зьнешніх маніпуляцый».

«Мы працягнем рабіць усё магчымае, у тым ліку рэалізоўваць нашыя законныя правы, для абароны гэтай выдатнай плятформы, якую мы стварылі разам з вамі, — кажа Шоў Чу ў сваім відэазвароце. — Мы верым, што зможам пераадолець гэта разам. Я заклікаю вас працягваць дзяліцца сваімі гісторыямі. Дзяліцеся імі са сваімі сябрамі. Дзяліцеся імі з вашай сям’ёй. Дзяліцеся імі з вашымі сэнатарамі. Абараняйце свае канстытуцыйныя правы».

Пакуль дакладны мэханізм магчымай забароны аплікацыі незразумелы. Незразумела, ці будуць штрафаваць за выкарыстаньне TikTok з дапамогай VPN-сэрвісаў. На думку амэрыканскіх экспэртаў у сфэры кібэрбясьпекі, блякаваньне TikTok ня вырашыць галоўнага пытаньня — не забясьпечыць абарону дадзеных інтэрнэт-карыстальнікаў на заканадаўчым узроўні.

Сэрвісам TikTok карыстаюцца 170 мільёнаў амэрыканцаў. Для многіх, як напрыклад для тыктокеркі з Тэхасу Шыры, гэтая сацыяльная сетка — адна з крыніцаў даходу. Дзяўчына зарэгістравалася на плятформе ў 2021 годзе, і хутка яе ролікі пачалі зьбіраць мільёны праглядаў.

«Я ператварыла TikTok у сваю карʼеру, я зарабляю там грошы, — расказвае Шыра. — Я лічу, што ўлады пераходзяць рысу, спрабуючы забараніць TikTok. У выпадку забароны я страчу немалую частку даходу! Мусіць, палову. Гэта мая самая буйная плятформа. Гэта будзе жудасна, бо я патраціла столькі часу і сіл на разьвіцьцё свайго TikTok».

Як піша Forbes, цяпер спампоўваць TikTok і карыстацца ім на дзяржаўных прыладах ужо забаронена ў 39 штатах. Прэзыдэнт Байдэн, у якога, дарэчы, таксама ёсьць TikTok-акаўнт, заявіў, што гатовы падпісаць законапраект у выпадку яго ўхваленьня ў Кангрэсе.

У Беларусі летась TikTok быў самай папулярнай сацыяльнай сеткай, абагнаўшы Instagram і «ЎКантакце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG