Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Польшчы: Замах на паплечніка Навальнага замовіў беларус


Леанід Волкаў
Леанід Волкаў

Замах на расейскага апазыцыянэра Леаніда Волкава ў Вільні замовіў беларус. Пра гэта сёньня ў сацыяльных сетках напісаў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

«Два дні таму затрыманы паляк, які дзейнічаў у супрацоўніцтве з расейскімі службамі — меркаваны ўдзельнік замаху на жыцьцё прэзыдэнта Зяленскага. Затрыманы беларус, які працаваў на расейцаў і замовіў двум палякам забойства паплечніка Навальнага. Удзельнікі замаху таксама ўжо знаходзяцца пад вартай. Іх зьвязваюць з фанацкімі ультрас-коламі», — напісаў сёньня ў сацыяльных сетках прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск.

У пятніцу ў Польшчы затрымалі двух падазраваных у нападзе на расейскага апазыцыянэра Леаніда Волкава, паведаміла Цэнтральнае сьледчае бюро. На Волкава, блізкага паплечніка нябожчыка Аляксея Навальнага, напад быў учынены ў Вільні 12 сакавіка.

Нападнікі выбілі шыбу ў машыне Волкава, пырснулі яму ў вочы сьлезацечны газ і білі яго малатком. Яны зламалі Волкаву руку.

У чацьвер Нацыянальная пракуратура Польшчы паведаміла пра затрыманьне чалавека, які падазраецца ў падрыхтоўцы дзеяньняў на карысьць спэцслужбаў РФ. Грамадзяніну Польшчы Паўлу К. прадʼяўленае абвінавачаньне.

«У ягоныя задачы ўваходзіў збор і перадача вайсковай выведцы Расейскай Фэдэрацыі інфармацыі пра бясьпеку аэрапорту Жэшаў-Ясёнка. Гэта павінна было, сярод іншага, дапамагчы расейскім спэцслужбам сплянаваць магчымы замах на кіраўніка замежнай дзяржавы — прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага», — гаварылася ў паведамленьні пракуратуры.

Кіраўнік польскага ўраду Туск у сацыяльных сетках сёньня адзначыў наконт гэтых выпадкаў: «Ніякай паблажлівасьці да памагатых расейскіх службаў ня будзе. Любую здраду і спробу дэстабілізацыі выпалім жалезам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG