Колішні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што для ЗША важнае выжываньне Ўкраіны, і папракнуў эўрапейскіх хаўрусьнікаў у недастатковай падтрымцы Кіева.
«Чаму Эўропа ня можа выдзеліць тыя ж або супастаўныя грошы, якія ўкладваюць Злучаныя Штаты Амэрыкі, каб дапамагчы краіне, якая ў гэтым адчайна мае патрэбу? Як усе пагаджаюцца, выжываньне і моц Украіны павінны быць нашмат важнейшыя для Эўропы, чым для нас, але гэта важна і для нас. Варушыся, Эўропа!» — напісаў Дональд Трамп 18 красавіка ў сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.
Заява Трампа прагучала празь дзень пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам у сваім нью-ёрскім офісе ў Trump Tower. Экс-прэзыдэнт ЗША і польскі лідэр абмеркавалі прапанову Дуды, каб сябры NATO выдзялялі на абарону ня менш за 3% свайго ВУП замест 2%, як патрабуюць цяперашнія правілы.
У сваёй публікацыі Трамп упершыню загаварыў пра неабходнасьць павелічэньня падтрымкі Ўкраіны, хоць і не падтрымаў законапраекту аб выдзяленьні 61 мільярда даляраў, за які неўзабаве павінны прагаласаваць у Палаце прадстаўнікоў.
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан заявіў, што Кангрэс разгледзіць пакет дапамогі Украіне 20 красавіка, нягледзячы на пярэчаньні з боку арыентаванага на Трампа правага крыла Рэспубліканскай партыі.
Дональд Трамп зьяўляецца найбольш імаверным кандыдатам на вылучэньне на прэзыдэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі на выбарах, прызначаных на лістапад 2024 году.